Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Аляксандр Занімон распавёў аб апошніх зменах у правілах дарожнага руху і аб тым, каго яны закранулі.
Уступіў у сілу закон №134-З «Аб змене закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху».» Каб нашым грамадзянам было камфортна падарожнічаць у іншыя краіны, мы прадугледзелі магчымасць выдачы міжнароднага вадзіцельскага пасведчання. Трохі палегчылі жыццё ўдзельнікам дарожнага руху, якія не сябруюць з механічнай каробкай перадач: далі магчымасць кіраваць выключна з аўтаматычнай. Зьявіліся новыя катэгорыі для самаходных машын. У прыватнасці, гэта будзе закранаць інтарэсы людзей, якія кіруюць мотаўсюдыходамі», - распавёў Аляксандр Занімон.
З 27 кастрычніка ўступае ў сілу красавіцкі ўказ №145 «Аб удасканаленні арганізацыі дарожнага руху». Электрасамакаты, гіраскутэры, манаколы, сегвеі і іншая тэхніка ў дакуменце названы сродкамі персанальнай мабільнасці (СПМ). «Набалелыя пытанні ўзнікаюць з жыцця. Гадоў 5-10 таму ніхто не мог уявіць, што дарослыя дзядзечка ці цётачка будуць ехаць на самакаце па цэнтры горада з адной кропкі ў іншую. Цяпер гэта выкарыстоўваецца паўсюдна, з'явіўся пракат такіх транспартных сродкаў, таму неабходнасць унясення змен абумоўлена ў першую чаргу жыццём. Увядзенне ў практыку выкарыстання такога тэрміна, як сродак персанальнай мабільнасці (СПМ) - гэта адно з асноўных змяненняў, якое датычыцца ўдзельнікаў дарожнага руху. Варта адзначыць, што як толькі пачалі зьяўляцца гэтыя СПМ, пэўныя цяжкасьці ўзнікалі. І ў ПДР гэта было запісана, каб абмежаваць хуткасць іх перамяшчэння. Яна будзе вызначана ў 25 км/г. Гэта сусветная практыка», - адзначыў прадстаўнік ДАІ.


