300 юных спартсменаў з усіх куткоў Беларусі сабраліся на лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэтыя рабяты прайшлі доўгі шлях адбору, каб мець магчымасць паспаборнічаць за званне лепшых на рэспубліканскім узроўні. Прыемна, што ў грандыёзным свяце лёгкай атлетыкі сярод 43 прадстаўнікоў Мінскай вобласці прынялі ўдзел і вучні пачатковых класаў устаноў адукацыі Валожынскага раёна. Гэта Аэліта Жалток, Святаслаў Яськоў і Ігар Зялюткін з Івянецкай сярэдняй школы, Марыя Баркоўская з гімназіі № 1 г. Валожына і Раман Шчарбачэвіч з сярэдняй школы № 1 райцэнтра.
Павітаць рабят на спартыўнае мерапрыемства завіталі зоркі сусветнай лёгкай атлетыкі Максім Недасекаў і Карына Дзямідзік, ганаровыя госці – старшыня БФЛА Вадзім Дзевятоўскі, прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансен, міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук і інш. Адбылося сапраўднае свята дзяцінства і любові да спорту. Школьнікі змаглі пагрузіцца ў казку, дзе кожная каманда ўяўляла сабой пэўнае каралеўства. Побач з юнымі спартсменамі на працягу ўсіх спаборніцтваў знаходзіліся любімыя казачныя героі. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі свае спрыт і шпаркасць у эстафетным безе 8 па 50 м, кіданні мяча, скачках на скакалцы і бар’ерным безе на 30 м. Пераможцаў вызначалі ў кожнай дысцыпліне асобна, а таксама па суме балаў шматбор’я і ў камандным заліку.
Узнагароды пятага юбілейнага турніру атрымалі і прадстаўнікі Валожыншчыны – Аэліта Жалток і Святаслаў Яськоў, якіх да важных спаборніцтваў рыхтавалі настаўнікі Генадзій Жалток і Назар Жалток адпаведна. Сярод хлопчыкаў другога класа Святаслаў заняў 2-е месца ў кіданні мяча (8.60) і 3-е месца ў спрынт-бар’ерах (11.50). Каманда Мінскай вобласці, у якую ўвайшла і Аэліта, заваявала ў нялёгкай барацьбе 2-е месца ў эстафеце 8 па 50 м (1:05.66). Галоўнае ж дасягненне дзяўчынкі: сярод чацвёртакласніц яна стала трэцяй па суме балаў у шматбор’і (123 ачкі). Мы шчыра віншуем нашых маленькіх медалістаў, якія сумелі дасягнуць такіх высокіх вынікаў, падняцца на п’едэстал гонару і атрымаць заслужаныя ўзнагароды.
Кожны фіналіст праекта атрымаў у падарунак смарт-гадзіннік і набор цукерак, а таксама памятны эксклюзіўны медаль. Рабяты вярнуліся дадому ў выдатным настроі, з масай станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў.

