Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

У 2020 годзе ў вобласці мадэрнізуюць цэнтральныя раённыя і гарадскія бальніцы.

Дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана Socar паставіць у сакавіку ў Беларусь каля 250 тыс. т нафты, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.

Пятніца, 06 Сакавік 2020 15:28

Пераможцы раённага ўзроўню

Па выніках мінулага года лепшым прадпрыемствам раёна стаў калектыў ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» (дырэктар Павел Міхайлавіч Кухарэнка). Асноўнымі відамі гаспадарчай дзейнасці арганізацыі з’яўляюцца прамысловая вытворчасць пластмасавых вырабаў, работы і паслугі, якія выконваюцца рамонтнай майстэрняй і перасоўнай механізаванай калонай.

06 03 2020 35
Калі звярнуцца да лічбаў, то можна заўважыць, што найбольшую ўдзельную вагу ў аб’ёме вытворчай прамысловасці займаюць вырабы пластмасавага цэха – 82,6 працэнта, удзельная вага работ і паслуг рамонтнай майстэрні складае 7,2 працэнта, перасоўнай калоны – 10,2 працэнта. Агульны аб’ём прамысловай прадукцыі вырас у параўнанні з папярэднім перыядам на 3,8 працэнта.
У выніку гаспадарчай дзейнасці скарбонка прадпрыемства папоўнілася грашовай выручкай у памеры 13069,0 тысячы рублёў і вырасла на 9,9 працэнта. Пры гэтым чысты прыбытак склаў 60 тысячы рублёў, што і было запланавана ў бізнес-плане.
Нягледзячы на тое, што прадпрыемства стваралася як суб’ект аграпрамысловага комплексу, яго эканамічныя інтарэсы пралягаюць і ў галіне прамысловасці. Партнёрамі РАПТ з’яўляюцца такія гіганты, як ЗАТ «Атлант», ААТ «МТЗ», вытворчыя кампаніі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
Сельгасвытворцы раёна карыстаюцца паслугамі ААТ пры рамонце трактароў, камбайнаў, навясных агрэгатаў і абсталявання для жывёлагадоўчых ферм. На працягу ўсяго года нязменнай застаецца патрэба ў паслугах аддзела перавозак. Вадзіцелі займаюцца вывазам арганічных, вапнавых і мінеральных угнаенняў, адвозам сенажу і сіласнай масы, збожжа, цукровых буракоў, будматэрыялаў.
Прадпрыемствам арганізаваны гандаль харчовымі таварамі, аказваюцца паслугі цырульні, рэнтабельнасць якіх складае 4,3 і 16,5 працэнта адпаведна. У цэлым жа рэнтабельнасць арганізацыі – 4,0 працэнта.
Праблемныя пытанні ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» – пагашэнне дэбіторскай і крэдытнай запазычанасцей, высокі знос машын і абсталявання, дэфіцыт абаротных сродкаў на мадэрнізацыю, забяспечанасць маладымі і перспектыўнымі кадрамі.

Вялікі ўплыў на культурнае жыццё раёна аказвае Ракаўскі цэнтр народнай творчасці, якім кіруе Хрысціна Лямбовіч. Па выніках мінулага года ён прызнаны лепшай установай культуры раёна.

06 03 2020 38

На базе цэнтра працуюць 11 клубных фарміраванняў, з іх 7 – для дзяцей і падлеткаў.
Пры цэнтры творчасці дзейнічаюць заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Гасцінец» і ўзорны фальклорны калектыў «Вянок», якія сталі лаўрэатамі і дыпламантамі шматлікіх фестываляў і конкурсаў раённага, абласнога і міжнароднага ўзроўняў. Адна з апошніх іх вялікіх перамог – Гран-пры XVI абласнога фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй».
Фішкай установы культуры з’яўляецца ткацтва пояса «на ніту» – Хрысціна Станіславаўна ў свой час пераняла навыкі ад старэйшага носьбіта традыцыі Марыі Стасяловіч і за майстэрства ўжо атрымала званне «Народны майстар Беларусі». У мінулым годзе яна ў складзе дэлегацыі Мінскай вобласці пабывала ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, дзе правяла майстар-клас па пляценні паясоў. Наогул жа, элемент «Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне» ў 2016 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей рэспублікі.

