ДУ “Рэдакцыя Валожынскай раённай газеты “Працоўная слава” Мінскай вобласці
Першы нумар Валожынскай раённай газеты выйшаў у свет 10 кастрычніка 1939 года пад назвай “Іскра”. Першая пасляваенная “Іскра” з’явілася ў ліпені 1944-га, апошняя – у снежні 1962 года. У красавіку 1965 года адбываецца другое нараджэнне раёнкі: яна выдаецца пад назвай “Працоўная слава”.
На сённяшні дзень газета выходзіць у поўнакаляровым афармленні, выдаецца ў друкарні “Чырвоная зорка” г. Мінска. Газета выходзіць фарматам А3, агульным аб’ёмам 24 старонак у тыдзень.
Падпісны тыраж раёнкі па стану на 1.08.2010 года складае 6800 экземпляра. У разліку на 1000 жыхароў насельніцтва раёна прыходзіцца 158 экземпляраў.
“Працоўная слава” дала пуцёўку ў вялікую журналістыку значнай плеядзе прафесіяналаў. Колішні карэспандэнт раёнкі, Сяргей Дубовік, які пазней рэдагаваў газету “Рэспубліка”, выбіраўся дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, цяпер працуе дэканам факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.
Больш за 30 гадоў пры “Працоўнай славе” дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Рунь”. З яго пачыналі свой творчы шлях нашы землякі-паэты Пятро Бітэль, Хведар Чэрня, Казімір Камейша, Віктар Шніп.
Па выніках работы за 2000-2001 гады за актыўнае і ўсебаковае інфармаванне насельніцтва аб падзеях грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця вобласці дзяржаўная ўстанова “Рэдакцыя Валожынскай раённай газеты “Працоўная слава” рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана Дыпломам І ступені. Калектыву-пераможцу выдзелены легкавы аўтамабіль “Жыгулі”.
Заснавальнікам газеты на сённяшні дзень з’яўляецца Валожынскі выканаўчы камітэт. Тэматыка газеты зарыентавана на асвятленне сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна.
Вялікая ўвага надаецца адраджэнню нацыянальных традыцый у матэрыялах пад рубрыкамі “Спадчына”, “Нішто на зямлі не праходзіць бясследна...”, “З фондаў раённага музея”. На тэрыторыі раёна размешчаны ўнікальныя гістарычна-архітэктурныя, прыродазнаўчыя помнікі. Аповяд пра іх – традыцыйная тэма ў рабоце журналістаў. Цікавасць у чытачоў выклікаў праект “Усякая душа Святым Духам жывіцца”, які вядуць настаяцелі каталіцкага і праваслаўнага храмаў г. Валожына. Своеасаблівай візітнай карткай мясцовага культурнага жыцця стаў рэгіянальны фестываль гумару “Дубінскія жартачкі” – своеасаблівы аналаг “Аўцюкоўскага”.
Вядучым структурным аддзелам з’яўляецца аддзел сельскай гаспадаркі. Гэта тлумачыцца тым, што эканоміка Валожынскага раёна пераважна аграрнага накірунку.
У сваёй творчай рабоце рэдакцыйны калектыў актыўна практыкуе правядзенне “Прамых ліній”, арганізацыю “гарачай” тэлефоннай сувязі. На традыцыйных святах горада ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўваюцца лепшыя паштальёны і актыўныя няштатныя аўтары газеты.

