Падведзены вынікі раённага этапу конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2019», які праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі адораных і таленавітых рабят, стымулявання іх пазнавальнай актыўнасці, творчай ініцыятывы і самастойнасці. Удзел у ім сёлета прынялі 20 вучняў 4-11 класаў устаноў адукацыі раёна ў намінацыях «Вучэбная дзейнасць», «Творчая дзейнасць", «Працоўная дзейнасць», «Спартыўная дзейнасць» і «Грамадская дзейнасць». У лік пераможцаў увайшлі Антон Віршыч, Мілана Рэут, Аліна Княжэвіч, Таццяна Дубінец, Аляксей Яблонскі, а Анастасія Іваноўская, Арцём Раманчык, Яна Санюковіч, Яўгеній Анісовіч, Ягор Шчогалаў і Аэліта Жалток прызнаны лаўрэатамі. Пра некаторых з гэтых адораных вучняў, якія не ўпершыню трапілі ў спіс лепшых, раённая газета ўжо пісала. Таму пазнаёмім чытачоў з новымі імёнамі.
Арцём Раманчык нават з першага погляду асабіста ў мяне выклікаў уражанне выключнай даросласці. Уважліва, па-дзелавому выслухаў просьбу аб дазволе на публікацыю, назваў дзень і час, калі можна было б яму патэлефанаваць, спакойна папазіраваў перад фотакамерай. Набіраючы яго нумар, не магла здагадацца, наколькі сур’ёзнай будзе гутарка. А, між іншым, паўтары гадзіны на сувязі з сямнаццацігадовым юнаком уразілі мяне да глыбіні душы – настолькі зацікавілі яго погляды на жыццё, разважанні пра даволі сур’ёзныя рэчы.
Вучань 11 класа Пугачоўскай школы, пераможца раённага этапу абласнога конкурсу «Вучань года» ў намінацыі «Вучэбная дзейнасць» неаднаразова ўдзельнічаў і перамагаў у алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. Што тычыцца прадметных схільнасцей, у першую чаргу ён – матэматык. Гэта складаная дысцыпліна даецца з неверагодный лёгкасцю. Дарэчы, і ўсе астатнія асаблівых складанасцей не выклікаюць. Сярод любімых прадметаў лічацца грамадазнаўства, гісторыя, геаграфія, мовы – беларуская, руская, нямецкая. Што ж, для спецыяльнасці, пра якую марыць, патрэбна ведаць вельмі шмат. Справа ў тым, што перад намі – будучы эканаміст.
Ён рана пачаў цікавіцца многімі паняццямі, якія нават не кожнаму даросламу могуць быць зразумелымі. Дзяржаўнае ўстройства, геапалітыка, фінансавая граматнасць. Шмат чытае ў гэтых кірунках. Асаблівую ўвагу надае развіццю сябе як асобы. Сёння яго кумір Роберт Тору Кійосакі – амерыканскі прадпрымальнік, інвестар, пісьменнік, прамоўца-матыватар, фінансавы аглядальнік, аўтар шэрага кніг, уключаючы бестселер «Багаты тата, бедны тата».
Арцём вырас у звычайнай вясковай шматдзетнай сям’і. Нельга сказаць, што хтосьці з родных моцна паўплываў на яго зацікаўленасць вучобай. Але матуля з бацькам і старэйшыя браты з сястрой шчыра ганарацца дасягненнямі свайго малодшага. Сутыкаўся і з цяжкасцямі – у пачатковых класах вучоба давалася настолькі лёгка, што ў сярэдніх нават засумаваў. Занепакоенасць настаўнікаў дазволіла самаму задумацца над сітуацыяй і прыйсці да высновы, што пара «брацца за розум». Адказ на пытанне, як палепшыць матывацыю да ведаў, шукаў у навуковай літаратуты, Інтэрнэце, задаваў пытанні любімым педагогам. Інфармацыю «пераварваў» самастойна. У выніку справа пайшла. Зараз без асаблівых намаганняў паспявае па ўсіх прадметах. Прызнаецца, што пакуль у сэнсе начытанасці адстае ад уласных планаў – на тое, каб ужо сёння пазнаёміцца з сусветна вядомымі літаратурнымі шэдэўрамі, элементарна не хапае часу. Затое тыя творы, што ўваходзяць у школьную праграму па беларускай і рускай літаратурах, прачытвае абавязкова. Ён упэўнены: кожны чалавек, калі будзе прыкладваць пэўныя намаганні, можа сфарміраваць свой, выключна ўнікальны характар. А калі побач ёсць такія настаўнікі, як Уладзімір Уладзіміравіч Унучак (матэматыка, фізіка), Святлана Іванаўна Шніп (гісторыя, грамадазнаўства), – шанцы павялічваюцца. Юнак увогуле ўдзячны ўсяму педкалектыву роднай школы за атрыманыя веды, але равеснікам раіць як мага раней прывыкаць да самастойнасці. Па яго меркаванні, юны ўзрост – не падстава для інфантыльнасці.
Я запытала ў Арцёма наконт планаў. Паведаміў, што пасля эканамічнага ўніверсітэта, у які будзе паступаць у бягучым годзе, спадзяецца набываць прафесійны вопыт у добрай фірме. Запаветная мара – з цягам часу распачаць уласны бізнес. У якой сферы – пакуль сакрэт. Ужо зараз ведае: для таго, каб не дапусціць суму і расчараванняў, неабходна пастаянна ставіць перад сабой новыя мэты. Адна з іх на дадзеным адрэзку жыцця – вывучэнне англійскай мовы. Неверагодна, але робіць гэта самастойна. На тое, каб наведваць курсы, няма ні грошай, ні часу, але ён не засмучаецца, добра ўсведамляе, да чаго імкнецца, таму на цяжкасці не звяртае ўвагі. Для маладога чалавека ўласцівы адказнасць і пачуццё абавязку. Таму ён – пастаянны ўдзельнік усіх школьных мерапрыемстваў, дома – выдатны памочнік бацькам, пра якіх, дарэчы, гаворыць, што гэта шчырыя, простыя людзі. Тата раней працаваў механізатарам, зараз па прычынах здароўя – пенсіянер, матуля – аператар машыннага даення. Зразумела, што іх сыну давядзецца ўсяго дасягаць самастойна. Арцём добра ўсведамляе: цяжкасці загартоўваюць, а з так званай «залатой моладзі» рэдка атрымліваюцца па-сапраўднаму паспяховыя асобы.
Ён любіць Беларусь, але марыць пра падарожжы і ўжо зараз лічыць сябе чалавекам свету. Упэўнены, што прывязанасць да роднай зямлі і народа не павінна перашкаджаць паважаць іншыя краіны і іх несельнікаў. Розныя культурныя, рэлігійныя, побытавыя традыцыі не могуць самі па сабе сеяць між людзьмі варожасць. Наадварот, пастаянны абмен культурнымі каштоўнасцямі ўзбагачае ўсіх. У сэнсе эканомікі, разважае будучы эканаміст, таксама неабходны вучыцца ад тых, у каго яна развіваецца больш паспяхова. І галоўнае – пастанны рух наперад. Ва ўсякім раз, асабіста ён запраграмаваны менавіта на гэта.


