222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
Такую ініцыятыву праявілі былыя выпускнікі геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
Афіцыйна геабаза БДУ ля вёскі Калдыкі ў нашым раёне была адкрыта ў 1973 годзе. Дакладная яе назва – вучэбная геаграфічная станцыя “Заходняя Бярэзіна”, але выраз “геабаза” больш звыклы не толькі для нашага вуха. На карце ж раёна такая кропка з’явілася яшчэ раней – у 1970 годзе, калі былі завезены першыя “тралейбусы”, у якіх пражывалі выкладчыкі. Студэнты-практыканты разбівалі палатачны лагер. З таго моманту на працягу многіх дзесяцігоддзяў тут праходзяць летнюю вытворчую практыку студэнты 1-2 курсаў. Менавіта геабаза стала той памятнай кропкай, якая аб’ядноўвала групы, курсы. І на ўсё астатняе жыццё стала ўспамінам аб лепшых гадах студэнцкай маладосці. Значныя змены адбыліся і на тэрыторыі станцыі, што ператварылася ў сапраўдны студэнцкі гарадок.
Ідэя аб адкрыцці памятнага знака лунала ў паветры даўно. Ініцыятыву праявіў выпускнік 1990 года Уладзімір Малашанкаў, які пасля заканчэння ўстановы некаторы час працаваў на факультэце. Знайшліся і аднадумцы. Быў дастаўлены і ўстаноўлены камень-валун, на якім выбіты, канешне ж, геаграфічныя каардынаты станцыі, а таксама ноты і радкі з песні, што некалькі гадоў ужо з’яўляецца нефармальным гімнам выпускнікоў. Напісаны ён тым жа Уладзімірам Малашанкавым.
На адкрыцці памятнага знака прысутнічалі былыя дэкан і намеснік дэкана факультэта, каля 25 выпускнікоў розных гадоў. Выступалі старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства прафесар Пётр Сцяпанавіч Лопух, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце кандыдат геаграфічных навук дацэнт Міхаіл Мікалаевіч Брылеўскі, дарэчы, наш зямляк, выпускнік сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Усе дружна вырашылі, што апошняя нядзеля мая павінна стаць традыцыйнай сустрэчай выпускнікоў.
Апошнія некалькі гадоў на геабазе студэнты праходзяць не толькі практыку. Тут ладзіцца творчы конкурс “Музычны глобус”, прадзюсіруе які таксама У. Малашанкаў. Ён заўважыў, што факультэт вельмі багаты на творчых людзей і вырашыў іх падтрымліваць. Варта толькі ўспомніць, што сярод выпускнікоў геафака вядомы спявак і тэлевядучы Георгій Калдун, Канстанцін Драпеза з дуэта “Аляксандра і Канстанцін”, які першым прадстаўляў нашу краіну на Еўрабачанні, Іван Юркін з групы “Беz Білета”. Гэта далёка не поўны пералік. І кожны “Музычны глобус” адкрывае 2-3 таленавітых студэнтаў, якія праяўляюць сябе не толькі ў геаграфіі.
Наталля ШТЭЙНЕР
15 чэрвеня 2017 года ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК сумесна з работнікамі Вішнеўскіх сельскай бібліятэкі і сельскага Дома культуры ладзілі сустрэчу-ўспамін “Паклон праз гады…” - да 105-годдзя з дня нараджэння слаўнага земляка – таленавітага, празаіка, перакладчыка, краязнаўцы, былога настаўніка Вішнеўскай сярэдняй школы Пятра Іванавіча Біталя. На мерапрыемства былі запрошаны і прыехалі яго родныя: сын Андрэй Пятровіч Бітэль (разам з жонкай Ірынай Канстанцінаўнай , дачкой Наталляй, зяцем і ўнукам - з Пухавіцкага раёна; дачка Ала Пятроўка Кукель, унучка Тамара Іванаўна Бярэзіна з сынам Аляксеем – з Маладзечна; а таксама вядомы краязнаўца, пісьменнік і бібліяфіл Міхась Міхасевіч Казлоўскі, які шчыра сябраваў з Пятром Іванавічам да яго апошніх дзён…
Напачатку рунеўцы разам з гасцямі наведалі магілу П.І.Біталя і яго жонкі Ніны Іванаўны, а таксама вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, усклалі кветкі.
