Address:

222357, Minsk, Svobody square, 2

Reception phone number:

+375 (1772) 5-55-72

Operating mode:

from 8.00 to 13.00 and from 14.00 to 17.00 on weekdays

hotline: +375 (1772) 5-55-72

Начальнік чыгуначнай станцыі «Валожын» Аляксандр Скапец: «У нас усё робіцца выключна на якасці!»

05.08.2024

4 жніўня – дзень чыгуначніка

Менавіта так кажа пра сваю штодзённую працу, якой аддаў амаль тры дзясяткі гадоў, начальнік чыгуначнай станцыі “Валожын” Аляксандр Скапец.

– Аляксандр Вікенцьевіч, пачнём з асноўнага: з якім настроем калектыў чыгуначнай станцыі сустракае сваё прафесійнае свята?

– Калектыў невялікі – дзевяць чалавек. А настрой у нас заўсёды станоўчы – па-іншаму і не можа быць: кожны работнік разумее ўсю адказнасць, якую ўносіць у развіццё чыгуначнага транспарту і ў цэлым у эканамічнае развіццё нашай дзяржавы.

– І Год якасці, аб’яўлены ў нашай краіне сёлета, як мага лепш пацвярджае вашу работу.

– Думаю, што нікога не здзіўлю: лічу, што на сёння Беларуская чыгунка – лідар нацыянальнай сістэмы перавозак і з’яўляецца адным з важнейшых транспартных перавозчыкаў краіны. Асноўны спектр чыгуначнага транспарту накіраваны на задавальненне патрэб у перавозцы грузаў, пасажыраў і багажу. А ў нашай сферы паслуг усё трымаецца выключна на якасці!

– Ці павялічылася колькасць перавозак – ёсць такі параўнальны аналіз?

– У параўнанні з першым паўгоддзем 2023 года сёлета за шэсць месяцаў пагрузка грузаў складае 145 працэнтаў. Павялічылі паказчык за кошт пагрузкі зерня з Валожынскага вытворчага ўчастка Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў. Выгрузка за гэты перыяд у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўвогуле складае 235 працэнтаў. Канешне, асноўны кліент па выгрузцы грузаў – ДРБУ № 167. Мы з імі працуем вельмі цесна: штогод яны атрымліваюць грузы, а сёлета ў сувязі з абласнымі “Дажынкамі” работы значна прыбавілася і ў іх, і ў нас.

– Здавалася б, якім чынам чыгунка мае дачыненне да дарожнікаў. А атрымліваецца – самае прамое, бо, разумею, асноўныя складальнікі для вырабу дарожнага пакрыцця дастаўляюцца менавіта чыгункай.

– Так, тыя шчэбень, адсеў, мазут – усё праходзіць праз станцыю “Валожын”.

– Таму, можна сказаць, няхай і ўскосна, вы таксама прымаеце ўдзел у падрыхтоўцы Валожына да знакавай падзеі.

– Пагаджуся.

– Што яшчэ перавозіцца чыгункай?

– Усё ў залежнасці ад сезона. З надыходам восені актыўна пачынаецца адгрузка цукровых буракоў. Штогод Валожынскі буракапрыёмны пункт адпраўляе на станцыю “Гарадзея” на Гарадзейскі цукровы камбінат салодкія караняплоды. Гэта работа пачынаецца ў верасні і доўжыцца да снежня. Са снежня і да вясны займаемся адгрузкай зерня. А з дарожнікамі ўвогуле працуем круглы год, бо зімой яны атрымліваюць галіт – спецыяльную соль, якой апрацоўваюць дарогі. Калі гаварыць пра пасажырапаток, то ён застаўся на ўзроўні мінулага года.

– Улічваючы тое, што цэны на білеты досыць прымальныя.

– Чыгунка – самы бяспечны і самы танны від транспарту. Павялічылася колькасць тых, хто прыязджае на веласіпедзе, каб перасесці на цягнік і даехаць да месца работы. А ўласны транспарт пакідае ў нас на стаянцы – бывае, што і не на адзін дзень. Я такога больш нідзе не бачыў: у нас зроблена крытая велапаркоўка – яна аднатыповая па ўсёй чыгунцы. Тыя, хто бываюць на нашай станцыі, заўважаюць, што ў нас вельмі многа веласіпедаў – кажуць, як ні на адной са станцый. Абсталяваны тры велапаркоўкі і іх ужо не хапае – плануем да 1 верасня ўстанавіць яшчэ. Вось сёння, напрыклад, каля 25 адзінак стаіць: не толькі веласіпедаў, але і скутары, самакаты.

