Курыльныя сумесі, больш вядомыя пад агульнай назвай «спайсы» з'явіліся ў Беларусі параўнальна нядаўна: першыя пастаўкі пачаліся ў 2008 годзе. За гэты час міксы з травы і псіхатропных рэчываў поўнасцю змянілі карціну падлеткавай злачыннасці ў краіне, павялічыўшы колькасць наркаманаў і распаўсюджвальнікаў у некалькі дзесяткаў разоў.
Галоўная небяспека спайсаў - у іх уяўнай бяспецы і адноснай легальнасці. Многія падлеткі і іх бацькі не ставяцца да курэння сумесяў як да чагосці дрэннага, бо часта спайсы можна без цяжкасцяў набыць у Інтэрнеце. Задумвацца аб тым, што факт рэалізацыі ў сетцы не гаворыць аб бяспецы і законнасці спайсаў, многія беларусы проста не хочуць. Значна спакайней не думаць аб наступствах і не спрабаваць разабрацца ў тым, што ж знаходзіцца пад маляўнічай вокладкай смяротных пакуначкаў. А разбірацца трэба, перакананы медыкі і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Менавіта яны ў першую чаргу сутыкаюцца з наступствамі ўжывання спайсаў, і ім, як нікому іншаму, зразумела сённяшняя сітуацыя ў рэспубліцы.
Што ж такое спайсы?
Спайсамі называюць адмысловыя курыльныя сумесі, у склад якіх уваходзяць травы (часам яны нават бываюць лячэбнымі) і сінтэтычныя рэчывы. Іншымі словамі, сыравіну ў выглядзе цалкам бяспечнай травы апрацоўваюць моцнадзейнымі псіхатропнымі рэчывамі, якія і выклікаюць некантралюемыя рэакцыі ў тых, хто ўжывае курыльныя міксы. Ужываемыя для напылення рэчыва дрэнна вывучаны навукай, у адрозненне ад больш распаўсюджаных наркотыкаў (гераіну, какаіну і гэтак далей). Таму прадказаць іх уплыў на псіхіку вельмі складана. Але яшчэ больш складана, па словах медыкаў, лячыць падлеткаў, якія трапілі ў залежнасць ад спайсу: пакуль афіцыйная навука вывучае асаблівасці ўздзеяння аднаго віду сумесяў, на рынак ужо выходзяць іншыя наркотыкі, якія маюць новы склад.
Прыметы спажывання
- Змененыя зрэнкі (занадта вузкія ці занадта шырокія);
- Павышаная рухальная актыўнасць;
- Чырвоныя бялкі вачэй;
- Некантралюемыя перапады настрою;
- Беспадстаўныя эмоцыі (страх, эйфарыя, весялосць);
- Невыразная гаворка;
- Галюцынацыі;
- Павышаны артэрыяльны ціск, тахікардыя;
- Сухасць у роце.
Усе гэтыя прыкметы, якія лёгка могуць заўважыць навакольныя, павінны стаць падставай для турботы. Ігнараваць іх - значыць рызыкаваць жыццём і здароўем блізкіх.
Як спайс трапляе ў Беларусь?
За апошнія шэсць гадоў колькасць крымінальных спраў, звязаных з продажам і ўжываннем курыльных сумесяў вырасла ў дзясяткі разоў. Гэта звязана з тым, што Беларусь - вельмі прывабны і буйны рынак для пастаўшчыкоў і вытворцаў наркотыкаў. Той факт, што заканадаўства не змагло хутка зрэагаваць на новыя ўмовы, толькі пагоршыла сітуацыю: доўгі час частка курыльных сумесяў рэалізоўвалася легальна. Мабільнасць прадаўцоў спайсу проста ўражвае: як толькі на рынку з'яўлялася новая сумесь, і рэчывы, якія ў яе ўваходзілі, уключаліся ў спіс забароненых да рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, нелегальныя лабараторыі тут жа пачыналі прадаваць новую сумесь, якую заканадаўцы яшчэ не паспелі забараніць. Такая гонка працягвалася даволі доўга, але зараз сітуацыю ўдалося выправіць. Зрабіць гэта дапамог закон аб псіхатропных рэчывах і іх аналагах, які спрацаваў на апярэджанне. Цяпер законам забаронены нават тыя рэчывы, якія пакуль толькі пачалі хадзіць на тэрыторыі Кітая. Менавіта гэта краіна і з'яўляецца асноўным вытворцам псіхатропных рэчываў, якія распыляюцца на курыльныя сумесі. Часцей за ўсё яны трапляюць на тэрыторыю Беларусі праз Расію, але праваахоўным органам вядомы выпадкі, калі мясцовыя вытворцы атрымлівалі сыравіну і напрамую. Так адзін малады чалавек, які нядаўна атрымаў 9 гадоў турмы за вытворчасць і рэалізацыю курыльных сумесяў, атрымліваў псіхаактыўныя рэчывы па пошце - як звычайныя міжнародныя пасылкі з Кітая.