У фае сельскага дома культуры , дзе праходзіла сама сустрэча-успамін, аформлена тэматычная літаратурная выстава, на журнальным століку – партрэт Пятра Іванавіча, кветкі, свечка, якую запалілі на пачатку мерапрыемства. У імправізаванай зале – госці, вучні, якія адпачываюць у летнім лагеры на базе мясцовай школы, сталыя і юныя вішнеўцы. Вершы П.І.Біталя і пра яго, цёплыя, шчырыя ўспаміны М.Казлоўскага, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. Бярэзінай, якая пайшла не толькі настаўніцкай сцяжынай свайго роду, але і дзедавай літаратурнай, М. Шакун , былых вучаніц слаўнага Настаўніка і творцы Н. Іванкевіч і Л.Бітэль краналі да слёз. Пранікнёна чыталі ўрыўкі з вершаваных аповесцяў Пятра Біталя “ Дзве вайны” і “Баруны” удзельніцы гасцёўні “Вянок”, якая працуе пры бібліятэцы, і вакальнага гуртка СДК Таня Трахімовіч і Яна Бітэль, якія таксама выканалі песню “Люблю…” на словы К.Буйло.
Лейтматывам жа сустрэчы-успаміну сталі апошнія радкі з вядомага верша Пятра Іванавіча, які гучыць наказам не толькі кроўным нашчадкам, але і ўсёй нашай моладзі:
Любіць сваё - зусім не значыць
Чужое ганьбіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе без сумнення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.
Валянціна Гіруць-Русакевіч, кіраўнік
народнага літаратурна-мастацкага
аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК
Утрамбаваць, памераць і закрыць – вось, здавалася б, і ўсе асаблівасці працэсу запаўнення гаспадарчых траншэй кармамі для грамадскага статка. Але толькі на першы погляд. Насамрэч, тут хаваецца велізарны аб’ём працы задзейнічанага персаналу. Перадавыя калектывы пра гэта ведаюць – і спраўляюцца на “выдатна”.
Карэспандэнты раённай газеты прыехалі ў ААТ "Агра-Дубінское" ў самы “цікавы” момант – акурат на завяршэнне закладкі сянажнай ямы каля комплексу “Дубіна-Вяршыцкая”. Як паведаміў дырэктар гаспадаркі Генадзь Вацлававіч Каспяровіч, аб’ём масы тут дасягнуў 1900 тон. І гэта ўжо другая па ліку яма, якую закрываюць травамі першага ўкосу. У папярэдняй змясцілася 1200 тон. Яшчэ 180 тон па стане на 13 чэрвеня нарыхтавана ў плёнцы.
Усяго ж у адкрытым акцыянерным таварыстве налічваецца 13 траншэй. Пры спрыяльным раскладзе спраў у іх змесціцца больш за 10 тысяч тон сіласу і 9800 тон сенажу.
На самай справе гэты рэпартаж пачаўся трохі воддаль ад галоўнага аб’екта – на сумежным полі, дзе ва ўсю шчыравалі рупліўцы-механізатары. На магутных трактарах, “МАЗах”-шматтонніках і іншай тэхніцы яны курсіравалі адзін за адным, напаўняючы вялікія, але, як хутка станавілася відавочным, зусім не бяздонныя прычэпы скошаным духмяным кормам, і борздзенька адвозячы “зялёны ўраджай” да месца прызначэння. Адзін з трактароў, цягнучы за сабой шыроказахопныя механічныя граблі, значна аблягчаў іншым працэс збору кармоў, збіваючы сянаж у акуратныя валкі. За рулём шчыраваў адзін з самых маладых членаў працоўнага калектыву ААТ “Агра-Дубінское” Аляксандр Канановіч. Малады чалавек у гаспадарцы другі год і на сваю работу мае станоўчыя вогукі ад калег і кіраўніцтва.
