У 2019 годзе пачаў рэалізоўвацца комплексны план «Горад Валожын – здаровы горад», які быў зацверджаны рашэннем райвыканкама ад 11.02.2019 № 130. Мэта праекта – паляпшэнне здароўя жыхароў, павелічэнне працягласці жыцця, павышэнне яго якасці, выпраўленне дэмаграфічнай сітуацыі.
Ва ўсім свеце неінфекцыйныя хваробы становяцца асноўнай прычынай высокай смяротнасці, што прыводзіць да эканамічных страт. У сувязі з гэтым узрастае неабходнасць умацоўваць прафілактычныя меры, накіраваныя супраць захворванняў, ствараць экалагічнае асяроддзе і фарміраваць у насельніцтва матывацыю да здаровага ладу жыцця. Да работы над праектам падключыліся ведамствы, арганізацыі і ўстановы Валожыншчыны.
Так, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама правяло ў школах тэматычныя інфармацыйныя гадзіны: Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй, Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, тыдзень здаровага ладу жыцця, Міжнародны дзень адмовы ад курэння, гутаркі «На кончыку іголкі – лёс», «Небяспечныя сумесі для курэння», «Як захаваць сваё здароўе?» і інш. Прайшлі круглыя сталы «Пытанні і адказы пра здароўе», «Вольны час – актыўнаму адпачынку», «Формула здароўя», агітбрыгады паказалі выступленне «Не – шкодным звычкам», адбыліся лекторыі «Прафілактыка залежнасцей у падлеткаў».
У СШ № 2 г. Валожына створаны спецыяльны рэсурс, дзе ўстановы адукацыі могуць абменьвацца вопытам па справе аздараўлення школьнікаў. Для таго, каб дзеці менш хварэлі, у школах і садах праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, рэалізуюцца праекты ў кожную пару года «Міншчына спартыўная». У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе і фізкультурна-аздараўленчым комплексе прайшлі цікавыя спартакіяды, да якіх далучыліся не толькі ўстановы адукацыі, але і арганізацыі раёна.
Не засталіся па-за ўвагай і пажылыя грамадзяне. На базе Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва для іх працуюць гурткі, спартыўныя секцыі, паспяхова вядзецца работа па захаванні інтэлектуальнага здароўя пенсіянераў.
Не сакрэт, што прывычку весці здаровы лад жыцця трэба закладваць з маленства. Шмат прафілактычных мерапрыемстваў былі накіраваны на павышэнне статусу сям’і, фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей. З асацыяльнымі элементамі праведзены гутаркі на антыалкагольныя і антытытунёвыя тэмы.
Рэгулярнай з’явай сталі «прамыя тэлефонныя лініі» з урачамі райбальніцы: псіхолагам-нарколагам, анколагам, кардыёлагам. Праведзены 9 круглых сталоў па пытаннях здаровага ладу жыцця, прафілактыцы неінфекцыйных і сацыяльна-значных захворванняў, залежнасцей, аховы мацярынства і дзяцінства. Штоквартальна ажыццяўляюцца выезды брыгад медыкаў па тэрыторыі раёна для кансультацый насельніцтва. На пастаяннай аснове працуюць 5 «Школ здароўя», а 30 лістапада ўпершыню ў гісторыі бальніцы прайшоў марафон «Жаночае здароўе».
Не застаюцца ў баку ад надзённай задачы і іншыя структуры. Так, у кінатэатры «Юнацтва» арганізаваны кіналекторыі і кінапаказы па прафілактыцы бытавога траўматызму, гібелі людзей на водах, супраць шкодных звычак. Усяго на 200 сеансах пабывалі 5500 гледачоў.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі асвятлялі такія рызыкоўныя з’явы, як ужыванне алкаголю, курэнне, гіпадынамія, нерацыянальнае харчаванне.
З 2019 года на базе ДЮСШ рэалізуецца пілотны праект па выяўленні негатыўных фактаў: кантралююцца артэрыяльны ціск, узровень цукру ў крыві.
Рэалізацыя праекта «Горад Валожын – здаровы горад» працягваецца.


