222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
27 сакавіка 2020 г. у Першамайскім сельскім выканаўчым камітэце праводзіць з 13.30-14.30 выязны прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб, з 14.30-15.30 «прамую» тэлефонную лінію па тэлефоне кіраўнік спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Гурыновіч Уладзімір Аляксандравіч. Папярэдні запіс на прыём: з 20 па 23 сакавіка 2020г., з 8 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па тэлефоне 80177254030, 80177255572, 80177255641.
На сённяшні дзень у Мінскай вобласці вядзецца будаўніцтва басейна ў Міханавічах, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Мар'інай Горцы, таксама праектуецца басейн у Старых Дарогах і футбольнае поле са штучным пакрыццём у Маладзечне, паведамляе МЛЫН.
У Беларусі ў 2020 годзе плануецца пабудаваць 135 тыс.кв.м арэнднага жылля, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Перасоўная выстава «Жыццё ў Слове» прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Яна ахоплівае гісторыю беларускага кнігадрукавання з XVI па XXI ст. Паказаны матэрыялы, якія ў пэўнай ступені сталі сімвалам сваёй эпохі.
Паказаны такія важныя падзеі як І Суветная і ІІ Сусветная войны, у якія былі ўцягнуты дзясяткі краін свету. Трагічныя падзеі ХХ стагоддзя знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратуры як дакументальнай, так і мастацкай. Ёсць магчымасць гаварыць не толькі пра беларускую літаратуру, але і сусветную, параўнаць погляды людзей розных нацый, розных дзяржаў на адну і тую ж падзею. Што аб’ядноўвае нас у гэтым свеце, якія ў нас агульныя памкненні? Літаратура дае магчымасць адказаць на гэтыя пытанні. Мы жывём усе разам на гэтай зямлі і ад кожнага залежыць, што адбываецца навокал.
Выстава пачынаецца з Бібліі Францыска Скарыны, з першай на ўсходнеславянскіх землях друкаванай кнігі. Завяршаецца таксама Бібліяй – «кнігай кніг» – сучаснымі перакладамі Бібліі на беларускую мову.
На выставе ідзе гаворка і пра такую цікавую з’яву, характэрную для Беларусі і Літвы, як перанос праз мяжу кніг на роднай мове, калі гэта было забаронена ўрадам Расійскай імперыі напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Гэтую з’яву адлюстраваў у сваёй навэле выдатны беларускі празаік, паэт, драматург Уладзімір Караткевіч – апавяджанне «Кніганошы»
На выставе змешчаны матэрыялы, якія дазволяць пазнаёміцца з песеннай творчасцю беларускіх паэтаў.
У сувязі з пачаткам пасяўной кампаніі 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку і на тэрыторыі Валожынскага раёна, аддзелам унутраных спраў Валожынскага раённага выканаўчага камітэта арганізавана і праводзіцца мэтанакіраваная работа па прафілактыцы крадзяжоў і забеспячэнні захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на аб'ектах АПК.
10 сакавіка кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 25 школьнікаў з розных рэгіёнаў, якім споўнілася 14 гадоў. У ліку «шчасліўчыкаў» быў і прадстаўнік ад Валожыншчыны – васьмікласнік ДУА «Ракаўская сярэдняя школа» Яўген Анісовіч.
У гэтыя дні Яўген стаў сапраўднай зоркай не толькі ў сваіх родных Юржышках і школе. Яго здымак з Прэзідэнтам краіны надрукаваны на 1-й старонцы газеты «СБ: Беларусь сегодня»!
«Я спачатку нават на паверыў, што мне так пашанцавала, – шчыра прызнаўся Я. Анісовіч падчас нашай размовы. – А калі прыехаў у Палац Незалежнасці на ўрачыстасць, акрамя вялікага хвалявання ніякіх іншых пачуццяў не змог адчуць. Быў вельмі ўражаны тым, што наш Прэзідэнт – звычайны чалавек, як і ўсе. І вельмі добры. Уручаючы пашпарт, ён пажадаў нам быць патрыётамі і абараняць сваю Радзіму».
