Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

З удзячнасцю за мірнае неба…

05.07.2016

Святкаванне Дня незалежнасці Беларусі і 616-годдзя Валожына традыцыйна сабрала мноства ганаровых гасцей, у тым ліку і з-за мяжы. На ўрачыстасці прысутнічалі дэлегаты з расійскіх Лобні і Зарайска, прадстаўнікі воласці Йыгева з Эстоніі і горада Попава ў Балгарыі, адміністрацыя Рудамінскага староства Вільнюскага раёна Літвы, упаўнаважаныя жыхары ўкраінскага горада Макарава. Завітаў на свята ў Валожын кіраўнік спраў Мінаблвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч, увагай не абышлі нас і суседзі са Стаўбцоўшчыны. Па традыцыі, пасля ганаровага ўнясення на сцэну Дзяржаўнага Флага, Флага Валожынскага раёна і Баявога Сцяга 153 асобнай Кенігсбергскай Ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння, першым павіншаваў жыхароў і гасцей райцэнтра старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка.

Мікалай Анатольевіч падкрэсліў важнасць захавання гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год усе мы аддаём даніну павагі воінам, якія змагаліся за незалежнасць краіны. Сведкаў тых падзей з часам становіцца ўсё менш, але памяць аб іх жывая і будзе захавана, каб будучыя пакаленні беларусаў не дапусцілі паўтарэння трагічных падзей. Кіраўнік раённай вертыкалі таксама павіншаваў валожынцаў з Днём горада. Ён падзякаваў і сваім папярэднікам, якія дбалі пра тое, каб райцэнтр рос і прыгажэў з кожным днём, і людзям, што клапоцяцца пра яго чысціню і хараство.

Слова ад імя ветэранаў трымаў Аляксей Іванавіч Санталаў. За наўміручы подзвіг франтавікам падзякавала і моладзь у асобе вучніцы гімназіі № 1 Дар’і Лугіной. Выступілі перад прысутнымі і прадстаўнікі замежных дэлегацый. Усе яны падзялялі веліч моманту і шчыра прызналіся, што прыемна ўражаны прыгажосцю Валожына і гасціннасцю, душэўнай адкрытасцю яго жыхароў.

Паводле яшчэ адной традыцыі, удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў-вызваліцеляў ускладаннем вянкоў і кветак да помніка і хвілінай маўчання…

Адзін з самых велічных і адметных момантаў святкавання – шэсце працоўных калектываў.

Працягвалі свята сваімі выступленнямі творчыя калектывы раёна. У рамках свята горада былі падведзены вынікі раённага фестывалю «Роднаму краю славу спяваем». Святочны настрой падтрымалі і творчыя госці горада: тэатр цыганскай песні і танца ”Жемчуга”; зорка беларускай эстрады , тэлевядучы, шоўмэн, спевак і кампазітар Герман.

Завяршылася свята акцыяй «Спяваем Гімн разам», у якой, акрамя членаў райвыканкама, гасцей свята паўдзельнічалі кіраўнікі службаў і ведамстваў Валожыншчыны, гараджане. Яркія агні феерверку, якія ўспыхнулі ў начным небе, абуджалі ў душы кожнага трыўмф і гонар за непакораную, свабодную, працавітую Беларусь…