Прысутных на свяце віталі намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алена Мілюткіна і дырэктар ЦКРНіР Алеся Шпілеўская. Прагучалі словы віншавання і пажадання радасці і шчасця, цудоўнага навагодняга настрою і жадання развіваць свае творчыя здольнасці.
На сцэну адзін за адным падымаліся героі яркага, эмацыянальнага мерапрыемства, а ў зале падтрымлівалі сваіх гадаванцаў педагогі – класныя кіраўнікі, кіраўнікі харэаграфічных, вакальных, тэатральных гурткоў. Некаторыя дарослыя разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ўдзельнічалі ў нумарах. Так, напрыклад, педагогі ЦКРНіР разам з дзецьмі станцавалі танец з сэрцайкамі. Уменне прыгожа рухацца пад музыку прадэманстравалі прадстаўнікі ЦТДіМ (танец “Вёсачка” і “Калінка мая”), СШ № 1 г. Валожына (танец “Shuffle”), радавалі спевамі Яна Зянько (гімназія), вакальная група “Дзеткі-цукерачкі” СШ № 2, Пётр Адамовіч і Марына Бенядзюк з Івянецкага дома-інтэрната. Шквал апладысментаў вызвала выступленне Максіміліяна Сванідзэ (верш “Мышалоўка”) і выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН, якія вынеслі на суд гледачоў калядны спектакль-казку “Тры ржавыя каласкі”.
Кожны атрымаў не толькі сваю хвіліну славы, але і падарунак ад спонсараў. Дабрачыннікамі выступілі індывідуальныя прадпрымальнікі Уладзімір Бандарэнка, Уладзімір Гасціловіч, Юлія Шапашнікава, Уладзімір Старасценка, прадстаўніцтва Белдзяржстраху, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Дапамаглі стварыць перадкалядны настрой і ўдзельнікі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая была разгорнута ў фае ўстановы адукацыі.

