Рунеўцы сустрэлі гасцей караваем і запрасілі на творчую сяброўскую сустрэчу ў гасцёўню “Руні”. Іна Фралова прадставіла ўсіх гасцей-пісьменнікаў, кіраўнік творчай суполкі Валожыншчыны Валянціна Гіруць-Русакевіч расказала пра слаўную літаратурную спадчыну Валожынскага краю і сённяшніх яе прадаўжальнікаў.
За гасцінным сталом па чарзе выступалі, чыталі свае вершы госці і ўдзелнікі “Руні”. Пасля такога творчага абмену многія госці перадалі “рунеўцам” свае кнігі, а В.Гіруць-Русакевіч перадала І.Фраловай калектыўныя зборнікі і ўласныя кнігі ўдзельнікаў свайго аб’яднання.
Паколькі сустрэча праходзіла ў дзень 75-годзя вызвалення г.Валожына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усе разам усклалі кветкі да брацкай магілы на плошчы Свабоды. Супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Ніна Бобрык расказала аб тых, хто тут пахаваны, аб нашай удзячнай памяці ім, а таксама правяла экскурсію па гістарычна-адметнаму цэнтру Валожына. Госці завіталі таксама ў пакой-музей “Родам з СССР”, дзе кароткі экскурс правяла Таццяна Ланько. І госці і гаспадары засталіся ўдзячнымі і ўражанымі сустрэчай, якая дапаможа наладзіць і развіваць новыя творчыя сувязі.