06 03 2020 37

Быць лідарам арганізацыі, што стаіць на варце правоў працоўных, – справа няпростая. А Віктар Станіслававіч Гідлеўскі ўзначальвае Валожынскую раённую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўжо цэлае дзесяцігоддзе і стаў лепшым работнікам, што праявіў сябе ў грамадскай дзейнасці.
Ураджэнец вёскі Манькаўшчына з дзяцінства добра знаёмы з клопатамі і перажываннямі вяскоўцаў. Бацькі былі калгаснікамі, таму і ён пасля школы аб іншым лёсе не марыў.
Скончыўшы Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, па размеркаванні малады інжынер прыбыў у родны калгас, дзе два гады займаўся працаёмкімі працэсамі. Калі запрасілі на работу ў райаграпрамтэхніку, узрадаваўся. На прадпрыемстве адпрацаваў 15 гадоў.
З 2010 года нясе адказнасць за стан прафсаюзнай работы ў сельгасарганізацыях Валожыншчыны. Віктар Станіслававіч, як ніхто, умее наладжваць стасункі з асобнымі людзьмі і з цэлымі калектывамі. Выслухаць, пачуць, дасканала вывучыць пытанне і прыкласці ўсе намаганні, каб яго вырашыць, – прафесійнае крэда прафсаюзнага лідара. Валожынцы ведаюць В. С. Гідлеўскага не толькі за годны прафесійны шлях. Гэта цудоўны чалавек, верны сябар, любячы муж, бацька і дзядуля пяцярых унукаў.

Уладзімір Уладзіміравіч Гасціловіч у юнацтве не марыў пра кар’еру ў сферы прыватнага гандлю. Ды і хто з савецкіх школьнікаў мог штосьці ведаць пра тонкасці і нюансы бізнесу? Таму юнак, які з дзяцінства захапляўся аўтамабілямі і іншымі механізмамі, накіраваўся за спецыяльнасцю ў політэхнічны інстытут, дзе паспрабаваў вывучыцца на інжынера па распрацоўцы і стварэнні рабататэхнікі.

06 03 2020 36

Тое, што абраны шлях не задавальняе, адчуў амаль адразу, але развітаўся з ВНУ толькі на трэцім курсе. Да гэтага часу за плячамі была армія, а гэта значыць, дастатковы вопыт, каб распачаць працоўную дзейнасць. Пашукаць сябе давялося працяглы адрэзак часу. Чым толькі не займаўся «рукасты» малады чалавек! Нядрэнна асвоіў сталярную справу, навучыўся рамантаваць тэхніку, пакуль не зразумеў, што пара адкрываць сваю справу.
Ідэю абмеркаваў з сябрамі дзяцінства Аляксандрам Музычэнкам і Ігарам Ражноўскім. Менавіта гэта трыа стала першым у Валожыне ўладальнікам вельмі дарагой тады навінкі – двух камп’ютараў. Маладыя людзі стварылі гульнёвы клуб, а разам з тым наладзілі студыю гуказапісу і сталі ганляваць
аўдыёкасетамі. Справа пачала прыносіць нядрэнны заробак. Затым прадпрымальнікі адкрылі гандлёвы ларок, а яшчэ пазней – магазін «Альянс». У той жа час з іх лёгкай рукі для моладзі адчыніў дзверы і бар «Лабірынт» у кінатэатры «Юнацтва». Сумесная дзейнасць даволі доўга прыносіла плён камандзе таварышаў, але кожны прыйшоў да высновы, што гатоў весці ўласны бізнес.
У самастойным «плаванні» Уладзімір Уладзіміравіч з 2005 года. Да дня, калі змог даць працу пятнаццаці землякам, ішоў паступова.
Зараз ён гаспадар самага папулярнага ў насельніцтва Валожына магазіна з гучнай назвай «Акіян». У ранейшым памяшканні наладзіў гандаль тэкстыльнымі вырабамі, на арандаваных пляцоўках адкрыў продаж мэблі і аўтазапчастак. Сёння літаральна кожны валожынец ведае: Уладзімір Гасціловіч гандляваць умее. У камандзе Уладзіміра Гасціловіча жонка Наталля і сястра Алена. Чалавек, які ўмее весці справу так, што яна застаецца «на плыве», забяспечвае работай, а значыць і зарплатай сваіх работнікаў, ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў дабрачынных акцыях. Ён ведае: міласэрнасць – справа высакародная і яшчэ нікога не разарыла. Да таго ж у яго заўсёды маецца ў запасе свежая крэатыўная ідэя наконт новага вітка прадпрымальніцкай дзейнасці. Нездарма яго прыватная арганізацыя названа лепшым суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Пятніца, 06 Сакавік 2020 15:05

Віншуем! 

Сёлетні сакавік стаў для сям’і Каласоўскіх з Валожына асабліва знакавым і ўрачыстым: сёння гаспадыні гэтага вялікага сямейства Але Казіміраўне будзе ўручана самая галоўная ўзнагарода, якую можа заслужыць жанчына, – ордэн Маці. Па праве пашаны і павагі заслугоўвае і гаспадар Віктар Казіміравіч. Самаму старэйшаму нашчадку іх роду Яну – 20 гадоў: цяпер ён служыць у арміі. Улад – навучэнец сталічнага каледжа, Дзмітрый – шасцікласнік гімназіі № 1 г. Валожына, пястушцы Надзюшцы ў красавіку будзе тры гады, а самаму малодшаму Іллюшку – 1 год 7 месяцаў. Як адзначыла шматдзетная матуля, нішто на зямлі не заменіць радасці ад зносін са сваім дзіцем…

Пятніца, 06 Сакавік 2020 15:00

Пазіцый не здаюць!

