Address:

222357, Minsk, Svobody square, 2

Reception phone number:

+375 (1772) 5-55-72

Operating mode:

from 8.00 to 13.00 and from 14.00 to 17.00 on weekdays

hotline: +375 (1772) 5-55-72

Чатыры дыпломы пераможцаў прывёз калектыў харавікоў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў

12.04.2024

Чатыры дыпломы пераможцаў – такі вынік удзелу вучняў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў у II Міжнародным конкурсе вакальна-харавога мастацтва імя Ігара Лучанка, які прайшоў у Магілёве напрыканцы сакавіка. Конкурс сабраў больш за 2 тысячы выканаўцаў і калектываў з Беларусі і Расіі, якія выступалі сольна, у складзе ансамбляў і харавых калектываў у эстрадным, акадэмічным і народным вакале. Ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы: вядучыя дзеячы сферы культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, заслужаныя артысты, выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны. Так, дыплом I ступені ў намінацыі “Акадэмічны вакал, сола” ў 2-й узроставай катэгорыі (7-9 гадоў) атрымала Аліна Каўрыга, якая выступала з песняй “Кукарэку, пеўнік”. Софія Марына ўдастоілася дыплома II ступені, Аляксандр Кашэўскі – III ступені. Такі ж вынік дуэта ў складзе Сабіны Драневіч і Аляксандра Кашэўскага. На рахунку А. Каўрыгі і С. Марынай – і дыпломы лаўрэатаў II і III ступеняў у IV Міжнародным вакальна-харавым конкурсе “VoicеFest”, які праходзіў у лютым-сакавіку бягучага года ў Маскве і быў прымеркаваны да 225-годдзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна.

5-1.jpg

6-1_copy.jpg

img-f663e4b9d89bf5e439fef676fe20bcb1-v-kopiya.jpg

эта толькі сёлетнія вынікі вялікай і вельмі карпатлівай работы ракаўскіх харавікоў. А ўвогуле ў дзіцячай школе мастацтваў чатыры дзіцячыя харавыя калектывы. Хор хлопчыкаў “Fortis” (каля 30 чалавек) пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны Русецкай; хор “Жаваранкі” (13 чалавек), з якім займаецца Наталля Мікалаеўна Гурына; хорамі “Іслачанка” (малодшы склад: 19 чалавек, 6-10 гадоў, і сярэдне-старэйшы склад: 17 чалавек, 10-14 гадоў) кіруе Юлія Аляксандраўна Краўчык. Хочацца адзначыць, што зводны хор Ракаўскай ДШМ стаў пастаянным удзельнікам раённых урачыстасцей – без выступлення юных талентаў не абыходзіцца ні адно вялікае мерапрыемства. І ўспрымаюць іх гледачы на ўра. Не толькі таму, што гэта такое далёкае-блізкае і светлае-шчымлівае з савецкай эпохі. А ў першую чаргу – зачароўваючы жывы гук некалькіх дзясяткаў выканаўцаў. І спяваюць дзеці непадробна, чыста, пранікнёна, на некалькі галасоў.

2c53bf3049f4b160197ac8dd9f8d8c25-kopiya.jpg

Загадчык вакальна-харавога аддзялення Ю. А. Краўчык адзначыла, што харавыя спевы – вельмі распаўсюджаная з’ява ў дзіцячых школах мастацтваў.

Калектыўнае музіцыраванне павінна быць на ўсіх аддзяленнях. А вось на харавым аддзяленні хор – адзін з асноўных прадметаў. У вучняў ёсць пастаноўка голасу, фартэпіяна, але хор – гэта іх спецыяльнасць, гэта галоўнае, – тлумачыць Юлія Аляксандраўна. – Малодшаму складу хору вельмі цікава спяваць разам. Напрыклад, з аднаго класа Ракаўскай сярэдняй школы ў музычную адразу ходзяць сем чалавек. Яны разам ідуць, займаюцца, сябруюць. Такая калектыўная творчасць аб’ядноўвае.

Дзеці з хораў не проста спяваюць, яны развіваюць свой патэнцыял, пашыраюць рэпертуар, сцэнічны вопыт.

Мы прымаем удзел у канцэртах, ездзім на конкурсы. Напрыклад, летась малодшы і старэйшы склад “Іслачанкі” выступаў на вялікай сцэне ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску. Быў такі канцэрт “Нас яднае хор”. А вось зараз збіраемся з малодшым складам і 17 красавіка паедзем у Астравец на вакальна-харавы конкурс “Вакальная капель”: і салістаў павязём, і хор.

Дзеці прыходзяць у хор маленькімі – у 6-8 гадоў: у такім узросце, у прынцыпе, усе любяць спяваць. Для іх яшчэ не вельмі важна: ён саліст ці спявае ў хоры. А пасля паступова растуць і прывыкаюць да гэтай атмасферы. І для іх хор – святое: ён становіцца без перабольшвання другой сям’ёй.

Каб удзельнічаць у конкурсе, адзін твор даводзіцца вывучаць, дапрацоўваць, шліфаваць на працягу некалькіх месяцаў. Напрыклад, “Мураўіны ліхтаршчык”, з якім паедзем у Астравец, пачалі рыхтаваць з пачатку новага навучальнага года. Твор двухгалосы: для малодшага складу “Іслачанкі” гэта зусім няпроста – яго неабходна “ўпець”, каб дзеці адчувалі два галасы. Напачатку вывучаем адну партыю, пасля дабаўляем другую. Пры гэтым адначасова рыхтуем іншыя канцэртныя нумары.

img_20240216_130705-kopiya.jpg

Мне як дырыжору неабходна ўтрымаць увагу дзяцей. Гэта досыць карпатлівая работа і каласальная нагрузка. А калі атрымліваеш вынік, разумееш, што ўсё недарэмна, калі чуеш, што гэта гучыць, калі прыходзяць бацькі і кажуць, як гэта было прыгожа, то толькі далей і наперад. Сядзіш, выбіраеш праграму: каб і дзецям падабалася, каб і можна было паказаць, і па складанасці каб было на годным узроўні. Вось тады з’яўляецца азарт.

Па словах Юліі Аляксандраўны, у сучасным свеце харавыя спевы набылі другое дыханне. Цяпер хораў на самай справе вельмі шмат. Апошнія пяць гадоў ідзе масавае адраджэнне, – кажа педагог. – У нас у Беларусі самы вядомы конкурс, які збірае вялікую колькасць удзельнікаў, – “Вясновы спеў”, што праходзіць у Мінску.

img_20240405_000835_610-kopiya.jpg

Харавыя спевы спрадвеку моцна ўздзейнічалі на чалавека, як і музыка ў цэлым. Харавое выкананне мела і мае такую папулярнасць менавіта з-за незвычайнай энергетыкі і прыгажосці, ад якой бясконца атрымліваеш асалоду.

Источник: https://valozhin.by/12042024/chatyry-dyplomy-peramozhcza%d1%9e-pryvyoz-kalekty%d1%9e-haraviko%d1%9e-raka%d1%9eskaj-dziczyachaj-shkoly-mastacztva%d1%9e/

Задайте вопрос