Беларускія і расійскія школьнікі, удзельнікі праекта "Цягнік Памяці", наведалі рэканструкцыю ваенных дзеянняў на "Лініі Сталіна" і высадзілі алею з сімвалічных 78 туй у гонар 78-й гадавіны вызвалення Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як прызналіся хлопцы, гэты праект ім запомніцца назаўжды. Разам з тым зносіны школьнікаў працягнуцца, бо за час руху "Цягніка Памяці" хлопцы не проста пасябравалі, але і падрыхтавалі шмат сумесных акцый гістарычнай тэматыкі.
Вучаніца адной з маскоўскіх школ Ганна Качаткова, удзельніца праекта "Цягнік Памяці", адзначыла, што падарожжа - гэта неверагодны вопыт. "Мы пазнаёміліся з хлопцамі з братняй дзяржавы. Таксама мы атрымалі агалоску нашых ініцыятыў, таму што ў "Цягніку Памяці" едуць дзеці, якія цікавяцца гісторыяй, і ім гэта падабаецца, у іх асобе мы знайшлі аднадумцаў для прасоўвання нашых ідэй. Літаральна ўчора прайшла абарона нашых праектаў, два з якіх ужо гатовы і ўзгоднены для выхаду на міжнародны ўзровень", - дадала яна.
Ганна Качаткова распавяла, што як у беларускіх, так і ў расiйскіх гарадах удзельнікаў "Цягніка Памяці" сустрэлі вельмі цёпла. "Значна, што менавіта ў Дзень Незалежнасці Беларусі мы знаходзімся ў сталіцы. Сёння мы паглядзелі рэканструкцыю на "Лініі Сталіна", а да гэтага наведалі такое ж мерапрыемства ў Брэсцкай крэпасці. Гэта вельмі ўражвае. Агульная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны прымушае задумацца аб нашай будучыні. Моладзь павінна рабіць усё, каб такога не паўтарылася", - сказала яна.
Вучань Маларыцкай раённай гімназіі і ўдзельнік "Цягніка Памяці" Яўген Бурда распавёў, што гэты праект падарыў усім шмат уражанняў, хлопцы знаёміліся з гісторыяй месцаў, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбываліся страшныя падзеі, якія нельга выкрасліць з памяці. Менавіта таму беларускія школьнікі ганарацца, што Днём Незалежнасці дзяржавы стала дата вызвалення Мінска ад фашыстаў.
"3 ліпеня - рэальная дата незалежнасці Беларусі, хто б што ні казаў. Менавіта ў гэты дзень сіламі брацкіх народаў Савецкага Саюза, у тым ліку і беларускага, была вызвалена сталіца нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта дазволіла цяперашняй Беларусі існаваць. Сёння мы жывем дзякуючы 3 ліпеня, дзякуючы таму, што такі дзень - Дзень вызвалення Мiнска - быў у гісторыі нашай краіны", - распавёў Яўген Бурда.
На думку школьніка, суверэнная Беларусь - гэта тое, што акружае кожнага беларуса штодня. "У нас ёсць свой сцяг, герб, гімн і культура. Мы нацыя з багатым гістарычным мінулым, якая думае пра будучыню, мы думаем пра бяспеку і робім усё магчымае для захавання міру", - падкрэсліў ён.
Праект "Цягнік Памяці" прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і Году гістарычнай памяці ў Беларусі. Патрыятычную акцыю ініцыявалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка. Цягнік 22 чэрвеня стартаваў у Брэсце і завяршыў падарожжа 3 ліпеня ў Мінску.



