Кветак у адной цяпліцы - 180 тыс.
- Калі ласка, заходзьце! - ветліва запрашае нас гаспадар, адчыняючы дзверы велізарнай цяпліцы. І праз некалькі секунд перад намі з'яўляецца рознакаляровы дыван з цюльпанаў: фіялетавыя і малінавыя, аранжавыя і жоўтыя, чырвоныя і бардовыя, белыя і ружовыя... Сапраўднае буйства фарбаў, а разам з імі і эмоцый. Здаецца, за ўвесь дзень не атрымаецца падлічыць дакладную колькасць кветак.
- 180 тыс. штук! - нібы чытае нашы думкі Павел Міхайлоўскі. - Пасля 8 Сакавіка тут не застанецца ні аднаго цюльпана.Яшчэ гадоў 10-15 таму кветкавым бізнесам займаліся пераважна фермеры на поўдні Беларусі: у Пінскім, Іванаўскім, Брэсцкім, Драгічынскім раёнах. Сёння ж цюльпанавыя плантацыі можна сустрэць у розных рэгіёнах краіны, у тым ліку і ў цэнтральным - вёсцы Рабінаўка Уздзенскага раёна. І ўсё за кошт сучасных тэхналогій, якія даюць магчымасць стварыць аптымальныя ўмовы для развіцця і росту галоўных сімвалаў жаночага свята.
- Восем гадоў таму пачынаў з невялікіх аб'ёмаў - пасадзіў 50 тыс. кветак. Затым - 100 тыс., а пасля яшчэ 80 тыс. дадаў. На дзесяці сотках расце каля 30 розных сартоў, - расказаў Павел і ўспамінае, што любоў да работы на зямлі ў яго зарадзілася ў дзяцінстве. - Нягледзячы на тое што скончыў сельгасакадэмію па спецыяльнасці "інжынер", мне заўсёды была цікава аграномія, раслінаводства. Сам я гарадскі, але кожнае лета праводзіў у бабулі ў вёсцы. Дапамагаў ёй на агародзе: палолі градкі, збіралі ўраджай агародніны, нават на рынку нешта ўмудраліся прадаваць. Ды і пасадкі той жа бульбы вылічаліся гектарамі.
Калі ж узяўся за вырошчванне цюльпанаў, актыўна вывучаў вопыт калег, якія даўно займаюцца гэтай справай. У асноўным пытанні датычыліся тэхнічнай часткі: як будаваць цяпліцу, якія выбіраць вентылятары, якую падтрымліваць тэмпературу. Пасадкай і выганкай кветак займаўся сам, так сказаць, метадам проб і памылак. Павел прызнаецца, што за гады вядзення бізнесу, як бы складана ні было, ён ні разу не пашкадаваў, што некалі выбраў кветкавую справу. Ды цяпер падтрымліваць мікраклімат у аранжарэі дапамагае аўтаматыка. Калі раней трэба было ўсё рэгуляваць уручную, то цяпер дастаткова націснуць на кнопку.
- Першым часам цяпліцу абаграваў дровамі. Бывала, начамі тут сядзеў, каб трымаць патрэбную тэмпературу. Затым заняўся мадэрнізацыяй: устанавіў газавы кацёл. Праз праграму на тэлефоне бачу ўсё, што тут адбываецца ў любы час сутак. З дому дыстанцыйна магу рэгуляваць тэмпературу: павышаць або паніжаць, калі гэта неабходна, - тлумачыць ён. - Стаіць сістэма аўтаматычнага праветрывання. Час работы ёй можна задаваць любы, і ўнутр будзе паступаць свежае паветра. Таксама выкарыстоўваю кропельны паліў.Паводле яго слоў, кветкам трэба ствараць неабходныя ўмовы, захоўваць тэхналогіі вырошчвання, нават нягледзячы на холад і снег за акном.
