Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Памятную дошку Міхаілу Фінбергу адкрыюць у Маладзечне 9 чэрвеня

02.06.2023

Памятную дошку ў гонар народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга ўстановяць на будынку амфітэатра Палаца культуры Маладзечна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Аксана Бурак.

Вынікі конкурсу эскізных праектаў, аб'яўленага Маладзечанскім райвыканкамам, падведзены ў пачатку мая. Пераможцам прызнана работа скульптараў Уладзіміра Слабодчыкава і Арцёма Мядзведзева і архітэктара Віктара Каракі. Адкрыццё памятнай дошкі адбудзецца 9 чэрвеня ў час правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, заснавальнікам і ідэйным натхняльнікам якога маэстра заставаўся да апошніх дзён жыцця.

"Над памятнай дошкай працуюць ужо аўтары праекта. Міхаіл Фінберг унёс вялікі ўклад у развіццё нашага фестывалю, таму адкрыццё прымеркавалі да чарговага творчага форуму, які адбудзецца ў нашым горадзе ў чэрвені", - адзначыла Аксана Бурак.

Міхаіл Фінберг пайшоў з жыцця 11 снежня 2021 года ў 75 гадоў. З 1987 года ўзначальваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам музычны калектыў падрыхтаваў і выканаў сотні канцэртных праграм у жанрах эстраднай, джазавай і акадэмічнай музыкі з твораў беларускіх, савецкіх і замежных кампазітараў.

Акрамя будынка амфітэатра, мемарыяльную дошку Міхаілу Фінбергу ўстанавілі на доме, у якім жыў народны артыст, на вуліцы Захарава ў Мінску.

Фестываль беларускай песні і паэзіі праходзіць у Маладзечне з 1993 года, лічыцца адным з буйнейшых творчых форумаў у Беларусі. І першы, і другі дзень фестывалю насычаны вялікай колькасцю разнастайных мерапрыемстваў, якія ў тым ліку праходзяць на адкрытых пляцоўках Маладзечна - цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і кінатэатры "Радзіма".

БелТА

Крыніца: minsk-region.gov.by