– Самае важнае не адзначылі: паркоўка бясплатная і пад надзейнай аховай! Людзі ведаюць, што іх маёмасць будзе чакаць свайго гаспадара.

– У нас на велапаркоўку выведзена камера відэаназірання. Але і людзі самі адказна ставяцца да свайго двухколавага памочніка – ёсць магчымасць закрыць транспарт на трос. Таму выпадкаў крадзяжу няма.

– Ведаю, што калектыў на станцыі “Валожын” згуртаваны. Цякучасці кадраў няма?

– Сам працую досыць даўно і магу з поўнай упэўненасцю сказаць, што выпадковых людзей на чыгунцы не бывае. Работнікі, што звязваюць свой лёс з чыгункай, у большасці застаюцца аддадзеныя ёй да выхаду на заслужаны адпачынак. У нас калектыў практычна не мяняецца – адзінае, што дзяжурныя па станцыі выходзілі ў дэкрэтны адпачынак, але пасля ізноў вярталіся да нас.

– На Ваш погляд, які стымул працаваць і затрымлівацца на рабочым месцы?

– Гэта і стабільнасць, і ўважлівыя адносіны кіраўніцтва Беларускай чыгункі да сваіх работнікаў, і пачуццё калектывізму. Немалаважны фактар – матэрыяльнае забеспячэнне – па мерках нават нашага раёна заработная плата ў нас харошая. Пры добрасумленных адносінах да справы людзей цэняць, паважаюць, адзначаюць. Ды і ўвогуле сама чыгунка – гэта своеасаблівы лад жыцця.

– Пацвярджэннем чаму і Ваш асабісты прыклад, калі Вас сёлета вылучылі дэлегатам 7-га Усебеларускага народнага сходу.

– Кожныя суткі праз станцыю “Валожын” ходзіць вялікая колькасць цягнікоў – праязджаюць тысячы пасажыраў і перавозяцца тысячы грузаў. Мы навідавоку 24/7. Стараемся годна трымаць марку. А тое, што мяне вылучылі і даверылі прадстаўляць Валожыншчыну на галоўным народным форуме краіны, – дарагога каштуе. Ведаеце, пасля вельмі шмат ездзіў па калектывах, па раёне, расказваў людзям пра тое, што абмяркоўвалася на сходзе – проста, сваімі словамі. Што ўразіла? Усё ж можна было паглядзець і паслухаць анлайн, але на сустрэчах, асабліва на вёсцы, так уважліва слухалі і ў канцы нават апладзіравалі. Ведаеце, за тры месяцы пасля сходу я фатаграфаваўся больш, чым за 45 гадоў жыцця. А калі гаварыць сур’ёзна, удзел ва Усебеларускім народным сходзе – гэта новая глава ў маім жыцці. У памяці да гэтай пары адклалася: была магчымасць пагутарыць асабіста з нашым паралімпійцам Аляксеем Талаем: ён – прыклад кожнаму з нас, як трэба любіць сваю краіну, людзей, само жыццё, як трэба даражыць тым, што маеш, і кожны дзень дзякаваць за гэта.

– Мы размаўляем з Вамі напярэдадні Дня чыгуначніка. Што б хацелася пажадаць калегам?

– Зусім нядаўна, 17 ліпеня, за дасягненне высокіх паказчыкаў у галіне якасці ў Год якасці Мінскаму аддзяленню Беларускай чыгункі, у склад якой уваходзіць чыгуначная станцыя “Валожын”, урадам краіны прысвоена званне дыпламанта. Таму вельмі прыемна, што ў гэтым высокім званні ёсць хоць невялікая, але часцінка і нашай працы. Гэта найлепшы падарунак да прафесійнага свята. Таму застаецца толькі так трымаць!

Источник:https://valozhin.by/04082024/u-nas-usyo-robiczcza-vyklyuchna-na-yakasczi/

Задайте вопрос