На сянажнай яме панавала выключная дысцыпліна, яе дэманстраваў кожны ўдзельнік трамбоўкі. Справа не толькі ў патрэбе строгага захавання тэхналогіі закладкі, але і ў асабістай сумленнасці, разуменні, што сёлетні травастойны сезон выдаўся далёка не самым прадукцыйным, і таму важна зберагчы кожны кілаграм будучага корму… Таму работнікі строга сачылі за ідэальнай чысцінёй на паверхні траншэі, а два пагрузчыкі старанна выязджалі па масе, максімальна спрэсоўваючы яе, выціскаючы лішкі кіслароду. Вось дык парадокс: гэты важны для жыцця хімічны элемент прыносіць дрэнна затрамбаванаму сенажу прамую шкоду, запускаючы працэсы акіслення, а потым – і гніення! Але вадзіцелі цяжкай тэхнікі – Васіль Міхайлавіч Арыка з КСУП “Сугвазды-агра” і мясцовы механізатар Мікалай Міхайлавіч Іванчык – маюць вялікі вопыт у падобных справах і хібаў у адказнай рабоце не дапускаюць.
Адзін з самых важных момантаў пры фарміраванні кармавой траншэі – пастаянны кантроль за тэмпературай у яе зялёных нетрах. Згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі, яна не павінна перавышаць 36 градусаў па Цэльсію. Малады спецыяліст-аграном гаспадаркі, ураджэнец лідскай зямлі Аляксандр Уладзіміравіч Кандраценкаў, робячы замеры, прадэманстраваў вынік – 27,2 градуса. Так што ўсё ў норме!
Вечарам 13 чэрвеня другая сянажная яма ў ААТ “Агра-Дубінское” была закрыта, а на наступны дзень камандзіраваны калектыў механізатараў дружна рушыў на дапамогу ў аналагічнай справе суседзям з Сугваздаў. Верыцца, што і там работа будзе пыніцца на радасць удзельнікаў першай касьбы і будучую карысць для пярэстых карміцелек-пеставанак.
Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара
Гэтага маладога чалавека хочацца ў знак павагі назваць поўным імем – Павел Міхайлавіч ШАЎЛЮК. Ён выбраў для сябе нялёгкую, але такую патрэбную і высакародную прафесію медыка.
Спецыяльнасць у Паўла Міхайлавіча вельмі традыцыйная. Такіх звычайна называюць “сямейны ўрач”, у дыпломе ж значыцца “ўрач агульнай практыкі”.
Другі год працуе ён тэрапеўтам у Ракаўскай сельскай бальніцы. Найлепш пра яго сказаў адзін з калег: “Малады спецыяліст, якому давяраюць”. У медыцыну прыйшоў, каб прадоўжыць сямейную дынастыю. Праўда, бацька аддаў перавагу ветэрынарыі. А вось маладая жонка, што зараз праходзіць інтэрнатуру ў Гродне, таксама будучы тэрапеўт.
Пазнаёміцца з Паўлам Міхайлавічам выпала ў вельмі неспрыяльную часіну: маладая маці прынесла траўміраванае гадавалае дзіця. Жанчына і сама знаходзілася ў стрэсавым стане, і малое заходзілася ад плачу. П. М. Шаўлюку патрэбна было дзейнічаць імгненна: візуальны агляд, дыягназ, рашэнне праблемы. Урача давялося пакінуць сам-насам з маленькім пацыентам, якому спачувалі ўсе прысутныя, а дапамагчы мог толькі чалавек у белым халаце…
Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара
Часта здараецца так: перш чым штосьці атрымаць, даводзіцца пабываць на краі адчаю – перажыць падзеі непрыемныя настолькі, што на першы погляд здаюцца невыноснымі…
Вось на які падарунак лёсу магло разлічваць сямігадовае дзіця, якое на многія месяцы пасялілася ў бальнічнай палаце? Аказалася, прыз для пераможцы ў барацьбе з набытай у выніку цяжкай траўмы хваробай – будучая прафесія.
Сёння Марына Аляксандраўна НЕХВЯДОВІЧ – участковы тэрапеўт сельскага прыпіснога ўчастка – з лёгкасцю разважае аб тым, як мог бы скласціся яе лёс, калі б не тыя бясконцыя дні на ложку хірургічнага аддзялення. Магчыма, жыццёвая дарога прывяла б яе ў інстытут замежных моў. Але ад медыкаў, што вярнулі ёй здароўе, яна назаўсёды заразілася цікаўнасцю да высакароднай і складанай прафесіі.