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак ад кіраўніка дзяржавы кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і салодкія пачастункі. Пасля ўрачыстай цырымоніі вучні пабывалі на экскурсіі ў залах Палаца Незалежнасці – Яўгена асабліва ўразіла люстра ў кіназале вагой 2 тоны. Наведалі спецыяльны музей, дзе выстаўлены розныя падарункі, якія Прэзідэнту Беларусі дарыді кіраўнікі іншых дзяржаў і замежных дэлегацый, вядомыя дзеячы розных сфер.
Яўген Анісовіч – гаваркі, артыстычны, таленавіты і досыць развіты падлетак: стаў лаўрэатам раённага этапу абласнога конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2019» у намінацыі «Працоўная дзейнасць». Без яго не абыходзіцца ні адно школьнае мерапрыемства, ён – актыўны кавэзэншчык, удзельнік гуртка народнай творчасці «Жаронцы», што створаны пры Ракаўскім цэнтры народнай творчасці. А вось у будучым марыць стаць ветэрынарным урачом і працаваць у сельскай гаспадарцы, бо любіць жывёлу і хоча ёй дапамагаць.
«Пасля сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам я прыйшоў да высновы, што трэба быць упэўненым у сваіх мэтах – выбраць дарогу і ісці па ёй», – адзначыў Яўген.
Уручэнне 23 лепшым школьнікам сталічнай вобласці пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь прайшло ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Валожыншчыну прадстаўляла вучаніца 8 класа Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Кацярына Скрундзь. Яна атрымала дыплом 3-й ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Упрыгожым Беларусь кветкамі» ў намінацыі «Кветкі Перамогі», з’яўляецца членам зборнай каманды дзяўчат па баскетболе, футболе, якая заняла 2-е месца ў раённых спаборніцтвах. Самы галоўны ў жыцці дакумент і кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» маладзёжны лідар атрымала з рук старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына.
На мерапрыемстве губернатар Міншчыны цёпла і шчыра павіншаваў вучняў з Днём Канстытуцыі і адзначыў, што ў лёсе кожнага чалавека ёсць падзеі, якія застаюцца ў яго памяці назаўсёды. «Атрымліваючы пашпарт, вы робіце першы сур’ёзны крок у дарослае, свядомае жыццё, – падкрэсліў А. Турчын. – Месца гэтай урачыстай цырымоніі выбрана невыпадкова. Зусім хутка Беларусь шырока адзначыць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Хочацца, каб вы з юных гадоў адчувалі жывую сувязь з пакаленнем пераможцаў, подзвігі і тварэнні якіх дазваляюць сёння Міншчыне быць мацнейшым эканамічным цэнтрам Беларусі. Мы трывала ўтрымліваем лідзіруючыя пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе. Дынамічна развіваецца эканоміка і сацыяльная сфера. Аб гэтым неабходна памятаць і імкнуцца ўнесці свой уклад у агульную справу».
У той дзень юныя грамадзяне Беларусі атрымалі магчымасць наведаць з экскурсіяй Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У ім – 11 вялікіх залаў і больш за 8 тысяч экспанатаў, сярод якіх сапраўдныя баявыя машыны, самалёты і нават грузавы вагон нямецкага эшалона. Храналагічная экспазіцыя ахоплівае больш за 30 гадоў гісторыі – з пачатку 1920-х да канца 1950-х гадоў мінулага стагоддзя. Але галоўны акцэнт – беларусы ў Вялікай Айчыннай вайне і іх неацэнны ўклад у Перамогу, якая ёсць не ў кожнага народа.
Той дзень стаў асабліва хвалюючым і ўрачыстым для 19 хлопцаў і дзяўчат са школ раёна: яны ўжо дасягнулі значных для свайго ўзросту поспехаў у вучобе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай, спартыўнай, культурнай дзейнасці, спрабуюць свае сілы на алімпіядах, у творчых конкурсах, спаборніцтвах. Таму і былі вылучаны ў якасці лепшых маладых прадстаўнікоў Валожыншчыны для сапраўды гістарычнага ў іх жыцці моманту: урачыстага ўручэння пашпарта – галоўнага дакумента для кожнага грамадзяніна Беларусі.
З дзяржаўным святам, а таксама з прыемнай і вельмі важнай падзеяй школьнікаў павіншаваў старшыня райвыканкама Яўген Круковіч. «Мы ганарымся Асноўным Законам дзяржавы, які па праве стаў сімвалам і атрыбутам нашага суверэнітэту, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – Дзяржава паклапацілася, каб перад вамі былі адкрыты ўсе дзверы і ўсе дарогі. І толькі ад асабістай мэтанакіраванасці, упартасці і працавітасці залежыць, якіх вышынь вы і вашы равеснікі зможаце дасягнуць у будучым. Тут няма выпадковых людзей – сюды запрошаны тыя, хто ўмее паказваць прыклад іншым і весці за сабой. Цяпер ваша чарга развіваць, праслаўляць і абараняць Беларусь».
Таксама рабяты пачулі словы віншавання ад начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Вікенція Адамовіча, старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Алены Клачко, якія, карыстаючыся магчымасцю, уручылі падзякі і сувеніры актывістам маладзёжнага руху.
Сярод ганаровых гасцей быў ветэран камсамольскага руху, ветэран працы і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Маляўскі. У сваім вітальным слове ён пажадаў маладому пакаленню ганарыцца тым, што яны – беларусы. Пабываўшы ў многіх краінах, Сяргей Сяргеевіч бачыў, што беларусаў заўсёды паважалі за працавітасць і добрапрыстойнасць.
На мерапрыемстве рабяты змаглі азнаёміцца з гісторыяй стварэння пашпарта – падрабязны экскурс зрабіла дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. Таксама школьнікам быў паказаны фільм пра Валожынскі край.
Пасля ўрачыстай часткі адбыўся невялікі канцэрт, падрыхтаваны юнымі выканаўцамі і салістамі раённага Цэнтра культуры.
Такую задачу паставіў перад медыцынскім корпусам сталічнага рэгіёну намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч.
На мінулым тыдні ў кінатэатры «Юнацтва» райцэнтра падвялі вынікі работы органаў і арганізацый аховы здароўя Мінскай вобласці за 2019 год і вызначылі асноўныя кірункі дзейнасці на 2020-ы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Наталля Жукава, кіраўніцтва Мінаблвыканкама, галоўныя ўрачы раённых бальніц, старшыня райвыканкама Яўген Круковіч.
У фае кінатэатра была прадстаўлена фотазона Валожынскай ЦРБ, каля якой можна было атрымаць звесткі адносна свайго індэкса масы цела, дазнацца пра магчымасці яго карэкцыі, прычым анлайн, на сайце праз qr-код. Памочнік урача прапаноўвала даведацца пра ўзровень артэрыяльнага і ўнутрывочнага ціску і інш. Таксама работнікі райбальніцы аформілі стэнд пра гісторыю медыцыны раёна, ветэранаў працы і Вялікай Айчыннай вайны. Спецыялісты РЦГіЭ пазнаёмілі з рэалізацыяй праекта «Валожын – здаровы горад».
Плянарнае пасяджэнне адкрыла начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Наталля Баярская (на здымку), якая дэталёва прааналізавала работу медыцынскіх устаноў у 2019 годзе. Як зазначыла Наталля Іларыёнаўна, Мінская вобласць – адна з самых вялікіх па колькасці насельніцтва ў краіне, дзе сельскія жыхары складаюць 43,5 працэнта. Як і ў большасці краін Еўропы, насельніцтва старэе – у асноўным за кошт зніжэння нараджальнасці: каэфіцыент складае 10,1 праміле на тысячу насельніцтва, што пакуль яшчэ перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык.
З мэтай паляпшэння абстаноўкі рэалізуецца дзяржаўная праграма «Здароўе насельніцтва і дэмаграфічная бяспека», у рамках якой летась было выдаткавана 615 мільёнаў рублёў. Большая частка даведзеных мэтавых паказчыкаў выканана.
Разам з тым ёсць тыя, над якімі давядзецца сур’ёзна працаваць сёлета: гэта смяротнасць працаздольнага насельніцтва, дзіцячая смяротнасць, смяротнасць ад туберкулёзу, ужыванне алкаголю на душу насельніцтва і смяротнасць ад выпадковых атручванняў алкаголем. Канстатавалася, што больш памірае гарадское насельніцтва, аднымі з галоўных прычын па-ранейшаму з’яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту, новаўтварэнні, самагубствы і няшчасныя выпадкі. Зменшылася колькасць выпадкаў смерці ад анкалагічных захворванняў, па старасці, ад псіхічных расстройстваў, хвароб органаў дыхання.
Нягледзячы на імклівае развіццё інавацыйных тэхналогій практычна ва ўсіх галінах медыцыны, асноватворнымі і найбольш значнымі дасягненнямі ў кірунку аховы здароўя стала арганізацыя работы пярвічнага звяна. На канец 2019 года ў Мінскай вобласці працаваў 81 працэнт урачоў агульнай медыцынскай практыкі, 63 працэнты з якіх узаемадзейнічаюць у камандзе. Гэта дазволіла знізіць колькасць наведвання да вузкіх спецыялістаў амаль напалову, зменшылася колькасць выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі, колькасць паўторных выклікаў. Для паляпшэння даступнасці медыцынскай дапамогі жыхарам маланаселеных і аддаленых вёсак у сямі раёнах вобласці арганізавана работа перасоўных медыцынскіх комплексаў. Сёлета будуць набыты яшчэ 5 такіх комплексаў.
Для стварэння камфортнага асяроддзя пацыентам у Стаўбцоўскай раённай бальніцы на базе паліклінікі рэалізуецца пілотны праект па ўкараненні новай арганізацыйнай мадэлі «Клапатлівая паліклініка», ініцыіраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. У яго рамках была аптымізавана работа рэгістратуры, унутраная лагістыка пацыентаў, работа ўрачоў агульнай практыкі. Вынікам укаранення стала: скарачэнне часу чакання пацыентам у чарзе з 15 да 5 хвілін, са 120 да 60 хвілін зменшыўся час знаходжання пацыента ў паліклініцы, дазваніцца ў рэгістратуру цяпер можна за 3 хвіліны, а раней – за 12, час запісу на паўторны прыём скараціўся з 25 да 5 хвілін, замест вызначаных 10 хвілін да 20 павялічыўся час прыёму ўрачом пацыента, а дыспансерызацыю магчыма прайсці за 2 дні замест колішніх 12.
Разам з развіццём новых тэхналогій растуць і патрабаванні да медыцынскіх работнікаў. Павялічылася колькасць званкоў на «прамыя лініі» і ў Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Мінаблвыканкама. Большасць пытанняў тычыліся рэцэптурнага водпуску на лякарствы, медыцынскага абслугоўвання, устанаўлення групы інваліднасці. Асноўная іх частка вырашалася ў той жа дзень. У адрас людзей у белых халатах паступіла і 341 падзяка, што на 40 працэнтаў больш, чым у 2018 годзе.
Падрыхтоўка медыцынскіх работнікаў і ўкамплектаванне арганізацый аховы здароўя кваліфікаванымі спецыялістамі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце. Забяспечанасць урачамі па вобласці складае 96 працэнтаў, сярэднім медыцынскім персаналам – 98.
На пасяджэнні таксама выступіла галоўны ўрач Стаўбцоўскай раённай бальніцы Святлана Глебка, якая пазнаёміла з работай перасоўнага медыцынскага комплексу. Намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра імя Аляксандрава, дацэнт, доктар медыцынскіх навук Наталля Ефіменка расказала пра цеснае ўзаемадзеянне раённых бальніц з іх установай у кірунку змяншэння колькасці анкалагічных захворванняў. Загадчык траўматалагічна-артапедычнай службы Мінскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Лінкевіч падрабязна спыніўся на станоўчых эфектыўных зменах, якія адбыліся ў правядзенні аперацый па замене тазасцегнавага і каленнага суставаў.
Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч падзякаваў медыкам за работу, а таксама паставіў перад імі задачу зрабіць рэгіянальную сістэму аховы здароўя сталічнага рэгіёну самай лепшай у рэспубліцы. У апошнія два гады ў гэтым кірунку зроблены значны крок: з 6-га месца яна ўзнялася на 3-е за 2019 год, а Стаўбцоўская раённая бальніца і ўвогуле заняла 1-е месца ў рэспубліцы. Таму раўняцца ёсць на каго. Паспяховая работа ў першую чаргу залежыць ад галоўнага ўрача, які, як падкрэсліў Іван Станіслававіч, павінен быць «прафесарам з вялікай літары».
