Пашыраны продаж тавараў да новага навучальнага года пачынаецца ў сталічных універмагах з 15 ліпеня. Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» расказала начальнік аддзела развіцця гандлю і паслуг дзяржаўнага аб'яднання «Сталічны гандаль і паслугі» Анастасія Макарская.
Па словах спецыяліста, вызначана і арыентыровачны кошт аптымальнай экіпіроўкі школьнікаў у 2023 годзе. Так, зборы вучня пачатковай школы абыдуцца бацькам у суму ад 370 да 1 122 рублёў, старшакласнікаў - ад 462 да 1 392 рублёў.
Такія лічбы фарміруюцца зыходзячы з рэкамендуемага МАРГ пераліку тавараў, неабходных вучням для адукацыйнага працэсу.
— У гэты спіс уваходзяць адзенне дзелавога стылю, абутак, галантарэя, у тым ліку і заплечнік, канцылярыя і іншае школьнае прыладдзе. Трэба адзначыць, што вышэйназваныя сумы пазначаны без уліку скідак. Пакупнікі могуць зэканоміць на таварах для навучальнага года, прыйшоўшы ў сталічныя ўнівермагі ў спецыяльныя дні скідак, — расказала Анастасія Макарская.
Спецыяліст адзначыла, што, у параўнанні з мінулым годам, кошт школьнай экіпіроўкі падаражэў на 10%.
Маштабны продаж тавараў для вучняў, у тым ліку «школьныя кірмашы», у сталічных універмагах арганізуюць пачынаючы з сярэдзіны ліпеня. Будуць адчыняцца дадатковыя секцыі. Набыць неабходныя тавары можна будзе ў камфортных умовах, з наяўнасцю прымерачных кабін з кандыцыянерамі. Для зручнасці ў магазінах аформяць стойкі з указаннем канкрэтных школ, першага і другога абавязковага элемента вучнёўскага гардэроба.
— Мы прааналізавалі статыстыку, атрыманую ад сталічных устаноў адукацыі, па тым, які ў іх уведзены другі адзіны элемент школьнага адзення. І пад патрэбы па кожным раёне гэтыя элементы пастаўлены. У кагосці гэта адзенне вызначанага колеру, напрыклад, блакітная сарочка, у кагосці спадніца ці штаны чорнага колеру, хтосці ўводзіць дадаткова да эмблемы камізэльку, — патлумачыла спецыяліст.
Па інфармацыі mlyn.by