Марыне пасля працяглай бальнічнай эпапеі было даволі цяжка аднавіць адносіны з дзецьмі, вельмі ж бестурботнымі здаваліся яны рана пасталеўшай дзяўчынцы. Выдатная памяць дазволіла ёй узбагаціць лексікон медыцынскімі тэрмінамі, таму здавалася, што можна амаль на роўных абмяркоўваць з людзьмі ў белых халатах асаблівасці захворванняў, дыягназы, спосабы лячэння. Многія яе ўяўленні былі недакладнымі, аднак нейкія моманты яна зразумела выключна правільна. Напрыклад, тое, што галоўны орган у арганізме – сэрца, якое выконвае ролю рухавіка. Такім чынам, ужо з сямі гадоў цвёрда ўпэўнілася – стане медыкам, і не якім-небудзь, а менавіта кардыёлагам. Матывацыя была і застаецца адзінай і ярка акрэсленай – хоча дапамагаць людзям развітвацца з хваробамі.
У школе побач са стараннай вучаніцай аказаліся, калі можна так сказаць, правільныя педагогі. Марына Аляксандраўна з цеплынёй успамінае сваіх першых павадыроў у свет біялогіі і хіміі – Наталлю Юр’еўну Кандэр і Таццяну Вячаславаўну Халявінскую. Гэтыя настаўніцы праз прызму школьных прадметаў разгледзелі ў дзяўчынцы апантанасць медыцынай. Доўгія шэсць гадоў “угрызалася” яна ў граніт анатоміі, фізіялогіі, гісталогіі і мноства спецыяльных дысцыплін падчас вучобы ў інстытуце. Дзеля сваёй мэты вытрымала ўсё. Дарэчы, у студэнткі быў момант, калі задумалася над магчымасцю займацца навукай, нават пісала навуковую працу аб уздзеянні іанізуючай радыяцыі на лімфатычную сістэму пацукоў, але… Хутка адчула: тэарэтычная медыцына – карысны кірунак, цікавы, ды не яе. Яна ж выбрала шлях поруч з пацыентамі. Дапамагалі вера ў свае сілы і шчаслівая для будучага медыка адсутнасць страху перад дзеяннямі ў анатамічцы.
Інтэрнатура ў адной са сталічных клінік дала магчымасць чарговы раз праверыць сябе. А яшчэ год самастойнай работы ў Пяршайскай урачэбнай амбулаторыі, які без перабольшання можна залічыць за тры ва ўмовах гарадской лячэбнай установы, дапамог прыйсці да высновы: “Я ўрач не толькі па дыпломе!”
Зараз яе клопат – наведвальнікі райпаліклінікі. Але, як лічыць сама Марына Аляксандраўна, доктар, што не працуе ў стацыянары, ніколі не будзе мець той вопыт, які дазволіць адчуваць сябе сапраўдным прафесіяналам. Таму яе свядомы выбар – начныя і сутачныя дзяжурствы ў тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы. Безумоўна, нярэдка пакутуе ад стомы. Аднавіць страчаны падчас складанай змены настрой бывае няпроста. Але праз любыя церні яе вядуць непахісная ўпэўненасць у сваім выбары і бясконцая ўлюблёнасць у цяжкую і бадай самую высакародную прафесію.
Абраннікам гэтай жанчыны мог стаць мужчына з дыпломам юрыста, інжынера ці, скажам, ваеннага. Шырокі жыццёвы кругагляд і рознабаковыя прыхільнасці робяць А. А. Нехвядовіч бяспрэчна цікавай асобай, а пастаянная праца над уласным інтэлектам не дазваляе замыкацца толькі ў рамках прафесійных тэм. Але ж факт застаецца фактам, яна выйшла замуж за ўрача. Кажуць, калі маеш намер правесці вольны час з пяццю прадстаўнікамі адной прафесіі, лепш арандаваць канферэнц-залу, чым столік у рэстаране. Таму для нашай гераіні і яе мужа Альфрэда Зянонавіча даўно існуе негалоснае правіла: дома медыцыне – не. Гэта дапамагае ім паўнацэнна жыць па-за рамкамі работы.
