На мінулым тыдні ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе прайшла спартакіяда кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Валожыншчыны.
Спаборніцтвы, арганізатарамі якіх выступілі раённы выканаўчы камітэт, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ладзіліся па 6 дысцыплінах асобна сярод мужчын і жанчын. Удзельнікі спрачаліся за перамогу ў дартсе па сістэме “вялікі раўнд”, кіданні ў баскетбольнае кальцо, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, плаванні, кіданні медбола (спецыяльны мяч вагой 1 кг) з-за галавы з сядзячага палажэння і фігурным ваджэнні веласіпеда.
Каб выйграць, удзельнікі спартакіяды наладзілі сапраўдную “спрэчку”, галоўнымі фактарамі ў якой былі спрыт, хуткасць, вынослівасць, трапнасць і азарт. У спаборніцтвах па дартсе лепшымі сталі выконвючы абавязкі камандзіра брыгады воінскай часці 30695 Ігар Стасяловіч, дырэктар ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Павел Кухарэнка і начальнік раённага адзела Следчага камітэта Віталь Юрэвіч, а таксама дырэктар гімназіі № 1 райцэнтра Алена Клачко, старшыня Пяршайскага сельвыканкама Валянціна Кушаль і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Крыкала. Самыя трапныя кідкі ў баскетбольнае кальцо належаць дырэктару прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя Паўлу Хількевічу, Ігару Стасяловічу, дырэктару СШ № 2 г. Валожына Аляксандру Уланчыку, намесніку дырэктара ТЦСАН Вользе Пракопчык, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлане Ракавец і кіраўніку спраў райвыканкама Вользе Багатыровай. Перамогу ў стральбе з пнеўматыкі заваявалі начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Якутовіч, дырэктар філіяла “Белаграпрамбанк” у г. Валожыне Віктар Падгайскі, загадчык сектара архітэктуры і будаўніцтва Уладзіслаў Шупенька, з жанчын – Алена Клачко, начальнік валожынскага філіяла РУП “Белпошта” Людміла Шаўрэй і Таццяна Крыкала. Найлепш праплылі 50 метраў Павел Хількевіч, Віталь Юрэвіч, Віктар Якутовіч, загадчык сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Занямонец, старшыня Івянецкага гарпасвыканкама Тарэса Ліпніцкая і Вольга Пракопчык. Кіданне медбола “пакарылася” начальніку райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандру Сіваму, галоўнаму санітарнаму ўрачу раёна Паўлу Сароку, Паўлу Хількевічу, старшыні Вішнеўскага сельвыканкама Марыне Траццяк, Таццяне Занямонец і старшыні раённай арганізацыі прафсаюзаў Вераніцы Загорскай. Зайздросны спрыт у фігурным ваджэнні веласіпеда прадэманстравалі Віталь Юрэвіч, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Павел Ганчар, Павел Хількевіч, Вольга Пракопчык, Вольга Багатырова і дырэктар СШ № 1 г. Валожына Ірына Чаховіч.
Па выніках спартакіяды пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны граматамі, медалямі і асабістымі грашовымі прызамі: за 1-е месца – 40 рублёў, за 2-е – 30 і за 3-е – 20 рублёў. Хоць, вядома, зусім не прызы выступалі стымулам да ўдзелу ў мерапрыемстве: сярод бясконцага
шэрагу адміністрацыйных і бытавых задач некалькі гадзін фізічнай актыўнасці прыйшліся вельмі дарэчы, каб адцягнуць увагу ад праблем і акунуцца ў атмасферу здароўя і бадзёрасці.
Сяргей САДОЎСКІ
Фота Віталя МЫШЛЁНА

