Таленавітая асоба педагога
Падведзены вынікі конкурсу прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Валожынскага раёна-2019”.
Гэтаму папярэднічала доўгая, напружаная і карпатлівая праца кожнага ўдзельніка. Іх чакалі няпростыя іспыты ў сваіх установах адукацыі: педагогі абагульнялі вопыт, праводзілі адкрытыя ўрокі, прыдумвалі творчую візітку. У фінал прайшлі сем чалавек: настаўнік матэматыкі СШ № 2 г. Валожына Алена Аляксандраўна Кербедзь, настаўнікі хіміі і біялогіі Вольга Аляксандраўна Суша і англійскай мовы Татэвік Сяргееўна Грыгаран з Івянецкай СШ, настаўнік музыкі Ракаўскай СШ Алена Мікалаеўна Русецкая, настаўнік рускай мовы і літаратуры Вішнеўскага НПК Марыя Яўгенаўна Конаўка, настаўнік пачатковых класаў СШ № 1 г. Валожына Таццяна Алегаўна Шакун, выхавацель дашкольнай адукацыі ясляў-сада “Лесавічок” г. п. Івянец Марына Іванаўна Карачун. Усе вышэйназваныя педагогі прадставяць Валожыншчыну на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2019”.
На заключным этапе фіналісты выступілі на сцэне раёна, дзе далі майстар-клас і ўрок у незнаёмым класе. І вось прыйшоў час апошняга іспыту – творчага самапрадстаўлення. Канкурсанты, педагогі ўстаноў адукацыі раёна, ветэраны педагагічнай працы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, кампетэнтнае журы, а таксама ганаровыя госці – намеснік старшыні райвыканкама Ігар Анатольевіч Балінаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, дацэнт кафедры прыватных методык агульнай сярэдняй адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук Ніна Паўлаўна Дзёміна сабраліся ў актавай зале гімназіі № 1 г. Валожына. Пётр Іосіфавіч павітаў удзельнікаў мерапрыемства і пажадаў ім поспехаў і перамогі.
У прасторнай зале лунаў асаблівы дух сяброўства, узаемнай падтрымкі, жадання найлепш паказаць сябе. Конкурс стаў сапраўдным святам педагагічных творчасці і майстэрства, дзе кожны меў магчымасць раскрыць свой шматгранны талент. Усе ўдзельнікі спаборніцтва заслугоўваюць прызнання і павагі, бо прайграўшых тут няма і быць не можа.
Вядучыя па чарзе запрашалі на сцэну фіналістаў, і тыя заваёўвалі сэрцы гледачоў і прызнанне журы. Нехта падрыхтаваў мультымедыйную прэзентацыю, нехта прадстаўляўся ў вершаванай форме, хтосьці спяваў, танцаваў. Педагогі стараліся найбольш поўна расказаць пра сябе і любімую працу, якая робіць іх шчаслівымі. Прысутныя былі ў захапленні ад пачутага і ўбачанага.
І вось надышоў момант абвяшчэння вынікаў. Хваляваліся канкурсанты, журы, гледачы. Настаўнік матэматыкі СШ № 2 г. Валожына Алена Аляксандраўна Кербедзь і настаўнік музыкі Ракаўскай СШ Алена Мікалаеўна Русецкая сталі лаўрэатамі конкурсу. Настаўнікам года Валожынскага раёна аднадушна была прызнана настаўнік хіміі і біялогіі Івянецкай СШ Вольга Аляксандраўна Суша.
Фіналісты конкурсу атрымалі памятныя падарункі раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Абанементы на пяціразовае бясплатнае наведванне басейна фізкультурна-аздараўленчага комплексу ўсім удзельнікам ўручыла дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.

