Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» пройдзе 9-10 чэрвеня

01.06.2023

XXII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2023" пройдзе 9-10 чэрвеня, паведамілі ў час прэс-канферэнцыі "Папулярызацыя і захаванне нацыянальнага мастацтва, прыцягненне насельніцтва да лепшых крыніц культурнай спадчыны", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэты фестываль на працягу больш як двух дзесяцігоддзяў ставіць перад сабой задачу захавання духоўных і маральных традыцый і нацыянальнага мастацтва. Фестывальныя мерапрыемствы аб'ядноўваюць майстэрства ўжо вядомых артыстаў, паэтаў і кампазітараў, а таксама маладых талентаў. У бягучым годзе ў аснове канцэпцыі фестывалю - тэма "Год міру і стварэння", якая знойдзе адлюстраванне ў мерапрыемствах розных напрамкаў", - расказала кансультант галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Людміла Манакова.

"Ужо 9 чэрвеня ў 21.00 на сцэне летняга амфітэатра адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. Жыхары і госці горада ўбачаць гала-канцэрт у выкананні фіналістаў шоу "Фактар.by" і заслужанага калектыву "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга". Аўтарам канцэпцыі гала-канцэрта адкрыцця з'яўляецца каманда Белтэлерадыёкампаніі", - дадала Людміла Манакова.

Паводле яе слоў, галоўнай часткай творчага форуму стане нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. "У бягучым годзе другі і трэці туры рэспубліканскага этапу конкурсу пройдуць у другі дзень фестывалю, 10 чэрвеня. Упершыню будзе ажыццёўлена прамая трансляцыя выступленняў канкурсантаў на тэлеканале "Беларусь 3". У конкурсе традыцыйна прымуць удзел тры прадстаўнікі з кожнай вобласці і горада Мінска. Лепшы з канкурсантаў стане ўладальнікам гран-пры і спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна - хрустальнай гітары. У час гала-канцэрта закрыцця адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні", - заўважыла Людміла Манакова.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Алы Шахоцька, акрамя асноўных мерапрыемстваў гледачы і ўдзельнікі свята на працягу двух дзён фестывалю змогуць наведаць вялікую колькасць розных мерапрыемстваў, якія пройдуць на пляцоўках горада Маладзечна.

"У бягучым годзе на нацыянальны фестываль таксама прыедуць госці з дзевяці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, якія прывязуць свае канцэртныя праграмы і майстроў з цікавай сувенірнай прадукцыяй", - расказала Ала Шахоцька.

На цырымоніі адкрыцця выступяць 15 выканаўцаў з 25 нумарамі, а паказ будзе падзелены на шэсць тэматычных груп. Прамую трансляцыю цырымоніі адкрыцця можна будзе ўбачыць 9 чэрвеня ў 21.45 на тэлеканале "Беларусь 1". Трансляцыя другога і трэцяга тураў конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні адбудзецца 10 чэрвеня на тэлеканале "Беларусь 3" у 11.30 і 15.30 адпаведна.

"Пасля заканчэння трэцяга тура гледачы ў прамым эфіры даведаюцца, хто стаў пераможцам нацыянальнага конкурсу, а цырымонію закрыцця змогуць паглядзець на тэлеканале "Беларусь 1", - растлумачыла дырэктар Дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 3", член аргкамітэта фестывалю Наталля Марынава.

БелТА

Крыніца: minsk-region.gov.by