Ад імя кіраўніцтва раёна ўдзельнікаў дзіцячага балю павітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун. Ігар Уладзіміравіч павіншаваў прысутных са святам, пажадаў шчасця і здароўя, веры ў свае сілы і імкнення да поспеху. Прадстаўнік улады ўзгадаў, што кожны чалавек – родам з дзяцінства, таму нават дарослым зразумела радаснае адчуванне надыходзячага Новага года, а для дзетвары любога пакалення гэта свята і ўвесь перыяд, што папярэднічае яму, застаюцца самымі любімымі момантамі жыцця.
Перад работнікамі культуры, якія стварылі арыгінальны сцэнарый, па-майстэрску выканалі ўсе ролі, і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (забавы да пачатку прадстаўлення) стаяла даволі складаная задача: зрабіць відовішча інтэрактыўным і зразумелым кожнаму гледачу, незважаючы на ўзрост. Арганізатары справіліся – і першакласнікам, і вучням, для якіх 2020 год – апошні школьны, было весела і цікава. Яшчэ ля ўваходу ва ўстанову культуры гасцей сустракала маляўнічая група казачных персанажаў, у глядзельнай зале працавалі клоўны-аніматары. Святочная прастора была аформлена бездакорна. У зоне для фатаграфавання нават прысутнічаў снег – штучны, безумоўна, але ж выглядаў нібы сапраўдны. Сцэна ззяла агнямі, прываблівалі погляд аб’ёмныя сняжынкі… Персанажы з’яўляліся хто адкуль: з-за сцэны, з імправізаванай хаткі, выходзілі з залы… Дзед Мароз, Снягурка, іх памочніцы эльфы Лія і Вія, а таксама конь Гай Юлій Цэзар, карэспандэнт казачных навін Маша, параіўшыся з дзецьмі, даравалі вядзьмаркам Фялісце і Эльвіры свавольствы і іх жаданне захапіць уладу на свяце. Як заўсёды, супрацьборства дзвюх сіл – станоўчай і адмоўнай – скончылася мірам, сумесным запальваннем ёлкі, спевамі, танцамі, гульнямі. Шчырымі апладысментамі сустракалі прысутныя і юных артыстаў, якія падарылі ім свае лепшыя харэаграфічныя і вакальныя нумары. Нарэшце залу запоўніў цэлы натоўп Дзядоў Маразоў і Снягурак. Памочнікі вырашылі дапамагчы галоўнаму калезе раздаць дзетвары падарункі ад раённага выканаўчага камітэта. Прыгожы куфэрак з салодкім напаўненнем дастаўся ў гэты дзень кожнаму.

