Амаль сотня юнакоў была запрошана ў раённы Цэнтр культуры на традыцыйны Дзень прызыўніка.
Мерапрыемства падрыхтавалі раённы ваенны камісарыят, мясцовая воінская часць, члены Беларускага саюза афіцэраў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама работнікі культуры і пракуратуры. З наказам сумленна ставіцца да выканання свяшчэннага доўгу перад Радзімай выступіла маці будучага салдата тэрміновай службы Мікіты Карпечанкі А. М. Унучак.
У маленстве кожны хлапчук марыць як мага хутчэй апрануць ваенную форму, трэніруецца маршыраваць са “зброяй” у руках і ўяўляе сябе героем. Але з гадамі гэты запал некаторыя губляюць. Праўда, у нашым раёне, як зазначыў намеснік пракурора А. В. Жукоўскі, “ухілістаў” няма, што сведчыць пра належны ўзровень патрыятычнага выхавання ў маладзёжным асяроддзі. Вершы пра ваенныя подзвігі, песні пра Радзіму, моцную мужчынскую дружбу гучалі з вуснаў цяперашніх салдат – сяржантаў Рамана Шабуні і Уладзіслава Грыцэнкі. Тыя, хто рыхтуеццаім на змену, не цураліся выходзіць на сцэну, каб паспытаць свае сілы ў ваенным умельстве. Прызыўнікі з Валожына Юрый Віткоўскі і Павел Касцюкевіч амаль і не ўступілі вопытным воінам у зборцы аўтамата і чыстцы бульбы. А юнак Дзмітрый, які з-за сціпласці сваё прозвішча не назваў, 32-кілаграмовую гіру падымаў нават з большай лёгкасцю, чым ваеннаслужачы.
Нездарма беларускіх хлопцаў наперабой бралі ўсе воінскія часці і падраздзяленні былога Савецкага Саюза. Пра гэта нагадаў падпалкоўнік запасу, намеснік старшыні раённага аддзялення Беларускага саюза афіцэраў У. У. Сёмін. Уладзімір Уладзіміравіч трыццаць гадоў быў кадравым ваенным, служыў у розных кутках вялікай краіны, і заўсёды ўраджэнцы нашай сінявокай бацькаўшчыны вызначаліся дысцыплінаванасцю, добрай фізічнай падрыхтоўкай і сумленным стаўленнем да высокай місіі абаронцы Айчыны. Сучасныя юнакі павінны быць годнымі прадаўжальнікамі воінскай славы дзядоў, прадзедаў, бацькоў. І, як сказаў У. У. Сёмін, памятаць, што “прызыўнік – крутое слова, прызыўнік – значыць мужчына…”
Алена ЗБІРЭНКА

