З 19 па 24 кастрычніка заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра фальклору быў запрошаны на фестываль-конкурс у горад Сабінаў (Славакія). Вылучыў “Гасцінец” у замежную паездку Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці.
Ракаўскі “Гасцінец” быў запрошаны на фестываль, які называўся “Прыгажосць жыцця”. Праходзіў ён у горадзе Сабінаве.
Разам з нашымі землякамі там прысутнічаў яшчэ калектыў з Брэста “Славяначка”.
У фестывалі-конкурсе ўдзельнічалі славацкія фальклорныя калектывы з розных рэгіёнаў. На сцэне выступілі прыкладна 30 славацкіх калектываў, кожны выконваў па два нумары. Гэта былі не толькі песні, але і вершы, проза, сцэнкі з вясковага жыцця.
Дыплом госця фестывалю “Гасцінцу” уручалі міністр культуры Славакіі і губернатар Прэшава (цэнтр рэгіёна, дзе яны былі). Таксама ім падаравалі літаратуру пра Славакію, дыскі, сувеніры.
Для самадзейных артыстаў з Беларусі былі арганізаваны экскурсіі ў горы Татры, у Будапешт і Вену.

