Патэфон – старадаўні музычны апарат з раструбам для ўзмацнення гуку наверх і ручкай для заводу пружыннага механізму на баку.
Пік папулярнасці патэфонаў у нашай краіне прыйшоўся на 30- 50 гады XX-га стагоддзя. Іх слухалі ў цесным сямейным крузе, сабраўшыся вялікай кампаніяй, пад музыку, што лілася з гэтых апаратаў, танцавалі на танцпляцоўках, у парках і дварах, паставіўшы патэфон на падваконнік. Музыка з патэфона гучала з лёгкай, чуць улоўнай хрыпатасцю, але даволі моцна – гучнасць у патэфонах не рэгулявалася.
Патэфон, як і грамафон, не гучыць без пласцінак. У той час пласцінкі вельмі бераглі: куплялі, старанна ўпакоўвалі, калекцыяніравалі і нават абменьвалі на прадукты харчавання.
У нашы дні і грамафон і патэфон – музейныя экспанаты. На змену ім прыйшлі іншыя, сучасныя, аднак, сутнасць іх засталася: музыка як і раней суправаджае чалавека ў будні і святы. Некалі яна ўвайшла ў нашы дамы з дапамогай грамафонаў, ды так там і засталася. Эпоха патэфона прайшла, але людская памяць захавала пра яго толькі цёплыя і светлыя ўспаміны.
Патэфон можна ўбачыць у Валожынскім краязнаўчым музеі на выставе: «Крутнём-ка старый патефон!» Экспанат выпушчаны на дзяржзаводзе міністэрства сельгасмашынабудавання СССР у г. Молатаве (цяпер – г. Пермь) ў 1952 годзе. Побач з музыкальным апаратам знаходзяцца грамафонныя і патэфонныя пласцінкі, гучанне якіх можа ажывіць стары патэфон. Запрашаем жыхароў горада і раёна наведаць нашу выставу, якая ўваходзіць у цыкл выстаў: «Па слядах аднаго экспаната»


