222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

На пляцы вайсковай часці 30695 прайшла ўрачыстасць, прымеркаваная да пачатку новага вучэбнага года. Па традыцыі да асабовага складу з вітальным словам звярнуўся начальнік штаба злучэння Аляксандр Уладзіміравіч Макараў. Прагучалі словы падзякі ў адрас кожнага ваеннаслужачага, які ўнёс свой уклад у павышэнне прэстыжу 153-й асобнай брыгады асобага прызначэння.
У мінулым вучэбным годзе прадстаўнікі злучэння дасягнулі станоўчых вынікаў па ўсіх кірунках дзейнасці, што не аднойчы адзначалася на ўзроўні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл. У прыватнасці, падчас мітынгу быў агучаны загад за подпісам міністра абароны генерал-лейтэнанта В. Г. Хрэніна, згодна з якім за выдатную службу, дасягнутыя поспехі, разумную ініцыятыву, праяўленую пры падтрыманні ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў баявым стане, работу па ўдасканаленні і развіцці сістэмы тэхнічнага забеспячэння беларускай арміі аб’яўлена падзяка і ўручаны каштоўны падарунак намесніку камандзіра падпалкоўніку Алегу Бырысавічу Мініну. За высокія паказчыкі па выніках спартакіяды воінскіх часцей камандзе з Валожына прысуджана ганаровае трэцяе месца з уручэннем кубка і граматы, падзякай адзначаны камандзір злучэння палкоўнік Андрэй Віктаравіч Калач, уручана ганаровая грамата маёру Аляксандру Юр’евічу Аўсіенка, а намесніку камандзіра падпалкоўніку Аляксею Уладзіміравічу Жыгунову – падзяка і каштоўны падарунак. Таксама за значныя поспехі ў службовай дзейнасці старшаму лейтэнанту Уладзіміру Юр’евічу Васільцову і маёру Сяргею Сяргеевічу Мелюку аб’яўлены падзякі начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першага намесніка міністра абароны генерал-маёра А. Р. Вальфовіча.
Палкоўнік А.У.Макараў уручае ўзнагароду маёру С.С.Мелюку
Да пачатку вучэбнага года кіраўніцтва воінскай часці прымеркавала прысваенне чарговых званняў малодшым камандзірам. Перад строем саслужыўцаў сяржанцкія пагоны атрымаў малодшы сяржант Аляксандр Мулярчык, а радавы Віктар Ніканчук – пагоны малодшага сяржанта.
А. У. Макараў падкрэсліў: новы вучэбны год кіраўніком ваеннага ведамства краіны аб’яўлены Годам баявой гатоўнасці.
Таму адна з галоўных задач, якія стаяць перад ваеннаслужачымі ў бліжэйшы час, – не толькі захаваць дасягнутыя вынікі, але і памножыць іх. Асноўным прыярытэтам у вучэбнай дзейнасці павінна стаць павышэнне выніковасці мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі з выкарыстаннем сучаснага ўзбраення і тэхнікі. У дадзеным кірунку пастаянна павышаюцца патрабаванні да кожнага ваеннаслужачага. Сёння афіцэры, прапаршчыкі і салдаты тэрміновай службы абавязаны дэманстраваць высокі прафесіяналізм, глыбокія ваенныя і ваенна-тэхнічныя веды, арганізаванасць і дысцыпліну. Ключавым момантам вучэбнага года для брыгады стане ўдзел у стратэгічных вучэннях Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Запад-2021”.
Падчас непрацяглай гутаркі з палкоўнікам А. У. Макаравым мы высветлілі: літаральна са святочнага пастраення вучэбны год пачнецца для 111 навабранцаў, з якіх 15 з’яўляюцца прадстаўнікамі Валожыншчыны. Разам з мужнымі юнакамі ваенную навуку будуць спасцігаць і пятнаццаць дзяўчат. Аляксандр Уладзіміравіч зрабіў акцэнт на тым, што новае папаўненне ў параўнанні з папярэднім вельмі моцнае і перспектыўнае. І гэта не дзіўна – з апошнім прызывам у часць прыйшла значная колькасць выпускнікоў ВНУ. Многія з іх – з дыпломамі інжынераў ці спецыяльнасцямі, звязанымі з веданнем замежных моў, а гэта выдатна адпавядае спецыфіцы часці. Таксама адзначана: навейшае ўзбраенне і тэхніка, якімі ў апошні час папоўніўся арсенал брыгады (плануецца і новае паступленне), патрабуе высокаадукаваных спецыялістаў, таму іх падрыхтоўка аўтаматычна выходзіць на новы якасны ўзровень. З гэтай нагоды сур’ёзны акцэнт робіцца на павелічэнне колькасці прафесіяналаў, што гатовы несці службу на кантрактнай аснове.
