5 сакавіка 2021 года на плошчы горада Валожына, напярэдадні масленічнага тыдня, адбылося святочнае гулянне “Масленіца гуляла – вясну сустракала”. Зранку гучала народная вясёлая музыка, радыёгазета з запрашэннем на свята, была арганізавана выстава работ майстроў і ўдзельнікаў гурткоў па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву сельскіх клубных устаноў культуры.
На імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы разгарнулася дзея вітання Масленіцы, своеасаблівага сімвалу вясны, штогодняя вясёлае свята з блінамі, гарбатаю ды карагодамі, гульнямі, забавамі і песнямі.
Над сцэнай сваволіў вецер, але гэта акалічнасць не адбівала імпэту ў выканаўцаў – мастацкіх калектываў Сакаўшчынскага, Багданаўскага, Дубінскога і Падбярэзскага сельскіх цэнтраў культуры, Вішнеўскага і Дорскага сельскіх дамоў культуры, Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра, Ракаўскага цэнтра народнай творчасці і артыстаў дзіцячых школ мастацваў раёна. Амаль чатыры гадзіны самадзейныя артысты стваралі добры настрой жыхарам і гасцям горада і раёна.