Марына Аляксандраўна любіць чытаць. Яна – заўзятая прыхільніца творчасці Міхаіла Булгакава. Персанаж, які падабаецца больш за іншых, – прафесар Праабражэнскі. Часта дазваляе сабе паглыбіцца і ў поўны рызыкі і прыгод свет раманаў Генрыка Сянкевіча. Бывае і так, што душа патрабуе адкрыць том фантастыкі ці нават фэнтэзі. З сяброўкай-мастачкай з радасцю абмяркоўваюць новыя напрамкі сучаснага выяўленчага мастацтва, выдатна шые, вяжа, упэўнена адчувае сябе і на кухні. Аднак прызнаецца, што, калі ў сям’і ўзнікае неабходнасць накрыць святочны стол, з ахвотай перадае абавязкі шэф-повара мужу, сама ж з задавальненнем застаецца пры ім памагатай.
Цяжка ўявіць, што ў нашай маладой, спартыўнага выгляду субяседніцы даволі дарослыя дзеці – 16 і 10 гадоў. Муж, два сыны… Яе жыццё праходзіць у акружэнні прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, магчыма таму пытанні прывабнасці і жаноцкасці для яе не на апошнім месцы. Да таго ж яна даўно зрабіла выснову, што знешні выгляд доктара, як і яго ўменне кантактаваць з людзьмі, спрыяе лепшаму разуменню пацыентаў, правільнай пастаноўцы дыягназу, адэкватнаму лячэнню і, як вынік, хуткай папраўцы.
Урач-тэрапеўт марыць аб тых часах, калі ўсе будуць здаровымі і лячэнне нікому не спатрэбіцца. На жаль, культура паводзін нашых грамадзян у дачыненні да ўласнага здароўя, на яе думку, пакуль далёка не на належным узроўні. Сама ж доктар абедзвюма рукамі – за здаровы лад жыцця. Паважае фізічную нагрузку, пасля двух цяжарнасцей не на словах зведала, што такое барацьба з лішнімі кілаграмамі. Тым не менш, упэўнена, што ўніверсальных парад наконт таго, як зберагчы маладосць і прыгажосць, не існуе. Для кожнага – індывідуальны падыход. Агульныя толькі ўстаноўкі: не распускацца, развіваць самадысцыпліну, не марыць аб жыцці – жыць.
Марына Аляксандраўна – чалавек глыбокі, удумлівы, у яе свой уласны цікавы ўнутраны свет, сваё філасофскае стаўленне да наваколля. Яе адказы на зададзеныя пытанні не назавеш легкадумнымі, наадварот, грунтоўнасць разважанняў уражвае. Аднак на пытанне: “Што б Вы пажадалі нашым чытачам?” адказвае ўпэўнена, амаль не раздумваючы: “Хачу, каб людзі на самай справе ставіліся да іншых так, як хацелі б, каб тыя ставіліся да іх. І яшчэ… Давайце ўсе разам станем хоць крыху дабрэйшымі!”
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара
У Маладзечне прайшоў I Рэспубліканскі адкрыты фестываль-конкурс “Свята саксафонаў”. У намінацыі “Ансамблі” ў ім браў удзел брас-квінтэт Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў.
Артур МАШАРЫПАЎ, Данііл МІХЕТКІН, Аляксей ПАШКОЎСКІ, Ягор КАЗЛОЎ, Мар’ян ПРЫЁМКА добра выканалі падрыхтаваны твор. Прадстаўнічае журы ў складзе вядомых дзеячаў музычнага мастацтва Беларусі, Расіі, Латвіі і Польшчы ацаніла выступленне нашых рабят. Яны дастойна выглядалі на агульным фоне, нягледзячы на тое, што ў конкурсе, акрамя выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі, удзельнічалі навучэнцы сярэдніх і вышэйшых устаноў адукацыі. Наш брас-квінтэт вярнуўся дадому з граматай. Рыхтавала яго да конкурсу Н. В. Усцюжаніна.
Маленькія выхаванцы Валожынскай школы мастацтваў упершыню прынялі ўдзел у адкрытым фестывалі-конкурсе для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлы Жу-жа”, які прайшоў у Гальшанах на Гродзеншчыне.
