Ні для каго не сакрэт, што пытанне крадзяжу з палёў сельскагаспадарчай прадукцыі актуальна ва ўсе часы. Дарэчы, для аматараў пажывіцца за кошт дзяржаўнай уласнасці, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Ці варта казаць аб тым, што купіць гародніну абыйдзецца значна танней?
Але ўсё ж фінансавыя страты нішто ў параўнанні са стратай здароўя, а то і чалавечага жыцця. Мяркуйце самі, хуткасць у камбайна немалая, механізатару, які ім кіруе, складана разглядзець чалавека ў кукурузе. Вышыня культуры перавышае чалавечы рост. А сам чалавек пачуўшы шум камбайна, часта губляецца ў зарасніках і, замест таго каб бегчы ад небяспекі, можа накіравацца прама на гук уборачнай тэхнікі і трапіць пад нажы…
У сувязі з выпадкамі гібелі старонніх на палях рэспублікі падчас уборкі кукурузы, якія мелі месца ў мінулыя гады, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь распрацавала Комплекс дадатковых мерапрыемстваў па недапушчэнні траўміравання і гібелі людзей у перыяд уборачных работ. Дадзены комплекс уключае ў сябе шэраг пунктаў. Напрыклад, з работнікамі, занятымі на жатве, праводзяць пазапланавыя інструктажы па ахове працы, вядзецца праца з насельніцтвам, накіраваная на прадухіленне крадзяжу сельскагаспадарчай прадукцыі. У Валожынскім раёне таксама арганізаваны мабільныя групы, якія праводзяць маніторынгі сельгасарганізацый. Сярод насельніцтва таксама праводзяцца інфармацыйныя і агітацыйныя гутаркі, папярэджваючыя аб тым, што староннім нельга знаходзіцца ў месцах правядзення ўборачных работ. Акрамя таго, палі падчас уборачнай абазначаюцца знакам «Небяспечная зона» і «Смяротная небяспека». Месцы магчымага доступу да такіх зон пазначаныя сігнальнай стужкай.
Але ўсё ж не будзем забываць, што самы лепшы спосаб засцерагчы сябе – гэта не правакаваць магчымасць падобных сітуацый і чуйна ўразумець, што поле падчас ўборачнай з'яўляецца зонай павышанай небяспекі. Ну і, вядома ж, не лішнім будзе падзяліцца гэтай інфармацыяй з навакольнымі. Асаблівая ўвага - пажылым людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Растлумачце, што не варта бясплатная кукуруза такіх ахвяр. Не варта забываць таксама пра прадстаўнікоў маладога пакалення, якія ў пагоні за ўдалым сэлфі ў кукурузным полі, могуць жорстка паплаціцца за гэта.