Пачатак вучэбнага года, як заўсёды, быў адзначаны ўрачыстым маршам. Ён стаў першым у жыцці ўчарашніх прызыўнікоў. Літаральна праз два тыдні на пляцы зноў будуць гучаць віншаванні, наказы і ўзнёслыя словы ваеннай прысягі – армейская моладзь паклянецца верна і аддана служыць Радзіме.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара
Наша памяць дзіўная. У самыя непрадказальныя моманты яна дорыць часцінкі ўспамінаў пра былыя часы, і мы нібыта вяртаемся ў далёкае мінулае…
11 снежня 2020 года – знамянальная дата ў жыцці Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Роўна 40 гадоў таму, у далёкім 1980 годзе, першых наведвальнікаў прыняў створаны тут гісторыка-краязнаўчы музей. Гэтаму папярэднічала складаная і карпатлівая праца па зборы экспанатаў і афармленні экспазіцыі не толькі работнікамі, але і выхаванцамі. А ініцыятарамі ўсяго з’яўляліся тагачасны дырэктар Фёдар Лазаравіч Гольдшмідт, настаўнікі гісторыі і працоўнага навучання Мікалай Мікалаевіч Куксо і Анатоль Уладзіміравіч Басько, былы вахаванец, а ў той час ужо і настаўнік нямецкай мовы інтэрната Генрых Вікенцьевіч Лапуцкі, многія іншыя.
Напачатку свайго існавання, ды і шмат годоў пасля музей размяшчаўся ў прыстасаваных памяшканнях. Але, калі з’явілася магчымасць, пад яго быў пераабсталяваны, з улікам сучасных патрабаванняў, адзін з былых жылых карпусоў. Гэта прыгожае светлае памяшканне знаходзіцца акурат насупраць галоўнага ўваходу ў інтэрнат, і не заўважыць яго проста немагчыма. Так музей «нарадзіўся» як бы ў другі раз. Цяпер ён размяшчаецца ў шасці залах: «Сялянскі побыт», «Наш край у фотаздымках», «Карцінная галерэя і творчасць вучняў», «Ваеннае ліхалецце» і дзве этнаграфічныя залы. Частка экспазіцыі прысвечана жыццю і дзейнасці нашага славутага земляка Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. Агульная колькасць экспанатаў перавышае тысячу, і кожны з іх у сваім родзе ўнікальны. Нездарма, яшчэ калі існаваў СССР, у чэрвені 1991 года гісторыка-краязнаўчы музей інтэрната атрымаў ганаровае званне «Народны».
Па матэрыялах музея прасочваецца гісторыя Івянца і наваколля ў мінулым і яго сувязь з цяперашнім часам. Ён па праве быў і застаецца цэнтрам вучэбна-выхаваўчай работы ў інтэрнаце. Шмат магчымасцей ёсць тут, каб правесці ўрокі па гісторыі і геаграфіі, біялогіі, працоўным навучанні, выяўленчым мастацтве, спевах, розныя пазакласныя мерапрыемствы. Настаўнікам і выхавацелям прадастаўлена магчымасць выхоўваць патрыятызм, любоў да прыроды роднага краю, свайго народа. Асабліва хацелася б адзначыць работу аб’яднання па інтарэсах «Спадчына», якім кіруе Валянцін Антонавіч Сабалеўскі. Дзеці з цікавасцю і карысцю для сябе наведваюць яго заняткі ў музеі, распрацавалі тэксты экскурсій, прымаюць актыўны ўдзел у рэстаўрацыі экспанатаў і афармленні залаў. З ліку выхаванцаў падрыхтаваны экскурсаводы, што з захапленнем могуць расказаць пра кожны экспанат. Асабліва падабаецца праводзіць экскурсіі Надзеі Міцэвіч, Андрэю Клоку, Алене Лысенка, Андрэю Кавалёву.
