На вечары сустрэч былыя вучні сабраліся ў родных школах, каб выказаць самыя цёплыя словы падзякі ў адрас любімых настаўнікаў. Першай добрай справай акцыі ва ўстановах адукацыі раёна стала ўшанаванне ветэранаў педагагічнай працы. Так, у гімназіі №1 г. Валожына падзячны ліст Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама ўручылі першаму дырэктару ўстановы (удастоена ордэна «Знак Пашаны», Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь) Інфаровіч Тамары Іванаўне.
За парту добрых школьных успамінаў запрасілі ветэранаў педагагічнай працы Цямніцкую Алену Мікалаеўну і Пратасевіч-Русовіч Марыю Іосіфаўну ў Першамайскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа.
У знак удзячнасці сваім установам адукацыі, а таксама ў рамках акцыі «29 добрых спраў», выпускнікі, па-сапраўднаму зацікаўленыя ў дабрабыце нашых дзяцей, дарылі падарункі.
У Вішнеўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад - сярэдняя школа выпускнік 1985 года выпуску Багуслаўскі Іван Іосіфавіч, начальнік Галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, падарыў навучэнцам энцыклапедычнае выданне «Вялікая Айчынная вайна, 1941-1945».
У гімназіі №1 г. Валожына энцыклапедычнае выданне па геаграфіі ўручыў выпускнік 1998 года Курловіч Дзмітрый Міраслававіч, дэкан геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт; выпускнікі 2005 года ў асобе выпускніцы Вольгі Макей, намесніка дырэктара АТН Белтэлерадыёкампаніі, падарылі роднай гімназіі гітару з аўтографамі выпускнікоў-юбіляраў.
Акустычную сістэму Багданаўскаму вучэбна-педагагічнаму комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа падарылі выпускнікі 2005 года, Сакаўшчынскай школе-саду - Bluetooth калонкі, Дорскай школе-садзу - сертыфікат на 100 рублёў і чайны сервіз у пакой адпачынку педагогаў. Гарадзькоўскi вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа падарункам выпускнікоў 2005 года папоўніў абсталяванне кабінета абслуговай працы.
Выпускнікі Першамайскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа падарылі роднай школе-саду на памяць гадзіннік, маленькім выхаванцам цацкі, а навучэнцам – шахматы і кубак для самага спартыўнага класа.
Далучайцеся, бо добрыя справы рабіць ніколі не позна!


