Пра тое, якія новыя сэрвісы і паслугі распрацавала для карыстальнікаў «Белпошта», распавяла на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйнай дзейнасці РУП «Белпошта» Ірына Конанава.
Паводле слоў спецыяліста, «Белпошта» працуе над аптымізацыяй бізнес-працэсаў у рамках жорсткай канкурэнцыі, што спалучана з пастаянным пераглядам тарыфаў для таго, каб зрабіць іх максімальна даступнымі і запатрабаванымі ў фізічных і юрыдычных асоб.
«Напярэдадні свята ў нас з'явіцца новая паслуга для фізічных асоб — гэта тарыфная лінейка, якая дазваляе фізічным асобам у зручным фармаце, з добрым якасным сэрвісам і па даступнай цане атрымаць паслугу па перасылцы пасылак. Так, вы можаце запоўніць у асабістым кабінеце патрэбную інфармацыю і проста здаць пасылку ў аддзяленні, каб яна накіравалася па месцы прызначэння», — распавяла Ірына Конанава.
Яна дадала, што таксама надаецца ўвага сегменту e-kommerce для бізнесу, інтэрнэт-крам і маркетплэйсаў. «У гэтай сферы ў нас таксама ёсць некалькі сэрвісаў па інтэграцыі з платформамі. За апошні год у нас былі ўведзены тарыфныя лінейкі для e-kommerce — «эканом», «лайт», «оптыма», «стандарт», — адзначыла намесніца генеральнага дырэктара камерцыйнай дзейнасці РУП «Белпошта».
З красавіка «Белпошта» таксама ўкараніла сэрвіс электроннай авансавай сістэмы для юрыдычных асоб. «Гэта сістэма дазволіла адысці ад нашых папяровых авансавых сістэм, цяпер мы аблічбавалі гэты бізнес-працэс. Да канца года каля 70% нашых юрыдычных асоб пяройдуць на гэты сэрвіс. Больш за тое, у працэсе мы рэалізавалі досыць шмат пажаданняў нашых кліентаў, якія хацелі пашырыць функцыянал сэрвісу электроннай авансавай сістэмы. Таму стараемся не проста ўкараніць нейкі сэрвіс, але і зрабіць яго максімальна набліжаным да пажаданняў нашых карыстальнікаў. Да канца года яшчэ плануем дапрацаваць гэты сэрвіс з улікам усіх пажаданняў і заўваг нашых юрыдычных асоб», — падсумавала Ірына Конанава.


