Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Адна з музейных галерэй у Раўбічах прапануе экспазіцыю ліпецкай мастачкі

12.05.2022

Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах раскрывае асаблівасці нашай культурнай самабытнасці. Але ўсё часцей установа становіцца пляцоўкай для міжнародных праектаў і дэманстрацыі замежнага арт-каларыту. Вось і цяпер адна з музейных галерэй прапануе экспазіцыю ліпецкай мастачкі, народнага майстра Расіі Людмілы Люрыс. На культурную дыпламатыю праз тэкстыльны аўтарскі збор паглядзела наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.

Два стагоддзі таму, калі Ліпецк быў прэстыжным курортам, у гэтым расійскім горадзе нарадзіўся цікавы промысел раманаўская цацка. У мястэчку часта гасцявалі арыстакраты, у тым ліку з сям'і Раманавых. Вонкавы выгляд заможных гасцей мясцовыя ліпецкія майстры і пераносілі ў дробную гліняную пластыку. Сувеніры ахвотна набывалі ліпецкія турысты. І сёння раманаўская цацка - брэнд і гонар Ліпецка, і працягваюць яго не толькі ў кераміцы, але і ў ткацтве, вышыўцы, у лялечным мастацтве. Менавіта ў такім тэкстыльным выглядзе раманаўскую цацку прывезла ў Беларусь Людміла Люрыс - этнамастачка, народны майстар Расіі прадэманстравала лялечныя кампазіцыі і падборку ў стылі пэчварк у Музеі беларускага народнага мастацтва.

14 тэкстыльных пано, па якіх чытаюцца асноўныя ліпецкія спосабы сшывання лапікаў: каласок, гусіныя лапкі, рашотка і зорачка, цаглінкі і павуцінка. У цэнтры экспазіцыі - самае загадкавае ("Квадрат у квадраце") і самае першае аўтарскае палатно. Гэта хрысцільная коўдра, у якую ўманціраваныя міні-коўдрачкі. Усім прамудрасцям мясцовага пэчварку Людміла Люрыс абавязана фальклорным экспедыцыям і ўрокам ад народных майстроў.

Асобная частка музейнай экспазіцыі - лялечная. Выстава - падборка цацачных кампазіцый на тэмы побытавых народных заняткаў, працоўных будняў і свят. Вось жанчыны і дзяўчаты ткуць палатно. А гэта - восеньскія клопаты: сям'я квасіць капусту і пячэ піражкі з агароднінай.

Зрэшты, лялькі ў зборы Людмілы Люрыс усе з імёнамі. Іх мастачка ўзяла ад сваіх знаёмых, сваякоў, у асноўным дзяцей, бо кожная лялька - іх правобраз. Убачыць такі "Тэкстыльны букет" ад ліпецкай госці можна ў музеі ў Раўбічах да пачатку ліпеня.

tvr.by

Крыніца: minsk-region.gov.by