Многія тысячы людзей наведалі музей за 40 гадоў яго існавання. Былі тут вядомыя спартсмены, артысты, кіраўнікі розных узроўняў, замежныя дэлегацыі, валанцёры, вучні. Дастаткова назваць Эдуарда Ханка, Ядвігу Паплаўскую і Аляксандра Ціхановіча, Ігара Лучанка, Алу Цупер, Сяргея Бароўскага, хакеістаў мінскага «Дынама» ў поўным складзе, Вольгу Барабаншчыкаву – усіх і не пералічыць!
У нашым музеі заўжды рады гасцям. Хто хоць раз пабываў у ім, пакідаюць з пачуццём захаплення і ўдзячнасці, з пажаданнем новых поспехаў. У кнізе водгукаў – толькі станоўчыя запісы. Ну і, канешне, кожны марыць вярнуцца сюды ізноў, таму што ў наступны раз тут абавязкова з’явіцца нешта новае!
Алена ПЕТРАШКЕВІЧ,
дырэктар Івянецкага
дома-інтэрната для дзяцей
з асаблівасцямі
фізічнага развіцця
Фота Івянецкі дом-інтэрнат
Напярэдадні Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь намеснік начальніка Валожынскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Акушка завітаў да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Васільевіча ФУРСА, падзякаваў за гераічную працу і за права сённяшняга пакалення жыць пад мірным небам, пажадаў моцнага здароўя і даўгалецця, уручыў падарунак.
Іван Васільевіч у сваю чаргу падзяліўся ўспамінамі пра ўклад у перамогу над фашызмам: «Мая вайна пачалася з уступлення ў партызанскі атрад, тады блакада была, у 1943 годзе. Мне якраз споўнілася 18 гадоў. Служыць у Чырвонай Арміі я стаў пазней, калі ўжо Мінск вызвалілі, дайшлі да Польшчы.
Неяк мяне паставілі ў пару з кулямётчыкам, дыскі мяняў, а калі яго падстрэлілі, я сам узяўся за прыладу. Там два кулямёты нямецкія не давалі падняцца. Камандзір даў мне бінокль, каб скаардынаваць стральбу, і я разбіў іх са сваёй зброі. Памятаю тады крык «Наперад!» – і ўсе рынуліся. Толькі паспеў падняцца, як мяне снайпер «зняў». Праляжаў да цемры і ўжо амаль развітаўся з жыццём. Параненых з поля бою падбіралі, а я не мог ні паварушыцца, ні адгукнуцца, таму што куля трапіла ў грудзі і не пакінула шанцаў неяк абазначыць сябе. Але, мабыць, было наканавана жыць. Выратаваў сабака: ён мяне знайшоў і паклікаў на дапамогу. А кулю ў грудзях я нашу да гэтага часу, яе так і не змаглі дастаць. Напэўна, таму праз столькі гадоў рана ўсё яшчэ баліць і ные. Вайна ні для каго не праходзіць бясследна».
З-за шматлікіх раненняў у 1989 годзе Івану Васілевічу Фурсу была назначана 3-я група інваліднасці, цяпер ён з’яўляецца інвалідам 2-й групы. Але, нягледзячы на гэта, на свой пачцівы ўзрост, ён вельмі прыемны, жыццярадасны дзядуля, які заўсёды рады гасцям і не супраць падзяліцца перажытым.

5 СНЕЖНЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ БЕЛАРУСКАГА РЭСПУБЛІКАНСКАГА ЎНІТАРНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА “БЕЛДЗЯРЖСТРАХ” АДЗНАЧАЮЦЬ ПРАФЕСІЙНАЕ СВЯТА
Ала Іванаўна СУБАЧ – страхавы агент Івянецкага ўчастка – прызнана лепшай у прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Валожынскім раёне па выніках года. Па адукацыі яна бухгалтар. Да таго, як лёс звёў са страхавой арганізацыяй, працавала ў калгасе “Рассвет” (зараз КСУП “Сівіца”). Спачатку займала пасаду эканаміста па працы, затым – галоўнага эканаміста. Пасля нараджэння дзяцей перайшла ў бухгалтары.
