З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх, а таксама навучання насельніцтва дзеянням па сігнале «Увага ўсім!» на тэрыторыі Валожынскага раёна з 27 лютага па 24 сакавіка пройдзе рэспубліканская акцыя «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», якая прымеркавана да Сусветнага дня грамадзянскай абароны.
Акцыя пройдзе ў два этапы. З 27 лютага па 10 сакавіка ратавальнікі правядуць урокі бяспекі ва ўстановах адукацыі. Малышам у гульнявой форме растлумачаць, як не дапусціць НС і як сябе паводзіць у выпадку яе ўзнікнення, пакажуць мультфільмы «Чароўная кніга МНС» і «Спецатрад 112». Старшакласнікам раскажуць аб асноўных прычынах пажараў, дзеяннях па сігнале «Увага ўсім!», а таксама нагадаюць аб захаванні правіл бяспекі ў перыяд вясновых канікул. Таксама для іх будзе праведзена квэст-гульня «Надзвычайная сітуацыя» і прадэманстраваны відэафільмы ад МНС. Завершыцца ўсё вучэбнай эвакуацыяй.
Напярэдадні вясновых канікул асаблівы акцэнт будзе зроблены на бацькоў, якім ратавальнікі падрабязна раскажуць аб надзвычайных сітуацыях з дзецьмі і прывядуць прыклады рэальных выпадкаў.
З 14 па 18 сакавіка мерапрыемствы пройдуць з жыхарамі інтэрнатаў, наведвальнікамі месцаў масавага знаходжання. Жыхароў інтэрнатаў навучаць дзеянням пры сігнале «Увага ўсім!», нагадаюць правілы паводзін пры пажары. Будзе арганізавана фотавыстава «Назаві прычыну», дзе ўдзельнікам прапануюць разгледзець фатаграфіі з месцаў рэальных пажараў, назваць прычыны таго, што адбылося і паразважаць, як можна было пазбегнуць трагедыі.
У месцах масавага знаходжання людзей будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі: выстава згарэўшых электрапрыбораў і хатняга начыння, «Небяспека ў кватэры», «Бяспечная эвакуацыя», «Правілы паводзін у натоўпе», «Эвакуацыйныя знакі», «Экстраная дапамога» і многія іншыя. У цікавай і запамінальнай форме людзям раскажуць аб асноўных правілах бяспекі, прапануюць на практыцы прадэманстраваць дзеянні ў выпадку розных НС. Усе ўдзельнікі акцыі атрымаюць яркія буклеты, брашуры, налепкі, закладкі і календары.
У дамах культуры і на адкрытых пляцоўках сельскіх населеных пунктаў пройдуць шырокамаштабныя мерапрыемствы ў фармаце «Скарбонка беспекі».


