1 кастрычніка ў Валожынскім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы “Стыхія душы” — творчай экспазіцыі Марыі Мучынскай, мастачкі, паэткі і філосафа. На выставе прадстаўлены карціны ў розных тэхніках — ад алею і акварэлі да сухога валяння. Асаблівую ўвагу прыцягваюць рэплікі знакамітых палотнаў Фердынанда Рушчыца, выкананыя з воўны. Акрамя візуальнага мастацтва, наведвальнікі могуць пазнаёміцца з аўтарскімі кнігамі Марыі Мучынскай — як для дарослых, так і для дзяцей, напоўненымі філасофіяй, лірыкай і патрыятызмам. Выставу адкрыла зямлячка аўтаркі — Ніна Бобрык, паэтэса і супрацоўніца музея. Цёплыя словы прагучалі і ад сяброў літаратурна-мастацкай суполкі “Рунь”, а вершы гучалі як у выкананні самой Марыі Мучынскай, так і дзяцей з гуртка “Летуценнік”.






