Address:

222357, Minsk, Svobody square, 2

Reception phone number:

+375 (1772) 5-55-72

Operating mode:

from 8.00 to 13.00 and from 14.00 to 17.00 on weekdays

hotline: +375 (1772) 5-55-72

Малады спецыяліст Ірына Багдановіч працуе урачом-педыятрам Ракаўскай участковай бальніцы

09.08.2024

Івянчанка Ірына Багдановіч пасля заканчэння Беларускага медыцынскага ўніверсітэта маладым спецыялістам вярнулася на малую радзіму. Зараз яна працуе ўрачом-педыятрам Ракаўскай участковай бальніцы.

– Першы працоўны дзень прайшоў не так напружана, як я звычайна прывыкла, калі праходзіла інтэрнатуру. Было страшна, бо разумела, што ўся адказнасць кладзецца на мае плечы. Дзякаваць, што ёсць у каго запытацца, і гэта трошкі аблягчае сітуацыю.

– Як выбіралі прафесію?

– Не магу ўспомніць той момант, калі вырашыла стаць урачом. Чамусьці ў галаве заўсёды была думка вучыцца ў медыцынскім універсітэце. А пасля дзесьці на трэцім курсе матуля расказала, што я зусім маленькай – мне было 2-3 гады – на прыёме ва ўрача сказала, што буду педыятрам. Чаму? Бо ўрач заўважыла: “Вы пастаянна шмат хварэеце”. Я вырашыла, што яна злая, а я стану добрым доктарам.

– Наколькі ведаю, прахадныя балы ў медуніверсітэт адны з самых вялікіх?

– У школе мела харошы бал атэстата – у свой час ездзіла на прадметныя алімпіяды і досыць вынікова. Атрымала залаты медаль, але яго недастаткова – два гады займалася дадаткова па асноўных прадметах. Вучыцца было няпроста. Такое паняцце, як сон, трэба забыцца, вольнага часу мала, нават у выхадныя, калі дома, у асноўным вучоба: некалькі гадзін перапынак і ізноў нешта чытаць. Калі пачалася клінічная кафедра, стала крыху лягчэй. А як бачыш, з чым табе даводзіцца працаваць, становіцца намнога цікавей. Калі вучылася, падпрацоўвала. І мне пашанцавала, бо з чацвёртага курса тры гады працавала ў аддзяленні, якое займалася прастудамі, таму было лягчэй выйсці на інтэрнатуру, чым некаторым маім знаёмым. На сёння не шкадую, што працую з дзеткамі. Дарослыя – гэта не маё.

– Як лічыце, чым адрозніваецца работа ўрача-педыятра ад урача-тэрапеўта?

– Мне падабаецца, як сказаў наш выкладчык: “Педыятр павінен быць заўсёды ў тэме ўсіх навінак у цацках і ўсіх навінак у мультфільмах. Інакш немагчыма знайсці агульную мову з маленькімі пацыентамі”. З ім цалкам пагаджуся.

– Вярнуліся на маленькую радзіму кваліфікаваным спецыялістам?

– Гэта той выпадак, калі дома і сцены дапамагаюць. У родным Івянцы месца свабоднага не было, таму размеркавалася ў Ракаўскую бальніцу і штодня езджу сюды на работу. Транспартныя зносіны добрыя – дабірацца трэба гадзіну і дзесяць хвілін. Хаця ў Ракаве мне выдзелілі пакой у інтэрнаце. На маім участку 1200 дзяцей ва ўзросце ад 0 да 17 гадоў. З 8.00 да 13.00 – прыём, а пасля палудня – візіты і работа з дакументацыяй.

– На Ваш погляд, што трэба рабіць, каб дзеткі менш хварэлі?

– Бацькам і ўрачам варта ўзаемадзейнічаць у тандэме: бацькам трэба прыслухоўвацца да таго, што кажа доктар, а нам своечасова падказаць бацькам, калі штосьці бачым. А самае важнае: каб дзіця было здаровае, яго трэба любіць.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ Фота Сяргея БОБРЫКА

Крынiца: https://valozhin.by/09082024/iryna-bagdanovich-%d1%9erach-pedyyatr-raka%d1%9eskaj-uchastkovaj-balniczy/

Задайте вопрос