У дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, які адзначаўся 6 лютага, каля 50 удзельнікаў руху МААП Мінскай вобласці прынялі ўдзел у абласным мерапрыемстве «МНС. БРСМ. БЯСПЕКА». Ад Валожына на свяце пабывалі прадстаўнікі раённага Цэнтра культуры Вераніка Ляшкевіч і Аляксандр Кабась.
Для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства былі арганізаваны экскурсіі па тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», а таксама па спартыўным футбольным комплексе «Барысаў-Арэна».
Прайшла дэманстрацыя магчымасцей аварыйна-выратавальных службаў. Удзельнікаў азнаёмілі з тэхнічнымі характарыстыкамі, магчымасцямі тэхнікі і абсталявання выратавальнікаў, прадэманстравалі працу выратавальнікаў у непрыдатным для дыхання асяроддзі. Супрацоўнікі МНС змадэлявалі таксама сітуацыю выратавання людзей з вышынных будынкаў.
Важнай дэталлю мерапрыемства стала правядзенне адкрытага дыялогу з удзельнікамі і гасцямі мерапрыемства ў канферэнц-зале «Барысаў-Арэны». Эксперты дыялогу – прадстаўнікі выканаўчай улады, грамадскіх арганізацый, выратавальных службаў МНС – закранулі пытанні бяспекі грамадзян, прапанавалі новыя формы і метады ўзаемадзеяння БРСМ і МНС.
Пасля заканчэння мерапрыемства самым актыўным хлопцам уручылі граматы Мінскай абласной арганізацыі БРСМ.
Даведка:
Рух маладзёжных атрадаў аховы правапарадку – сумесны праект БРСМ, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, які аб’яднаў больш за 15 тысяч юнакоў і дзяўчат.
Сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і выратавальнікамі яны забяспечваюць грамадскі парадак, займаюцца прафілактычнай работай па бяспецы жыццядзейнасці, удзельнічаюць у гарантаванні бяспекі дарожнага руху, задзейнічаны пры правядзенні культурна-забаўляльных, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, арганізатарам якіх выступае саюз моладзі.
У Мінскай вобласці рух МААП аб’ядноўвае 2222 юнакоў і дзяўчат у 85 атрадах. У нашым раёне структуру прадстаўляюць 30 чалавек, большасць – навучэнцы сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя.


