Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Мемарыяльны запаведнік «Вязынка» адзначае паўвекавы юбілей

29.04.2022

Роўна 50 гадоў споўнілася на пачатку красавіка пазнавальнай і маляўнічай турыстычнай славутасці Маладзечанскага раёна — мемарыяльнаму заказніку «Вязынка». Своеасабліваму помніку беларускаму паэту Янку Купалу, 140-годдзе з дня нараджэння якога грамадскасць адзначыць у гэтым годзе.

– Ніякіх спецыяльных урачыстасцей з нагоды паўвекавога юбілею ў заказніку не праводзілі, хаця людзей, якія захацелі ў гэты дзень пахадзіць сцежкамі паэта і палюбавацца на мясціны, што натхнялі яго на творчасць, было шмат, – расказвае навуковы супрацоўнік установы Ірына Трутнева. – Для тых, хто ў нас яшчэ не быў, нагадаю, што цэнтральнае месца ў «Вязынцы» займае сядзіба з хатай, у якой нарадзіўся Янка Купала, цікавасць выклікаюць і рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх, валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Янкі Купалы, крыніца, дуброва, узгорыстыя і лясістыя ваколіцы, «на сустрэчу» з якімі ў мінулым годзе прыехалі 16 тысяч чалавек.

Маладзечаншчына – калыска Янкі Купалы. У фальварку Вязынка, тады яшчэ Вілейскага павета Віленскай губерніі ён нарадзіўся. У вёсцы Яхімоўшчына, з восені 1906 года па вясну 1907, працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары ў маёнтку пана Любанскага,і «…Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль ня меў». А некалькімі гадамі раней асвойваў работу пісара ў судовага следчага ў Радашковічах. Не раз гасцяваў ён і ў вёсцы Малыя Бакшты, дзе меў сяброў, наведваўся ў Гарадок.

Аб усім гэтым будуць гаварыць, хутчэй за ўсё, і пад час урачыстасці «З адною думкаю аб шчасці Беларусі», прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння паэта, якая, са слоў Ірыны Трутневай, адбудзецца на тэрыторыі заказніка 9 ліпеня.

– Праграмы мы пакуль яшчэ не ведаем, ёй займаюцца ў сталіцы, – расказвае навуковы супрацоўнік установы, – апіраючыся на ўласны вопыт магу сказаць, што збірае гэта мерапрыемства тысячы людзей. Тыя, хто любіць Купалу, едуць да нас на ўласных аўтамабілях, аўтобусах, электрычках, мясцовыя ідуць пешшу. Нашы госці з задавальненнем удзельнічаюць у майстар-класах па ткацтве, вышыўцы, кавальстве, з задавальненнем слухаюць выступленні паэтаў, народных і прафесійных калектываў.

Філіял «Вязынка» адчыніўся для наведвальнікаў у 1948 годзе. Рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, праводзяцца тут з 1972 года. Яны бываюць розныя. Часам адзначаюцца камерна. Часам – з размахам. Многія людзі да сёння ўспамінаюць святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, калі ў Вязынку прыязджалі «Песняры», і некалькі гадзін запар выконвалі песні на словы паэта.

minsk-region.gov.by

Крыніца: minsk-region.gov.by