Конкурс ладзіўся ў другі раз, заяўкі на яго падалі прадстаўнікі з усіх абласцей рэспублікі. Сёлета ён сабраў амаль 400 юных дараванняў.
Для валожынцаў “Вясёлы Жу-жа” аказаўся багатым на ўзнагароды. У намінацыі “Інструментальны жанр” дыплом лаўрэата III ступені атрымаў саксафаніст Ягор Усцюжанін, якога вучыць Н. В. Усцюжаніна.
Удалося пакарыць п’едэстал конкурсу выхаванцам аддзялення выяўленчага мастацтва Віялеце Макоўскай, што ў намінацыі “Жывапіс” атрымала дыплом лаўрэата I ступені. Дыпломам I ступені ў гэтай жа намінацыі ўзнагароджаны Станіслаў Лоўчы і Софія Радзівілка, II ступені – Лізавета Макоўская. Усе яны выхаванцы В. М. Прыёмкі, якая вучыць дзяцей маляваць, і тыя адчуваюць сябе ў гэтай справе як рыба ў вадзе.
Анжэла РАДЫНА
Экскурсійныя аўтобусы і групы турыстаў на тэрыторыі нашага раёна – з’ява прывычная. Але прайсці міма гэтай стракатай чародкі і не затрымацца было немагчыма. Прыгожыя, маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю слухалі экскурсавода, знаёмячыся са славутасцямі Ракава…
Першакласнікі Бараўлянскай СШ і іх настаўніца Алена Аляксандраўна Сталярова аўтобусны ваяж па Валожыншчыне заказалі ў Мінскім турыстычным агенцтве. Выехалі ў 8 гадзін раніцы. Дарога аказалася лёгкай і не вельмі доўгай. Першым прыпынкам стала вёска Эпімахі. Тут гаспадар мясцовай аграсядзібы арганізаваў для дзяцей “Пірацкую вечарынку”. Падсілкаваўшыся, атрымаўшы зарад бадзёрасці, юныя турысты накіраваліся ў старажытны Ракаў. Наведалі касцёл, палюбаваліся на прыгажуню раку Іслач, пакармілі лебедзяў, памыліся вадзіцай са Святой крыніцы. У хвіліне маўчання пастаялі каля брацкай магілы на могілках.
Як потым расказала настаўніца А. А. Сталярова, вучні засталіся ў захапленні ад паездкі. Яны адзначылі, што дамы ў сельскай мясцовасці на Валожыншчыне пабудаваны на іншы манер, чым у іх родных Бараўлянах. Заўважылі дзеці і многа старажытных дэталяў у Ракаве. Найбольш жа іх уразіла тое, што на яўрэйскіх магілках кладуць не кветкі, а каменьчыкі.
Гэта ўжо не першая экскурсія школьнікаў з Мінскага раёна ў наш край. Алена Аляксандраўна таксама не навічок на турыстычных сцежках Валожыншчыны і лічыць, што ў пагоні за далёкімі экзатычнымі краінамі часам “тэра інкогніта” становіцца тое, што побач. Сапраўдныя адкрыцці чакаюць тых, хто стаўку робіць на ўнутраны турызм.
Алена ЗБІРЭНКА
Фота Сяргея БОБРЫКА
У мінулую суботу адбылася важная падзея ў жыцці маладых людзей, якія вясной гэтага года былі прызваны ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 115 навабранцаў прынеслі прысягу на вернасць народу Рэспублікі Беларусь на пляцы воінскай часці № 30695 Валожына.
Перад пачаткам мерапрыемства бацькі і блізкія з хваляваннем стараліся адшукаць у выстраеных калонах сваіх сыноў, братоў, каханых. У тых, каму гэта ўдавалася, на вачах з’яўляліся слёзы радасці, твары станавіліся шчаслівымі, і далей яны з гонарам назіралі за сваімі салдатамі.
Да новага папаўнення звярнуўся камандзір часці палкоўнік С. В. Галіеў. Ён расказаў аб значэнні Ваеннай прысягі і выказаў упэўненасць у тым, што кожны курсант будзе верна служыць беларускаму народу, даражыць воінскай чэсцю, баявой славай сваёй брыгады, рабіць усё дзеля бяспекі Радзімы.
