У гэтым годзе яна мела назву “Стаіць на пагорках наш горад Валожын” і была прысвечана 90-годдзю надання населеннаму пункту статусу горада.
Першы паверх музея ператварыўся ў частку Валожына міжваеннага часу. Таксама тут працавала фотавыстава з фондаў музея “Імгненні гісторыі горада”.
Напачатку мерапрыемства была праведзена відэапрэзентацыя “Валожын праз стагоддзі”. Яна распавядала пра гісторыю Валожына ад часоў утварэння паселішча да нашых дзён. Асаблівая ўвага была нададзена перыяду 20-30х гадоў ХХ стагоддзя, калі мястэчка Валожын набыў статус горада. Уся інфармацыя была падтрымана афіцыйнымі дакументамі, якія былі паказаны гледачам.
На другім паверсе наведвальнікі музея мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай да 75-годдзя вызвалення Валожына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Не згасне памяці свечка”.
Наступная частка мерапрыемства прайшла на тэрыторыі музея. Увазе прысутных была прапанавана музычна-літаратурная гасцёўна “Далучыцца да роднага слова”. Галоўнымі ўдзельнікамі былі члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, народны ансамбль народнай песні “Сваякі”, а таксама заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, фальклорны гурт “Гасцінец”. Апошнія прапанавалі ўвазе прысутных некалькі народных песень і правялі майстар-клас старадаўніх беларускіх танцаў.


