Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

ГАНАРЫМСЯ РАДЗІМАЙ СВАЁЙ

15.05.2018

У нядзелю, калі беларускі народ адзначаў дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага, сквер ля райвыканкама ў Валожыне стаў месцам правядзення цікавага мерапрыемства. Упершыню прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, дэпутатскага корпуса, працоўных калектываў сабраліся ля ўзнятага ў гонар свята флага ў фармаце “без гальштукаў”. Афіцыйныя касцюмы заменены на спартыўнае адзенне, асабістыя аўтамабілі пакінуты на паркоўках – большасць удзельнікаў прыбылі ў эпіцэнтр падзеі на бадай самым дэмакратычным у свеце транспарце – веласіпедах. Менавіта тут, у сэрцы нашага горада, адбыўся старт велапрабега “Ганарымся Радзімай сваёй”.

Цудоўны сонечны дзень унёс сваю лепту ў рад фактараў, што спрыялі ўзнёсламу настрою тых, хто вырашыў падтрымаць падтрыятычна-спартыўную акцыю. Мноства флагаў – ад вялікага палатна да маленькіх ручных флажкоў, сімволіка грамадскіх арганізацый, яркія эмблемы на майках, незвычайныя аксесуары стваралі па-сапраўднаму святочную атмасферу.

Вітаў удзельнікаў акцыі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч напачатку імправізаванага мітынгу звярнуўся да прысутных са словамі падзякі за павагу да дзяржаўнай сімволікі і адданасць здароваму ладу жыцця, павіншаваў прысутных са святам, заклікаў  і далей прымаць удзел у розных пачынаннях, што ладзяцца пад эгідай аддзела.

Дэлегацыю аддзела адукацыі, спорту і турызму ўзначаліла Таццяна Мікаеўна Крыкала. Яна адзначыла: “Акцыі, падабныя да сённяшняй, безумоўна спрыяюць яднанню нашага грамадства, да таго ж, яны паказваюць: любую дату можна адзначыць нясумна і не фармальна.”

У першых радах значыліся і прадстаўнікі спартыўных устаноў – дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і ФОЦ. Дырэктар ДЮСШ Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў падзяліўся думкай: “Сумяшчаць палітычныя  моманты з прапагандай здаровага ладу жыцця – гэта правільна, а галоўнае карысна”.

Самую масавую каманду грамадскіх арганізацый склалі актывісты ГА “Белая Русь” начале са старшынёй Аленай Іванаўнай Клачко. Да яркай групы далучыўся і прадстаўнік Кітайскай народнай рэспублікі, выкладчык кітайскай мовы Лю Бао, які, не хаваючы эмоцый, захапляўся тым, як у нас у краіне ўшаноўваюцца нацыянальныя сімвалы. Не засталіся ў гэты дзень у баку і прафсаюзы начале са старшыней раённага аб’яднання Веранікай Віктараўнай Загорскай. Моладзь выступіла агульным строем пад сцягам БРСМ.

Галоўны урач ЦРБ Павел Алегавіч Ганчар не толькі асабіста падтрымаў акцыю, але і заахвоціў да ўдзелу калег – урачоў Таццяну Мечыславаўну Якіменка, Наталлю Валер’еўну Ажарэльеву, прадстаўніка гаспадарчай часці Рамана Вадзімавіча Шурыгіна. Дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Віктар Зянонавіч Падгайскі ніколі не цураецца спартыўных мерапрыемстваў. Арганізацыя, якой кіруе – РКЦ № 14 філіяла “Белаграпрамбак” – пастаянны лідар падчас турзлётаў, калектыў мае вопыт удзелу ў велапрабегах.

Не кожны, хто прыйшоў падтрымаць ідэю рашыўся на ўдзел у спартыўнай частцы мерапрыемства, але нават тыя, хто пакуль  толькі збіраюцца больш блізка пасябраваць з веласіпедам, змаглі атрымаць асалоду ад атмасферы, што панавала перад стартам.

Веласіпедысты-патрыёты ў суправаджэнні аўтамабіля ДАІ рушылі ад райвыканкама па вуліцы Партызанскай. Далей іх маршрут пралягаў па Савецкай, Шчарбіны, Наберажнай, Гагарына. Фінішавалі веласіпедысты ля гімназіі № 1. Па задуме арганізатараў, момат спаборніцтва ў гэты дзень адсутнічаў. Для самых няўрымслівых жыхароў райцэнтра каштоўным прызам стала доза станоўчага драйву і безліч шчырых усмешак.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара