У нашай краіне гэтай восенню зноў маштабна будуць адзначаць дзве важныя даты. 14 кастрычніка беларусы адсвяткуюць Дзень маці, які выпадае на царкоўнае свята – Пакроў Прасвятой Багародзіцы. А 21 кастрычніка мы ў другі раз будзем афіцыйна святкаваць Дзень бацькі. Дзве даты звязаны паміж сабой, таму гэтыя сем дзён назвалi бацькоўскiм тыднем і зацвердзілі раённы план мерапрыемстваў.
Да прыкладу, раённае аб'яднанне прафсаюзаў ужо з 9 кастрычніка запусціла акцыі «Павіншуем маму разам!» і «Павіншуем тату разам!». Яны праходзяць у прафсаюзных арганізацыях прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна: члены працоўных калектываў могуць бясплатна адправіць паштоўку блізкім людзям.
Раённы вузел паштовай сувязі праводзіць акцыю «Павіншуй маму поштай» (пры набыцці паштоўкі ў аддзяленнях паштовай сувязі РУП «Белпошта» можна будзе бясплатна адправіць словы падзякі і любові ў любую кропку Беларусі).
У цэлым жа праграма ўрачыстасцяў напоўнена святочнымі канцэртамі, фотавыставамі і выставамі дзіцячых малюнкаў, інфармацыйна-асветніцкімі акцыямі, круглымі сталамі на тэму шчаслівага мацярынства і адказнага бацькоўства, падтрымкі інстытута сям'і, прапаганды здаровага ладу жыцця, у тым ліку з акцэнтам на рэпрадуктыўнае здароўе. Арганізуюць кіналекторыі і бясплатныя прававыя кансультацыі. Усё гэта пройдзе з 12 па 21 кастрычніка.
13 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры адбудзецца раённае мерапрыемства, прысвечанае Дню маці «Мама... слоў даражэй няма на свеце».
20 кастрычніка ў канферэнц-зале тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва пройдзе дыялогавая пляцоўка «Партнёрства дзяржавы і сям'і ў інтарэсах пакаленняў» для сем'яў з дзецьмі, моладзі, шлюбных пар з доўгім стажам шлюбнага жыцця.
Беларускі саюз жанчын правядзе акцыю «Хай малыя растуць і радуюць», у рамках якой павіншуюць сем'і з нараджэннем дзяцей.
Непасрэдна ў Дзень маці і Дзень бацькі (14 і 21 кастрычніка) ва ўсіх храмах пройдуць малебны ў здароўе ўсіх маці і тат.