Валожынскі філіял ДП «Мінаблпаліва» ў сваім арсенале ўзнагарод мае больш за паўсотню грамат за 1-е месца па эканамічных паказчыках. І не дзіва, што працаваць тут людзі лічаць за гонар. Нават Стаўбцоўскі ўчастак, які некалькі гадоў таму быў далучаны да Валожынскага і знаходзіўся не ў лепшым стане, вырваўся ў перадавікі. Заробкі таксама не з горшых – па выніках мінулага года ў сярэднім амаль 950 рублёў.

Калектыў пад кіраўніцтвам М. І. Радыны адзінаццаць разоў перамагаў на абласным узроўні, паказваючы найлепшыя вынікі працы. Не стаў выключэннем і мінулы год: 1-е месца ў вобласці і лепшая арганізацыя паліўна-энергетычнага комплексу раёна. Некаторыя лічбы, у прыватнасці, колькасць рэалізаваных насельніцтву дроў, перавышае запланаваную больш чым у два разы і дасягае 216 працэнтаў. Дапамаглі дабіцца такога выніку кацельныя гаспадаркі воінскіх часцей – менавіта вайскоўцы ў пачатку ацяпляльнага сезона зрабілі вялікія заказы на дровы. Расце грашовая выручка і ад аказання транспартных паслуг, рэнтабельнасць вытворчасці.

На вытворчым працэсе хацелася б спыніцца асобна. Філіял адзіны ў сталічным рэгіёне, які займаецца выпускам пялетаў. Гэтыя сухія шарыкі, спрасаваныя з саломы, не залежваюцца на паліцах супермаркетаў і выкарыстоўваюцца не толькі як экалагічны від паліва, але і як напаўняльнік біятуалетаў для жывёлы. Але асноўным пакупніком пялетаў летась былі партнёры з Літвы. Еўрапейцы набылі амаль 500 тон гранул на агульную суму 36000 еўра.

А вось нашы грамадзяне пакуль што перавагу аддаюць дровам і торфабрыкету. 3500 домаўладанняў маюць патрэбу ў гэтых традыцыйных матэрыялах для печаў і грубак. Калі торф ужо ў гатовым выглядзе паступае з завода «Нёман», то дровы неабходна нарыхтаваць. Летась 2756 кубічных метраў драўніны прадаставіў лясгас, а 2456 кубічных метраў работнікі філіяла назапасілі самастойна.

Для забеспячэння патрэб насельніцтва задзейнічаны 25 адзінак тэхнікі. Машынна-трактарны парк прадпрыемства, па словах Міхаіла Ігнацьевіча, цалкам укамплектаваны і падтрымліваецца ў выдатным стане.

Фінансавая стратэгія філіяла сфарміравалася больш за 15 гадоў таму, калі кіраўніком стаў М. І. Радына. І час пацвердзіў правільнасць яго падыходу. З эканамічнай дыстанцыі зараз сходзяць многія паспяховыя ў мінулым прадпрыемствы, а Валожынскі філіял ДП «Мінаблпаліва» стабільна набірае абароты. Галоўны сакрэт – увага да кожнага працаўніка, выкарыстоўваць любую магчымасць для прыбытку, нават калі выгада не імгненная, а ў далёкай перспектыве.

Добрая рэпутацыя пра прадпрыемства склалася і ў кліентаў. Без затрымак, у любы дзень і нават у любы час сутак па першым сігнале дастаўляліся ў самыя аддаленыя вёскі дровы, брыкет. Актыўна займаюцца дзейнасцю, якая не звязаная на прамую з палівам, але не менш запатрабаваная ў сельскай мясцовасці: развозка гравію, угнаенняў, дастаўка з палёў на перапрацоўку цукровых буракоў, удзел у пасяўных і ўборачных кампаніях, нарыхтоўка кармоў.

Валожынскі філіял ДП «Мінаблпаліва» не так даўно перажыў аптымізацыю і зараз штат калектыву складаецца з 40 чалавек. Кожнаму з іх хапае клопату і ўвагі з боку кіраўніцтва прадпрыемства. Прадуманы падвоз і адвоз работнікаў да месца працы, існуе наладжаная сістэма аказання матэрыяльных дапамог, на ўсіх аб’ектах створана ўтульнасць і зручнасць для вытворчай дзейнасці і адпачынку.

