Напачатку у актавай зале шчыра віншавалі валожынцаў з такім адметным днём і падаравалі прыгожы змястоўны канцэрт удзельнікі народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” і Клуба пажылых людзей “Верас”.
А ў фае РЦК прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія жывуць на Валожыншчыне, праз музыку, песні, танцы далучыліся да тых куточкаў зямлі, дзе яны нарадзіліся і пэўны час жылі. Прыгожую ўкраінскую песню ўспомнілі і падаравалі прысутным Рыгор і Ларыса Гладчанкі, мардоўскую песню выканала прадстаўніца мардоўскай нацыянальнасці Ганна Марачэўская. Адну з народнасцей Арменіі (езіды) прадставіў прыгожым танцам Мамед Рашоеў, а Галіна Філяноўская праспявала малдаўскую песню.
А пасля радавалі-весялілі беларускімі песнямі, танцамі, музыкай Ірына Кузміч і Уладзімір Юхо, Мікалай Канапацкі, Яўген Зінкевіч, якога зусім нездарма завуць “чалавек-аркестр”. Арганізатары і ўдзельнікі мерапрыемства далучылі да свята і ўсіх прысутных: разам выконвалі песні і танцы сваёй маладосці.
Мерапрыемства прайшло па-сяброўску цёпла, шчыра, сардэчна, дзякуючы творчым і арганізатарскім здольнасцям Таццяны Ланько, а таксама кіраўнікам народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” Галіне Філяноўскай і Клуба пажылых людзей “Верас” Рыгору Гладчанку.