17 гадоў таму прыняла рашэнне карэнным чынам памяняць прафесійную дзейнасць. Улічваючы вопыт, набыты ў гаспадарцы, ні на адну хвіліну не сумнявалася ў сваіх здольнасцях адносна працы з дакументамі, расцэнкамі, каэфіцыентамі і іншымі паняццямі, звязанымі з лічбамі. А вось пастаянны кантакт з кліентамі, якіх патрэбна адшукваць самастойна, палохаў.
Ёй, прывыклай да дакладна акрэсленых абавязкаў ва ўмовах кабінета, было цяжка прыстасавацца да распарадку, калі неабходна пастаянна кудысьці рухацца, заходзіць у дамы і кватэры, цесна кантактаваць з людзьмі. Аднак, як пісаў А. С. Пушкін: «Привычка свыше нам дана, замена счастию она», Ала Іванаўна прывыкла. Праўда, на стапрацэнтнае прымірэнне з новай работай пайшло не менш за пяць гадоў. Затое сёння адчувае сябе моцным прафесіяналам у сферы, якой аддадзена зноў жа 17 гадоў.
За гэты перыяд ёй давялося стаць выключным псіхолагам, які здольны выслухаць, па-сапраўднаму пачуць чалавека і даць таму слушную параду. У пэўнай ступені работа страхавога агента пераклікаецца і з абавязкамі сацыяльных работнікаў – хочаш не хочаш, але ўнікаеш у падрабязнасці прыватнага жыцця кліентаў, асабліва адзінокіх пажылых людзей.
На яе ўчастку каля 700 двароў у гарадскім пасёлку і навакольных вёсках, таму ў пункце продажу страхавых паслуг, што размешчаны ў будынку Івянецкага пасвыканкама, праводзіць толькі каля 40 працэнтаў рабочага часу. Прызнаецца: каб не кіравала аўтамабілем, працаваць на дадзенай пасадзе не змагла б. Актыўнай, энергічнай жанчыне добрым памочнікам стаў і веласіпед, якім актыўна карыстаецца ў летні перыяд.
Каб даць адказ на пытанне: “Што ў яе рабоце самае галоўнае?”, А. І. Субач нават не бярэ хвіліну на роздум. Яе адказ імгненны і ўпэўнены – “Прыстойнасць!” – адразу тлумачыць пра прыгожую, вельмі жаноцкую асобу і цудоўнага спецыяліста многае. Сапраўды, у страхавых агентаў маецца прафесійны кодэкс годнасці. Напрыклад, спецыяліст, які даражыць рэпутацыяй і паважае ў сябе асобу, ніколі не спакусіцца падманам кліента ці магчымасцю прывабіць людзей з чужога ўчастка.
Работа страхоўшчыка няпростая, займае шмат часу. Напружвае і безліч інфармацыі (негатыўнай у тым ліку), атрыманай ад людзей. Таму шчаслівы той прадстаўнік сферы, якому гарантавана падтрымка з боку сям’і. Ала Іванаўна лічыць, што ёй у гэтым сэнсе пашанцавала. Муж, сын і дачка добра разумеюць жонку і матулю, гатовы ў любую хвіліну аказаць роднаму чалавеку падтрымку і дапамогу. Цікава, але прафесійная дзейнасць іх у пэўнай ступені перасякаецца: Міхаіл Вітальевіч і Артур – вадзіцелі-міжнароднікі, Дзіяна – спецыяліст у сферы турызму. А Ала Іванаўна больш за ўсё на свеце любіць падарожнічаць, а ў гэтай справе без страхавання ніяк.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара

Жанна Пятроўна ПАЛЬЧЭЎСКАЯ – добра вядомы чалавек у раёне, прафесіянал у сваёй галіне з вялікай літары. Больш за два дзесяцігоддзі яна адпрацавала юрыстам ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Зараз працягвае прафесійную дзейнасць у ААТ “Адамова-агра”. Юрыспрудэнцыя стала для яе работай мары.
