Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Завіталі ў госці

09.12.2019

У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі адбылося ўрачыстае адкрыццё кабінета дыягностыкі, сродкі на рамонт якога выдзелены Чэшскай рэспублікай у рамках рэалізацыі малога лакальнага праекта «Рэканструкцыя і закупка абсталявання для цэнтра для дзяцей-інвалідаў у Валожыне». У мерапрыемстве, што супала з Днём інвалідаў, прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Чэхія ў Рэспубліцы Беларусь Томаш Перніцкі і яго намеснік Павел Бучак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Крыкала.

Супрацоўніцтва ЦКРНіР з чэшскімі дыпламатамі пачалося ў 2016 годзе. Тады з дапамогай замежных дабрачыннікаў быў адрамантаваны і абсталяваны санітарны пакой, адбылася замена акон у вучэбным класе. Праз пэўны час установа адукацыі атрымала яшчэ адзін падарунак у выглядзе роспісу сцен у некалькіх кабінетах. Гэта работа выканана валанцёрам-мастаком з Мінска Кацярынай Ганчарык.

Як адзначыла дырэктар установы Алеся Шпілеўская, агульная колькасць дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў раёне складае 639 чалавек. 42 з іх атрымліваюць развіваючыя і рэабілітацыйныя паслугі непасрэдна ў цэнтры. З астатнімі займаюцца педагогі-дэфектолагі на базе школ у іншых населеных пунктах. Калі складаныя дыягназы не дазваляюць хлопчыкам і дзяўчынкам наведваць дзіцячыя калектывы, настаўнікі займаюцца з імі на даму. Справа дапамогі дзецям з інваліднасцю складаная, дробязей у ёй быць не можа. Таму любое ўдасканаленне матэрыяльнай базы абавязкова паляпшае якасць работы ў дадзеным кірунку.

Педагагічны калектыў, выхаванцы і іх бацькі з хваляваннем чакалі высокіх гасцей. Безумоўна, у гэты дзень хацелася паказаць увесь адукацыйны арсенал і творчыя набыткі, тым самым пацвердзіць: ахвяраванні сталі цудоўным дапаўненнем да таго, што робіцца сіламі саміх супрацоўнікаў.

Магчымасць прадэманстраваць прызначэнне сваіх кабінетаў, а разам з тым і коратка расказаць пра сутнасць заняткаў атрымалі педагог-псіхолаг Аляксандра Садоўская, настаўнік-дэфектолаг Святлана Вайкуль, выхавальнік дашкольнай адукацыі Алена Грыбоўская, настаўнік Іна Карачун. Ва ўтульнай актавай зале адбылася сустрэча з выхаванцамі і іх бацькамі. Невялікі, але яркі канцэрт, складзены з лепшых нумароў пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка Аксаны Севярын, парадаваў і выканаўцаў, і гледачоў.

Цэнтральнай падзеяй візіту стала працэдура адкрыцця новага кабінета. Права перарэзаць чырвоную стужку прадаставілі Томашу Перніцкаму і Пятру Бібіку. Затым педагогі Валянціна Каласкова і Наталля Макар пазнаёмілі гасцей з напаўненнем кабінета, расказалі пра яго прызначэнне. Функцыянальная дыягностыка – адзін з важнейшых этапаў у рабоце з дзецьмі, якія маюць розныя віды асаблівасцей развіцця. Перш чым распачаць дзейнасць па іх сацыялізацыі і навучанні, неабходна высветліць сутнасць парушэнняў і правільна вызначыць праграму, па якой будзе весціся работа.

Томаш Перніцкі шчыра падзякаваў педагагічнаму калектыву за клопат пра дзяцей, якім увага патрэбна асабліва. Ён адзначыў, што чэшская дыпламатычная місія і далей будзе супрацоўнічаць з валожынскай установай адукацыі. Адзначалася: добрыя справы, асабліва напярэдадні Каляд, – хрысціянскі абавязак кожнага чалавека. Пётр Бібік у сваю чаргу выказаў у адрас гасцей словы павагі за тое, што яны знаходзяць час і магчымасці не проста аказаць матэрыяльную дапамогу, а асабіста наведаць установу, дзе іх даўно лічаць сябрамі.

На развітанне намеснік дырэктара Таццяна Івашка нагадала, што зараз ва ўстанове праходзіць традыцыйная дэкада талерантнасці. У рамках яе ўжо адбыліся некалькі мерапрыемстваў. Да навага года іх пройдзе яшчэ мноства. Літаральна кожны дзень падорыць выхаванцам радасць і станоўчыя ўражанні. У мерапрыемствах прымаюць удзел валанцёры ад грамадскіх арганізацый, устаноў культуры і адукацыі, спонсары. Сярод тых, хто падтрымлівае цэнтр матэрыяльна, ёсць і прадстаўнікі мясцовага бізнесу. З асаблівай удзячнасцю тут называюць індывідуальнага прадпрымальніка Яўгенія Грыбоўскага, унітарнае прадпрыемства «Мантажбудкамплект-профіль», магазін «Максім».

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,  http://psl.by (фота аўтара)

Галерэя малюнкаў