Пятніца, 06 Сакавік 2020 13:09

Заўсёды побач з людзьмі

Пяць гадоў таму настаўніцы гісторыі Багданаўскай СШ Марыне Іосіфаўне ТРАЦЦЯК паступіла прапанова ўзначаліць Вішнеўскі сельвыканкам. Прыемных бонусаў, лёгкіх будняў і спакойных выхадных ёй ніхто не абяцаў. Ды і сама жанчына не была такой наіўнай, каб не ведаць, што пасада старшыні – гэта вялікая адказнасць. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», Марына Іосіфаўна рашылася на перамены ў працоўнай біяграфіі...

Больш за 33000 гектараў складае плошча Вішнеўскага сельсавета, тут налічваюцца 82 вёскі, пражываюць амаль 3000 жыхароў. Да 2013 года частка зямель гэтай адміністрацыйнай акругі належала Багданаўскаму, Падбярэзскаму і Сакаўшчынскаму сельсаветам. Але жыццё дыктуе і новыя рэаліі, і новыя падыходы ў рашэнні грамадскіх праблем. Сёння далучаныя населеныя пункты знаходзяцца пад такой жа пільнай увагай, як і «родныя». Старшыня сельвыканкама ў адказе за ўсё, што адбываецца на даручанай тэрыторыі: запіс актаў грамадскага стану і газіфікацыя, вулічнае асвятленне і ачыстка дарог ад снегу, своечасовая дастаўка пошты і прыезд аўталавак. Таму працаваць даводзіцца ў цеснай сувязі з участковымі інспекатарамі міліцыі і фельчарамі ФАПаў, педагогамі і культработнікамі, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і прадстаўнікамі малога бізнесу, супрацоўнікамі МНС і камунальнікамі. І ўсё ж першым і самым надзейным сваім памочнікам Марына Іосіфаўна лічыць выконваючую абавязкі кіраўніка спраў сельвыканкама Леаніду Міхайлаўну Маляйковіч. Дзякуючы тандэму гэтых дзвюх жанчын, у Вішнеўскім сельвыканкаме звароты грамадзян разглядаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, няспынна арганізуецца работа па добраўпарадкаванні, праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы з нядобранадзейнымі сем’ямі і жыхарамі, якія маюць схільнасць да антыграмадскіх паводзін. Марына Іосіфаўна Траццяк клапоціцца пра Вішнеўшчыну не толькі з-за абавязкаў чалавека на адказнай пасадзе. Яна – ураджэнка гэтай мясцовасці, таму моцна любіць яе і не шкадуе сіл дзеля дабрабыту бацькаўшчыны і родных людзей.

Падводзіць вынікі працы, называць імёны лепшых па прафесіі стала нашай штогадовай добрай традыцыяй. Яна падкрэслівае імкненне жыхароў раёна да мірнага стварэння на роднай зямлі. Праца аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, прафесій, поглядаў – усіх, хто ўмацоўвае эканамічны патэнцыял сваёй малой радзімы і стварае яе заўтрашні дзень.

Валожыншчына славіцца выдатнымі працоўнымі ініцыятывамі, майстрамі і спецыялістамі. З кожным годам прыгажэйшымі становяцца горад і нашы вёскі, развіваецца сацыяльная сфера. Усё гэта – заслуга кожнага чалавека, вынік агульнай штодзённай, карпатлівай працы.

Дарагія землякі! Вашы поспехі і дасягненні ствараюць нашаму рэгіёну добры аўтарытэт, дапамагаюць стабільна развівацца. Дзякуем усім за прафесіяналізм – ветэранам і тым, хто толькі пачынае рабочую біяграфію, хто дастойна працаваў раней і сёння накіроўвае сілы і здольнасці на карысць роднай зямлі!

Шчыра жадаем вам вясновага настрою, бадзёрасці і здароўя, поспехаў ва ўсіх добрых пачынаннях на карысць Беларусі і любімай Валожыншчыны!

Старшыня раённага

выканаўчага камітэта

Я. М. КРУКОВІЧ,

 

старшыня раённага

Савета дэпутатаў

П. І. БІБІК

Новую школу на 1020 месцаў ужо пабудавалі ў п. Копішча. Тут заняткі пачнуцца 1 верасня. Тут жа плануецца і будаўніцтва дзіцячага садка на 150 месцаў.

Беларусь атрымала статус дзяржавы-наглядальніка ў пагадненні аб культурных маршрутах Савета Еўропы. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла рэгіянальны прэс-сакратар Савета Еўропы Таццяна Баева.

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму на сённяшні дзень застаецца актуальнай. На тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістравана павелічэнне колькасці ДТЗ з удзелам дзяцей, так за 2 месяцы 2020 года зарэгістравана 17 дарожна–транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх, у якіх 18 дзяцей атрымалі раненні, з іх 10 - пешаходаў, 8 - пасажыраў. На тэрыторыі Валожынскага раёна дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў не адбылося.

Старонка 1118 з 1384

Задайте вопрос