Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Канцэрт «На крылах песні»

04.02.2020

«На крылах песні» – менавіта так назвалі свой нядаўні канцэрт-сустрэчу ўдзельнікі народнага хору «Спяваючыя сэрцы»

Так, гэта быў канцэрт-сустрэча з сябрамі, а не сухая справаздача. Праходзіў ён студзеньскім суботнім днём у цёплай абстаноўцы.

Хор ветэранаў працы існуе пры раённым Цэнтры культуры даўно. Некалькі разоў змяніўся яго састаў, але гэта не значыць, што горшым стаў рэпертуар ці самі галасы выканаўцаў… Летась хор у чарговы раз пацвердзіў званне «народны». Апошнія тры гады кіруе калектывам Галіна Іванаўна Філяноўская. Зараз тут спяваюць больш за 20 чалавек. Ёсць вакальная група, дуэты, трыа.

Сустрэча працягвалася больш за дзве гадзіны. Асноўны цяжар узяла на свае плечы кіраўнік. Усе ведаюць Г. І. Філяноўскую як усебакова адоранага чалавека. Харавы калектыў выканаў некалькі песень на яе словы і музыку, менавіта яна была вядучай канцэртнай праграмы і падрыхтавала вершаваныя падводкі да кожнага нумара. Самадзейныя артысты ў той дзень вынеслі на суд гараджан некалькі новых песень. Зала з няменшым задавальненнем прымала і старыя. Да глыбіні душы краналі песні «А ў маёй Беларусі», «Вітальная», асабліва прысвечаныя нашаму Валожыну – «Родны Валожын» на словы С. Маляўскага і «Святочная» – на словы Г. Філяноўскай. Музыку да абедзвюх песень напісала Галіна Іванаўна. А напрыканцы сустрэчы харысты сышлі са сцэны і спявалі разам са сваімі прыхільнікамі-гледачамі.

Многія песні ўдзячныя гледачы прымалі на «біс», што ў выканаўцаў сапраўды вырасталі крылы. А некаторыя з іх, як, напрыклад, Ніна Тамковіч, адважыліся прыйсці ў хор не так даўно. У яе выкананні прагучала песня «Зори ясные». Аляксандра Журкевіч выканала песню «В январе на дворе», Яўгенія Прапаршчык новую песню «Русалочки», Галіна Ганько – «Мой дом», Галіна Філяноўская – «Маладзіца».

У харавым калектыве ёсць і дуэты. Як заўсёды, парадавалі сваімі галасамі сямейны дуэт у складзе Тамары і Эдуарда Язерскіх: вельмі пранікнёна прагучала песня «Дорогая моя, дорогой мой». Ды і іншыя дуэты не згубіліся. Уладзімір Юхо і Ірына Кузьміч выканалі вядомую песню «У садзе гуляла», Аляксандра Журкевіч і Галіна Філяноўская – народную «Ой, у полі пры даліне», Ніна Мінцюк і Ірына Кузьміч – «Рабінавыя бусы». У выкананні трыа Ніны Тамковіч, Тамары Макарэвіч і Галіны Філяноўскай прагучала песня «Летні вечарок».

А закончылася сустрэча песняй, што даўно стала візітнай карткай хору, – «Спявай, душа!». Гэты твор кіраўніка калектыву як нельга лепш адпавядае душэўнаму стану спевакоў: пакуль яны спяваюць, пакуль спяшаюцца кожныя аўторак і пятніцу на рэпетыцыі, яны жывуць! Песні акрыляюць і надаюць жыццёвыя сілы.

Задайте вопрос