9 лістапада 2019 года ў раённым цэнтры культуры адбыўся 1 раённы фестываль дзіцячай народнай творчасці “Крынічка”. Мэта фестывалю: адраджэнне і захаванне нацыянальнай спадчыны, далучэнне дзяцей і падлеткаў да папулярызацыі народных вакальных, харэаграфічных, інструментальных твораў і нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Зранку памяшканні РЦК напоўніліся дзіцячымі галасамі, музыкай, песнямі. Юныя майстры, ўдзельнікі гуртоў па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, разам з кіраўнікамі і настаўнікамі ладзілі выставы сваіх работ і майстар-класы па розным накірункам народнага мастацтва.
Фестываль адкрыла Лізавета Станіславаўна Пятроўская, кіраўнік вядомых калектываў: Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Гасцінец”, узорнага фальклорнага калектыву “Вянок” і самых маленькіх, удзельнікаў фальклорнага гуртка “Чыжыкі” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, калектываў, якія прынеслі чарговае прызнанне і славу нашаму раёну, стаўшы пераможцамі (дыплом Гран-пры) XIV абласнога фестывалю народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”.
На сцэну выходзілі салісты гурткоў народнай песні клубных устаноў культуры, інструментальныя калектывы ДУА “Івянецкая дзіцячая школа мастацтваў імя К. Паплаўскага” і Дорскага філіялу, гурткі побытавага танца “Цернічка” Падбярэзскага СЦК і Дорскага СДК, са сваімі лепшымі работамі – ўдзельнікі гурткоў і класаў па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву.
Песню “Купалінка” ў адпаведным строі, акапэльна, выканала салістка Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры Ганна Шакун. Весела прагучалі жартоўная песня “Сядзіць камар на дубочку” у выкананні самай маленькай спявачкі з Бабровіцкага КСЦ Дар’і Анікінай , “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” – у выкананні Ганны Матус з Багданаўскага СЦК.
Зладжана і хораша прагучалі беларускія танцы “Полька” і “Вальс” у выкананні інструментальнага гурта “Усмешка” і гурта старадаўняй музыкі “Рарог” калектываў ДУА “Івянецкая дзіцячая школа мастацтваў імя К. І. Паплаўскага”. Сярод удзельнікаў фестывалю былі і зорачкі. Юная цымбалістка Валянціна Кулік (Дорскі філіял Івянецкай ДШМ) за двухгадовы тэрмін свайго навучання на інструменце з’яўляецца дыпламанткай рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Вясёлы жужа” і рэгіянальнага фестывалю-конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага. У канцэртнай праграме яна выступіла з інструментальнай п’есай “Кацілася чорна галка”.
Танцы сваёй мясцовасці “Падэспань” і “Карапет” прадставілі на суд гледачоў удзельнікі гурткоў побытавага танца Падбярэзскага СЦК і Дорскага СДК.
Шырока было прадстаўлена на фестывалі і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Цэлай творчай камандай завіталі вучні па класу ДПМ ДУА “Івянецкая дзіцячая школа мастацтваў імя К. І. Паплаўскага”. Лепшыя работы па саломапляценню, аплікацыі саломкай, выцінанцы, ганчарству, батыку Веранікі Шымак, Вікторыі Шымак, Уладзіслава Марамчына, Лізаветы Дзярыба, Лізаветы Лісавец і майстар-класы, праведзеныя імі, змаглі ацаніць і прысутныя. А юныя майстры разьбы па дрэве Дорскага філіялу Настасся Азарэвіч і Максім Страчынскі, выцінанкі – Ганна Часнок пазнаёмілі са сваёй творчасцю. Традыцыйнае ткацтва пояса на ніту асвоіла і паказала сваё ўменне ўдзельніца гуртка “Чароўныя паясы” Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры дзевяцігадовая Настачка Рыснік.
Усяго ў фестывалі прыняло ўдзел звыш 40 чалавек. Адпаведна жанравым намінацыям кожны выканаўца і калектыў атрымалі дыпломы і салодкія падарункі. Напрыканцы, вядучая мерапрыемства Святлана Журавец, выказала ўпэўненасць, што дзякуючы кіраўнікам і настаўнікам, юным нашым сябрам-удзельнікам, спадчына нашага народа, яго традыцыі будуць захоўвацца, пераймацца і развівацца.

