Радасць святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 617-й гадавіны Валожына з жыхарамі і гасцямі райцэнтра сёлета падзялілі і прадстаўнікі іншых дзяржаў.
На ўрачыстасць завіталі 7 дэлегацый з рэгіёнаў краін блізкага замежжа, з большасцю якіх на працягу многіх гадоў падтрымліваюцца цесныя сяброўскія і пабрацімскія сувязі. Перад пачаткам мерапрыемстваў у раённым выканаўчым камітэце з дэлегатамі сустрэліся намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Шыфрын і Пётр Іосіфавіч Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Францавіч Глінскі, супрацоўнікі адміністрацыйнага апарату Валожыншчыны.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі ўкраінскага горада Макараў, польскай гміны Жгув Конінскага павяту, госці з расійскіх Лобні і Зарайска, а таксама члены адміністрацыі балгарскага горада Попава, шаноўныя госці з Вільнюскага раёна Літоўскай Рэспублікі і воласці Йыгэва, што ў Эстоніі.
Па добрай традыцыі кожная дэлегацыя падзялілася інфармацыяй пра адметнасці сваіх рэгіёнаў, а таксама планамі ў рамках супрацоўніцтва на бліжэйшую будучыню. Пакуль "рассакрэчваць" падрабязнасці не будзем, але пры спрыяльных абставінах рэалізацыя намечаных задум прынясе немалую карысць усім бакам.
Не абышлося на сустрэчы і без прыемных, нечаканых сюрпрызаў. За шматгадовае плённае супрацоўніцтва і ўсебаковае развіццё цесных сяброўскіх адносін старшыня райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскі быў узнагароджаны званнем Ганаровага грамадзяніна воласці Йыгэва. Пасведчанне за нумарам 15 і адпаведны нагрудны знак яму ўручылі старэйшына воласці Эн Кург і старшыня мясцовага Савета дэпутатаў Ційт Ляяне (на здымку).
Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара

