Address:

222357, Minsk, Svobody square, 2

Reception phone number:

+375 (1772) 5-55-72

Operating mode:

from 8.00 to 13.00 and from 14.00 to 17.00 on weekdays

hotline: +375 (1772) 5-55-72

Вершы пра вайну, Радзіму і першае каханне. У Валожыне ўзнагародзілі маладых паэтаў

29.04.2024

У Валожыне адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага конкурсу маладых паэтаў і пісьменнікаў «Маладыя галасы-2024». Зала Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў напоўнілася яго ўдзельнікамі — школьнікамі рознага ўзросту навучальных устаноў раёна, а таксама іх настаўнікамі і роднымі, што прыйшлі падтрымаць юных паэтаў.

У гэтым годзе на конкурс было даслана амаль 50 вершаў ад больш чым трыццаці ўдзельнікаў. Арганізатарам выступіў народны калектыў літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь» пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожнскага райвыканкама.

2-4_copy.jpg

Як паведаміла паэтка, кіраўнік калектыву Наталля Жылевіч, конкурс існуе ўжо больш за трыццаць гадоў. Яна павіншавала школьнікаў і падзякавала ім за ўдзел:

— Выбраць пераможцаў было вельмі цяжка, таму што ўзровень конкурсных твораў сапраўды высокі. І я неймаверна ўсцешана гэтым. Спадзяюся, што вы і надалей будзеце пісаць, таму што паэтычныя традыцыі Валожыншчыны павінны працягвацца. Хочацца, каб гэта сувязь з творчасцю праходзіла праз усё ваша жыццё.

3-3.jpg

4-4_copy.jpg

Удзельніца аб»яднання «Рунь», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка Марыя Шакун, звяртаючыся да адораных маладых людзей, адзначыла:

— Вельмі радасна, што вы наогул пішаце, выказваеце свае думкі ў вершаванай форме. Прыемна, што наша паэтычная суполка папаўняецца, і на змену нам — старэйшаму пакаленню — прыходзяць маладыя галасы. Таксама цудоўна, што ў школах праводзіцца такая работа. Думаю, тут не абышлося без падтрымкі настаўнікаў і вашых бацькоў.

Юныя пераможцы конкурсу паднімаліся на сцэну, дзе атрымлівалі дыпломы ад вопытных паэтаў і ўдзельнікаў калектыву і падарункі ад спонсараў.

5-3_copy.jpg

6-3.jpg

Разнапланавасць тэм, што былі адлюстраваны ў вершах школьнікаў, дазволіла правесці ўзнагароджанне ў некалькіх намінацыях: «Шляхамі вызвалення», «Ганаруся, што я з Беларусі», «Шчасця няма без кахання…», «Мы жартуем, мы смяёмся» і «Уецца думак карагод…».

8-3.jpg

Цікава, што пры выбары пераможцаў журы не ведала імёны і пол аўтараў, а толькі іх узрост. Гэта дазваляла ацэньваць творы больш абъектыўна і свабодна.

— Падчас чытання вершаў я шукала вобраз. Рыфма, рытм — гэта ўсё да вас яшчэ прыйдзе. Але вось калі вы маглі вызначыць вобраз, асабістае бачанне — гэта мяне вельмі радавала. Напрыклад, у адным з вершаў мне запомніўся вобраз «лета сплятае вяночкі». Вельмі паэтычна, — падкрэсліла паэтка Лідзія Гардынец.

9.jpg

Пераможцаў таксама віншавалі паэткі Марыя Мучынская, Наталля Жызнеўская, Галіна Гражынская, Надзея Агіевіч, Аксана Мітрошчанкава. Кожная з іх сказала некалькі натхняючых словаў для ўдзельнікаў конкурсу і прачытала аўтарскія вершы.

10.jpg

11_copy.jpg

Канешне, свае конкурсныя творы са сцэны прачыталі і юныя паэты, якія занялі першыя месцы ў розных намінацыях.

Акрамя перамогі ў намінацыях, за актыўны ўдзел у конкурсе асабіста былі адзначаны Аксана Качынская, Ксенія Родзевіч і Марыя Голуб.

Мерапрыемства пакінула пасля сябе вельмі цёплыя пачуцці. Прыемна ведаць, што на Валожыншчыне ёсць свае, мабыць, пакуль яшчэ не зусім моцныя, але таленавітыя маладыя галасы.

Источник: https://valozhin.by/29042024/vershy-pra-vajnu-radzimu-i-pershae-kahanne-u-valozhyne-%d1%9eznagarodzili-maladyh-paeta%d1%9e/

Задайте вопрос