Зусім хутка наша краіна будзе адзначаць знамянальную дату – 75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця да гэтай нагоды распрацаваны план праводзімых мерапрыемстваў. І вельмі сімвалічна, што адно з першых з іх прайшло 27 студзеня.
Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе была знята блакада Ленінграда, а ў 1945-м вызвалены вязні канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым. Выхаванцы інтэрната наведалі Дом культуры, дзе разам са сваімі сябрамі з Івянецкай сярэдняй школы пабывалі на кіналекторыі, прысвечаным гэтым падзеям. Спачатку мы паслухалі змястоўнае выступленне Таццяны Задрэйка пра гісторыю з’яўлення Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, які таксама адзначаецца 27 студзеня, а затым відэадэманстратар кінаўстаноўкі Лілія Ліпніцкая прапанавала нам паглядзець мастацкую стужку «Выратаваць Ленінград». Выходзілі з залы ўсе вельмі ўсхваляваныя пачутым і ўбачаным і яшчэ раз упэўніліся ў тым, што галоўнае для людзей – мірнае неба над галавой!