Наступіў самы хвалюючы момант урачыстасці, родныя лавілі кожнае слова, углядаліся ва ўзмужнелыя дарагія твары, намагаліся падтрымаць іх хоць позіркам. Тыя ж, чаканячы, вымаўлялі кожнае ёмкае і глыбокае слова прысягі. Начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення, намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр П. В. Ціханаў непасрэдна заслухаў прынясенне прысягі ад многіх навабранцаў, павіншаваў і нават сфатаграфаваўся з імі і іх роднымі.
Па-бацькоўску шчыра выказалі свае пажаданні маладым салдатам намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, ветэран злучэння падпалкоўнік у адстаўцы У. У. Сёмін. З наказам выступіла маці аднаго з курсантаў вучэбнага падраздзялення Т. К. Малевіч, ад імя папаўнення слова меў Мікіта Лашч. Па традыцыі, на добрую службу благаславіў Благачынны Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч.
Юнакі трапілі ў валожынскую часць з розных рэгіёнаў краіны, сярод іх аказаліся і жыхары нашага раёна Мікалай Маціеўскі, Уладзімір Радына, Антон Фралоў. Маладым людзям пашчасціла служыць на малой радзіме.
Разам з тымі, хто праходзіць тэрміновую службу, прысягу прынялі 2 дзяўчыны-кантрактніцы. Для прыгожай паловы чалавецтва выбар прафесіі ваеннаслужачага – заўсёды добра прадуманае рашэнне. Па слядах бацькі вырашыла пайсці дачка начальніка штаба, першага намесніка камандзіра брыгады палкоўніка А. У. Макарава. Зразумела, што гэты дзень для яе лёсавызначальны. З важнай падзеяй у жыцці дзяўчыну і яе родных павіншавала вышэйшае камандаванне.
Пасля заканчэння ўрачыстасці ў РЦК адбылася сустрэча з бацькамі. З гісторыяй брыгады і армейскімі буднямі салдат тэрміновай службы іх пазнаёміў палкоўнік А. У. Макараў. Ён паведаміў, што праграму пачатковай ваеннай падрыхтоўкі байцы засвоілі, цяпер пачнецца агульнавайсковая. Аб прэстыжы службы ў 153-й Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай зоркі радыётэхнічнай брыгадзе асобага прызначэння расказаў генерал-маёр П. В. Ціханаў.
Бацькоў хвалявала, дзе будуць далей служыць іх дзеці пасля навучання ў вучэбнай роце. Ім патлумачылі, што асобныя воінскія часці, якія ўваходзяць у склад брыгады, дыслацыруюцца ў Брэсце, Гродне і Віцебску. Туды і размяркуюць частку курсантаў, частка застанецца ў Валожыне, а некаторых накіруюць у Барысаў і Слуцк, дзе тыя пройдуць спецыяльную падрыхтоўку, пасля чаго вернуцца ў воінскую часць № 30695. Цікавіла прысутных і пытанне неўстаўных адносін. Родных запэўнілі, што іх дзецям пашанцавала, яны трапілі ў самую бяспечную ў гэтых адносінах брыгаду, бо сюды прыходзяць служыць інтэлектуалы. Каля 25% навабранцаў маюць вышэйшую адукацыю, больш за 40% – сярэднюю спецыяльную. Такое становішча гаворыць пра многае. Былі зададзены камандаванню і пытанні, звязаныя з бытам салдат. Бацькі пераканаліся, што іх дзеці пад надзейнай апекай.
Традыцыйна для родных навабранцаў была праведзена экскурсія па воінскай часці, яны змаглі ўпэўніцца, што жыццё салдат добра наладжана, ёсць усё неабходнае. А затым маладых людзей чакала першае звальненне. Яны правялі час у коле блізкіх, разам пагулялі па горадзе, падзяліліся навінамі, а вечарам вайскоўцы вярнуліся ў размяшчэнне сваёй часці.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара
А именно проводят капитальный ремонт. Сейчас новый облик придают жилому дому № 6 по улице Гагарина.
Полностью завершить комплекс работ планируют в конце августа. На эти цели выделено почти 390 тысяч рублей.