Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Радзіме Служыць гатовы!

17.12.2019

Пляц воінскай часці 30695 у мінулую суботу стаў месцам правядзення ўрачыстасці з нагоды прыняцця прысягі на вернасць Радзіме новым папаўненнем. 153 юнакі і дзяўчаты (з іх 23 – ураджэнцы Валожыншчыны) пасля сур’ёзнай падрыхтоўкі набылі статус паўнапраўных ваеннаслужачых.

Першым павітаў моладзь брыгады камандзір Андрэй Калач. Ён адзначыў: служба – не проста грамадзянскі абавязак, гэта школа ўзмужання і адказнасці, магчымасць стаць па-сапраўднаму дарослымі і развіць у сабе высакародныя пачуцці – любоў да роднай зямлі, вернасць беларускаму народу.

Працэдура прынясення прысягі, як заўсёды, прайшла зладжана і арганізавана. Падчас яе маладыя салдаты кляліся мужна і самааддана абараняць тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны строй сваёй краіны.

Цёплыя словы пачулі навабранцы ад першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўніка Людвіга Кастко. Ён звярнуўся да моладзі з пажаданнямі годнай службы, моцнага здароўя, трываласці і скіраванасці на дасягненне поспехаў у далейшым жыцці. У адказ прагучала трохразовае “Ура!”.

Да віншаванняў далучыўся прадстаўнік мясцовай улады, першы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Чычкін. Бацькоўскі наказ пачулі юныя салдаты ад матулі радавога Андрэя Лапіцкага Таццяны Васільеўны. У словах жанчыны прагучала цэлая гама перажыванняў, якія звычайна напаўняюць сэрцы родных людзей падчас падобных мерапрыемстваў: бязмежная любоў да дзяцей, павага і ўдзячнасць да камандзіраў, падрымка ў адрас кожнай сям’і, дзе сын ці дачка носяць пагоны. Слова ў адказ трымаў радавы Аляксандр Паўлюковіч. Юнак ад імя таварышаў запэўніў прысутных у тым, што кожны з іх годна будзе несці свой абавязак.

Божае благаславенне атрымалі галоўныя героі ўрачыстасці і ўсе, хто завітаў у гэты дзень у воінскую часць, ад благачыннага Валожынскай акругі Дзмітрыя Агіевіча.

Па традыцыі на мерапрыемства з розных куткоў краіны прыбылі родныя і сябры навабранцаў. Таму, калі наступіў хвалюючы момант сустрэчы, кожны змог абняць, падбадзёрыць і шчыра, ад усяго сэрца павіншаваць са знамянальнай падзеяй сваіх дарагіх абаронцаў.

Дарэчы, тыя, хто бываў у часці раней, не маглі не адзначыць, якой прыгожай стала яна пасля работ па добраўпарадкаванні, праведзеных у бягучым годзе. Цудоўнае ўражанне засталося ў бацькоў і пасля сустрэчы з камандаваннем, і ад экскурсіі ў распалажэнне пункта прыёму новага папаўнення. Нарэшце навабранцы атрымалі заслужанае звальненне і змаглі правесці некалькі гадзін у кампаніі блізкіх.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

http://psl.by/