А з чаго пачынаецца памяць пра вайну, пра гераізм, пра Перамогу?
Напэўна, ніхто не зможа адказаць дакладна. Для аднаго памяць пачынаецца з расповедаў на уроках гісторыі, для другога са старых фотаздымкаў, для кагосці з цікавых кінафільмаў і кніг…
А для тых хто наведаў інтэрактыўную пляцоўку “Літаратурны прывал”, падрыхтаваную ўдзельнікамі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага цэнтра культуры, памяць пра вайну пачынаецца з вершаў…
У гэты святочны дзень яны гучалі з вуснаў масцітых творцаў і пачынаючых паэтаў. Свае вершы чыталі член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун, паэты-аматары Надзея Агіевіч, Наталля Сельвесюк, Аляксей Герман і Ігар Шарко, а таксама пераможцы раённага конкурсу “Маладыя галасы” Максім Адамейка і Мікіта Стасяловіч. Эстафету падхапілі ўдзельнікі гуртка “Летуценнік” Павел Жылевіч, Валерыя Стасяловіч, Рыгор Грынкевіч і Кіра Стасяловіч.
Прачытаць вершы, якія яны ведаюць, пра вайну і Перамогу пажадалі наведвальнікі пляцоўкі Ілья Рубацкі, Сабіна Урбановіч, Вікторыя Кудрыцкая, Дамініка Ракавец, Яна Кушнір.
Не лішнім будзе адзначыць, што кожны твор быў прачытаны яскрава і шчыра. І аўтары, і чытальнікі ўклалі часцінку сваёй душы ў выкананне вершаў, за што атрымалі заслужаныя апладысменты ўдзячных гледачоў і невялікія сувеніры ад арганізатараў.