Асноўная група рызыкі
Згодна з дадзенымі медыкаў і міліцыі, асноўны кантынгент пакупнікоў і прадаўцоў спайсу сёння - гэта падлеткі і маладыя людзі ва ўзросце ад 13 да 20 гадоў. Гэта ўзроставая група найболей уразлівая: ледзь выйшаўшы з дзіцячага веку, рабяты пападаюць у залежнасць, выйсці з якой жывымі і здаровымі атрымоўваецца далёка не ўсім. Для таго каб лепш зразумець уплыў спайсу на псіхіку падлеткаў, дастаткова ўспомніць некалькі нашумелых эпізодаў.
13-гадовы прадавец спайсаў забіты сваім кліентам за спробу падсунуць замест курыльнай сумесі звычайны тытунь.
Мінскі падлетак памёр ад нажавога ранення, нанесенага 19-гадовым беспрацоўным, які знаходзіўся ў стане «выхаду» - дзеянне наркотыку заканчвалася, а атрымаць новую дозу яму не ўдалося. Расследаванне гэтай справы працягваецца, але ўжо сёння праваахоўнікі не сумняваюцца, што падлетак сапраўды быў прадаўцом спайсу.
15-гадовая дзяўчынка з Гомельскай вобласці, знаходзячыся пад уздзеяннем курыльных сумесяў, вырвала ў прыступе панікі сядзенне аўтамабіля ў той момант, калі западозрыўшы нядобрае бацька вёз яе ў клініку.
На прыступках мінскага каледжа ўпаў без прытомнасці 16-гадовы падлетак, які вырашыў перад заняткамі пакурыць спайс. Хлопчыка ад смерці выратавалі медыкі, якія своечасова прыбылі на месца.
Студэнт сталічнай ВНУ сам звярнуўся па дапамогу, калі зразумеў, што парушэнні ў псіхіцы набываюць незваротны характар. Па словах маладога чалавека, ён курыў спайс на працягу некалькіх гадоў, пачаў яшчэ школьнікам. Спачатку сумесь давала яму пачуццё эйфарыі і дапамагала паскараць мазгавую актыўнасць: усе іспыты ў ВНУ ён здаў без праблем, вучоба на першую пару таксама не дастаўляла клопатаў. Але на нейкім этапе ён стаў заўважаць, што паступова думкі з галавы зніклі. У ёй утварыўся «вакуум»,у якім гадзінамі магла круціцца любая выпадкова пачутая фраза. На момант звароту да медыкаў юнак з цяжкасцю мог чытаць па складах.
Жыхар Мінска пасля ўжывання курыльных сумесяў успароў сабе жывот і, не адчуваючы болю, бегаў па двары дома з кішкамі.
Дзень нараджэння маладой мінчанкі скончыўся трагедыяй: пасля курэння спайса адзін з гасцей уваткнуў ёй нож у жывот. Пасля таго, як дзеянне наркотыку скончылася, падазраваемы не мог успомніць не толькі прычыну, якая заахвоціла яго на такі ўчынак, але і сам момант учынення злачынства.
Такіх прыкладаў міліцыя можа прывесці не адну сотню: у кожным выпадку дзеянне спайсу непрадказальна.
Праблема курэння спайсаў сёння стаіць у Беларусі вельмі востра. Вырашыць яе нялёгка: для гэтага патрэбны сумесныя намаганні Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства адукацыі і радавых грамадзян краіны, якія зацікаўлены ў тым, каб моладзь Беларусі здолела захаваць здароўе нацыі, не растраціўшы яго на курэнне кітайскай атруты.



