На базе Мінскага раёна прайшоў трэці, заключны этап абласнога марафону-конкурсу “Срэбная нітка”, які прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Сюды з’ехаліся прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іх аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, аматарскія ветэранскія калектывы. Шчыра віталі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія змаглі прыняць удзел у складзе дэлегацый.
Дэманстраваліся слайды, дыяфільмы, гучалі прамовы, песні, вершы, жарты, пажылыя людзі паказвалі, на што яны здольныя ў творчым плане. Арганізатары прэзентацыі ад нашага раёна не адышлі ад сваёй традыцыі. У кароткай праграме ў вершаванай форме, на роднай мове змаглі расказаць і паказаць на экране свае набыткі. У справаздачу ўдала ўпісалася выступленне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, 90-гадовага ветэрана Аляксея Іванавіча Санталава. Ён сам сабе акампаніраваў і спяваў песню “Ехаў я з Берліна”.
Па выніках марафону-конкурсу ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” ўзнагароджана граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама і Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў. Яна была ўручана кіраўніку сацыяльнага цэнтра Г. Ф. Рай.