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Наталля Жукава адзначыла станоўчую дынаміку па цэлым шэрагу паказчыкаў і выказала спадзяванне, што яна знойдзе працяг і сёлета. У гэтым павінны дапамагчы садружнасць аднадумцаў і настроенасць на поспех, якія бачны ў штодзённай рабоце ўсіх, хто стаіць на варце аховы здароўя людзей у вобласці.
Прыемным момантам пасяджэння абласной калегіі аховы здароўя стала ўзнагароджанне медыцынскіх работнікаў Міншчыны за дасягненне высокіх вынікаў працы – заслужаных падзяк, грамат і медалёў удастоіліся 45 чалавек. У іх ліку – участковы тэрапеўт нашай райбальніцы Алена Лушчыцкая: ёй была ўручана Ганаровая грамата Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з чым шчыра яе віншуем!
Каб больш людзей ведалі і выконвалі правілы бяспекі, выратавальнікі праводзяць мерапрыемствы ў рамках акцыі «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» у месцах з масавым знаходжаннем людзей.
Работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Яны падрыхтавалі для ўдзельнікаў розныя заданні, каб кожны змог праверыць, наколькі ён валодае неабходнай інфармацыяй. Арганізатары акцыі прадэманстравалі мабільны дадатак МНС, расказалі пра яго магчымасці і гісторыю стварэння.
У гэты дзень наведвальнікі комплексу правялі час з карысцю: і ў басейне паплавалі, і на трэнажорах пазаймаліся, і веды свае ўзбагацілі. Мерапрыемства было накіравана і на дзяцей, і на дарослае насельніцтва. Ні адзін правільны адказ на пытанні не застаўся без узнагароды.
Сёння спорт мае высокую значнасць у грамадстве. Заняткам фізічнай культурай надаецца вялікая ўвага ў дзіцячых садках і школах. Сярод дарослых мода на здаровы лад жыцця трымаецца ўжо не першы год.
У фізкультурна-аздараўленчым комплексе г. Валожына прайшлі спаборніцтвы, арганізатарамі якіх сталі інструктар-метадыст па плаванні Анастасія Андрэеўна Ясіновіч і Валожынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Задача стаяла складаная – трэба было вызначыць лепшых плыўцоў раёна.
Больш за 30 хлопчыкаў і дзяўчынак змагаліся за званне чэмпіёна. Удзельнікі паказалі свае здольнасці ў некалькіх відах. Гэта і плаванне вольным стылем, кроль, кроль на спіне, плаванне спосабам брас.
Кожны змагаўся з усіх сіл, але некаторым удача ўсміхнулася больш. Былі выяўлены і відавочныя лідары. Напрыклад, Аляксандр Жэка і Максім Мацаль сталі пераможцамі ў трох відах. Арганізатары адзначылі, што прайграўшых не было. Кожны, хто прыняў удзел у спаборніцтвах, – ужо пераможца.
Плаванне вольным стылем (2006-2009 г. н.):
1-е месца – Дар’я Урбановіч (СШ № 1);
2-е месца – Анастасія Русакевіч (СШ № 1);
3-е месца – Паліна Калач (СШ № 1).
Плаванне вольным стылем (2011-2013 г. н.):
1-е месца – Антон Асіпацкі (Івянецкая СШ);
2-е месца – Паліна Ліштван (гімназія);
3-е месца – Мацвей Субач (гімназія).
Кроль:
1-е месца – Аляксандр Жэка (гімназія);
2-е месца – Арцём Сікорскі (гімназія);
3-е месца – Максім Мацаль (СШ № 1).
Кроль на спіне:
1-е месца – Арцём Сікорскі (гімназія);
2-е месца – Аляксандр Жэка (гімназія);
3-е месца – Максім Мацаль (СШ № 1).
Плаванне спосабам брас:
1-е месца – Аляксандр Жэка (гімназія);
2-е месца – Мікіта Станкевіч (СШ № 2);
3-е месца – Максім Мацаль (СШ № 1).