Address:

222357, Minsk, Svobody square, 2

Reception phone number:

+375 (1772) 5-55-72

Operating mode:

from 8.00 to 13.00 and from 14.00 to 17.00 on weekdays

hotline: +375 (1772) 5-55-72

Дзе запальваюць новыя зоркі?

03.06.2022

Каб адказаць на гэта пытанне, дастаткова было наведаць справаздачны канцэрт дзіцячых калектываў раённага цэнтра культуры, які прайшоў нядаўна ў райцэнтры.

У канцэртнай праграме “На крылах таленту” прадстаўлена цэлае сузор’е  талентаў у самых розных жанрах – ад вакалу і дэкламавання вершаў да тэатральных пастановак.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў фае цэнтра культуры разгарнулася выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Карціны ўдзельнікаў гуртка “Візуальнае мастацтва” ўтварылі сапраўдны вернісаж. Проста зачароўвалі работы юных мастакоў у розных тэхніках і з самых нечаканых прыродных і падручных матэрыялаў. Фантазія, памножаная на навыкі, – вынік намаганняў удзельнікаў гурткоў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Майстэрня цудаў” і “Умелыя ручкі”.

Фестывальную праграму “На крылах таленту” адкрылі ўдзельнікі ўзорнай студыі эстраднай песні “Праменьчыкі”, якой кіруе Анастасія Дзятко. Гучалі музычныя кампазіцыі на беларускай, рускай, англійскай мовах.

Шчыра парадавалі выхаванцы эстраднай студыі “Вясёлыя ноткі”. Нягледзячы на зусім яшчэ юны ўзрост, яны сваімі песнямі “заводзілі” гледачоў не горш, чым знакамітыя зоркі. Па прадстаўленых канцэртных нумарах адчувалася вялікая праца кіраўніка аб’яднання Таццяны Лужынскай, яе педагагічны талент і вакальнае майстэрства. Салісты  самых розных узростаў – ад малышоў да падлеткаў – дарылі свае любімыя песні.

Не абышлі ўвагай удзельнікі канцэрта і літаратурнай спадчыны Валожыншчыны. Наведвальнікі гуртка літаратурнага мастацтва “Летуценнік” артыстычна, натхнёна і эмацыянальна чыталі творы паэтаў-землякоў  і вершы ўласнага сачынення.

Карагод эмоцый і пачуццяў гледачоў выклікалі тэатральныя замалёўкі ўдзельнікаў гуртка “ART WAY”, якім кіруе Вераніка Ляшкевіч. Кожны канцэртны нумар запомніўся сваёй іскрынкай, крэатывам, жаданнем данесці штосьці вельмі важнае да гледача.

Амаль паўтары гадзіны на сцэну выходзілі лепшыя з лепшых – тыя, хто на працягу года песнямі і вершамі  аздабляў раённыя канцэрты і мерапрыемствы, прымаў удзел у разнастайных конкурсах, адстойваў гонар раёна за яго межамі. І за ўклад у культурнае жыццё горада і раёна юныя артысты  атрымалі  заслужаныя ўзнагароды – ганаровыя дыпломы. Дзякуючы карпатлівай рабоце дарослых, на раённай сцэне запаліліся яркія агеньчыкі творчасці дзяцей. Спадзяёмся, у гэтым сузор’і талентаў абавязкова былі будучыя зоркі!

Наш кар.

Задайте вопрос