У дзяцінстве яна вельмі любіла чытаць дэтэктывы і ўяўляла сябе ахоўніцай закону – то міліцыянерам, то следчым. У старэйшых класах цвёрда вырашыла, што будзе працаваць на прадпрыемстве і абараняць яго правы. Нягледзячы на атэстат з адной чацвёркай, паступіць адразу на юрфак не ўдалося. Аднак адступаць – не ў яе правілах: паехала вучыцца ў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж на факультэт правазнаўства і скончыла яго з чырвоным дыпломам. Кожны раз на занятках лавіла сябе на думцы, што выбар зрабіла правільны: веды даваліся лёгка, а сама вучоба прыносіла задавальненне. Пазней яна атрымала і спецыяльную вышэйшую адукацыю.
На работу юрыстам прыехала ў родныя мясціны – у ААТ “Багданаўскае” даўно мелі патрэбу ў такім спецыялісце. Сёння Ж. П. Пальчэўская з удзячнасцю ўспамінае Вольгу Фадзееўну Стасяловіч, якая тады працавала юрыстам ва ўпраўленні райсельгасхарчу і стала для яе харошым настаўнікам у прафесійным станаўленні. А праз чатыры з паловай гады Жанна Пятроўна і ўвогуле заняла яе месца – вось такі давер быў аказаны таленавітай вучаніцы!
У раёне ў той час было 26 гаспадарак. Што больш за ўсё памятаецца – рэарганізацыя сельгаспрадпрыемстваў: далучэнне, раздзяленне, выдзяленне, пераўтварэнне, перадача інвестарам. Кваліфікаваных кадраў на вёсцы не хапала, таму даводзілася аказваць кансультацыйную юрыдычную дапамогу, пастаянна сачыць за зменамі ў кодэксе і заканадаўстве. Гэта цяпер можна зайсці ў Інтэрнэце на прававы партал і даведацца аб тым, у чым маеш патрэбу. А напрыканцы 90-х гадоў асноўнай заканадаўчай базай была друкаваная літаратура, а яе трэба было заказваць. Яшчэ адзін кірунак дзейнасці юрыста сельгасупраўлення – кадравая работа: узгадненне кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў, рэзерв кадраў, мэтавая падрыхтоўка выпускнікоў, працаўладкаванне маладых спецыялістаў.
Самым асноўным у сваёй паўсядзённай справе прафесіянал лічыць захаванне заканадаўства ў гаспадарчай і працоўнай дзейнасці. “Работа ў мяне цікавая і творчая – кожны дзень зносіны з людзьмі, трэба прымяніць закон у патрэбным кірунку, – кажа Жанна Пятроўна. – Працаваць падабалася і падабаецца – люблю аднаўляць справядлівасць”.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Пасол Беларусі ў Японіі Руслан Есін у час наведвання прэфектуры Сага сустрэўся з кіраўніком гандлёва-прамысловай палаты горада Касіма, старшынёй вядучай рэгіянальнай прамысловай кампаніі Mori Iron Works Коічы Моры. Аб гэтым пасол расказаў карэспандэнту БЕЛТА.
Беларусь і В'етнам маюць намер павялічыць аб'ём зборкі грузавых аўтамабіляў на СП "МАЗ Азія", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС.
3 снежня ў Суднікоўскай сярэдняй школе Валожынскім раённым камітэтам грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» чарговы раз быў арганізаваны «Адкрыты дыялог» з навучэнскай моладдзю. Падлеткам, якія працавалі ў студэнцкім атрадзе «Пазітрон» і якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё студатрада, былі ўручаны граматы і падарункавыя сертыфікаты. Ціханоўскі Уладзімір Паўлавіч пазнаёміў навучэнцаў з дзейнасцю раённай арганізацыі ГА «БРСМ», распавёў аб праведзеных мерапрыемствах, падзяліўся планамі на наступны год. Гэтак жа былі ўручаны членскія білеты ГА «БРСМ» вучням 9 класа.
3 снежня ў ДУ «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Валожынскага раёна» прадастаўлены рол ап стэнды да Міжнароднага Дня інвалідаў, у рамках праекта «Вучымся кіраваць сваёй будучыняй», падрыхтаваныя старшынёй першаснай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Шчарбачэвіч Л. В.