- Абаграваю цяпліцу з 9 студзеня. У гэтым годзе зіма выпала асабліва снежнай. Так шмат намяло на дах, што ў дзве гадзіны ночы спрацавала аўтаматыка, маўляў, у цяпліцы сур'ёзна ўпала тэмпература. Забыў пра сон! Давялося хутка выязджаць на месца і рамантаваць. Якраз да раніцы справіўся, - расказвае ён. - Калі мароз знадворку даходзіў да мінус 30 градусаў, то кацёл у цяпліцы часам нават недацягваў да патрэбнай тэмпературы. Але ў цэлым перазімавалі без вялікіх страт.На вынік можа паўплываць нават самы, здавалася б, малазначны нюанс. Напрыклад, калі тэмпература ў цяпліцы будзе ўсяго на градус ніжэй, чым належыць.
- Вільготнасць павінна быць не больш за 80 працэнтаў. У мяне ёсць спецыяльны лічыльнік, які фіксуе паказчыкі. З-за пераўвільгатнення цюльпаны могуць быць пашкоджаны хваробамі, - тлумачыць фермер. - Не менш важна сачыць за захаваннем тэмпературнага рэжыму: днём 16-17 градусаў, ноччу - 15-16. Калі цяпліца награваецца пад сонцам, трэба яе абавязкова праветрываць, каб не дапусціць усыхання бутонаў. Глядзіце: зверху чорная тканіна - гэта сонцаахоўныя шторы, з дапамогай якіх ахоўваем кветкі ад яркага святла.
Бутон яго ведае!
Кветкавы сезон у Паўла Міхайлоўскага пачынаецца ў лістападзе з высадкі цыбулін у грунт. Цяпліца ў гэты перыяд стаіць без даху да канца снежня. Пакуль на вуліцы цёпла, расліны ўкараняюцца. Затым надыходзіць рэжым спакою - цюльпаны ўпадаюць у спячку. У пачатку студзеня фермер запускае кацёл на абаграванне: пры малой тэмпературы кветкі абуджаюцца і пачынаюць ісці ў рост. Так з'яўляюцца першыя ўсходы. Да сярэдзіны зімы цяпліца набірае максімальна дапушчальную тэмпературу.
- Перадзаказы на кветкі звычайна пачынаюць паступаць яшчэ да Новага года. Асноўная рэалізацыя стартуе 1 сакавіка, калі застаецца тыдзень да свята. Цюльпаны да гэтага часу ўжо зрэзаны і чакаюць свайго зорнага часу ў халадзільнай камеры. Людзі прыязджаюць з розных рэгіёнаў. Мае букеты такія ж яркія, як жаночыя ўсмешкі, - адзначае ён і ўдакладняе, што прадаюць цюльпаны оптам па 20 штук ва ўпакоўцы. Максімальны заказ, які быў за гэтыя гады, - 15 тыс. штук. - У цяпліцы застаюцца адзінкавыя экзэмпляры, а пасля 8 Сакавіка кветкавы сезон і закрываем.Пасля свята цяпліца пусцее: зямля культывуецца, апрацоўваецца, удабраецца і адпачывае да наступнага сезона. Чаго не скажаш пра Паўла Міхайлоўскага, у якога з'яўляецца новы занятак - плантацыя клубніц і агародніны, за якімі патрэбны немалы догляд.- Наймаю работнікаў з навакольных вёсак. Зімой гэта зрабіць куды прасцей, чым летам. У вёсцы ж у кожнага свая гаспадарка, агарод. Работа заключаецца ў выкананні некалькіх задач: вырваць цюльпан з зямлі разам з цыбулінай, адрэзаць яе ад сцябла і аформіць букет. Дня хопіць, каб навучыцца ўсяму, - гаворыць ён. - Добрая кветка павінна мець не менш як 43-45 см, у ідэале - 48-50 см.
Усе адценні вясёлкі
Насычаны аранжавы "трыпл а", глыбокі чырвоны "стронг лаў", беласнежны "альбатрос", фіялетавы "пурпл лорд", бела-ружовы "б'юці трэнд"… Павел з веданнем справы знаёміць нас з сартамі, пакуль вядзе па сваёй рознакаляровай плантацыі. Яркія бутоны добра сфарміраваліся, і цяпер цяпліца нагадвае велізарнае кветкавае поле. Знакамітыя жоўтыя цюльпаны займаюць значна больш месца.- Гэта толькі ў вядомай усім песні жоўты цюльпан - сімвал разлукі. На самай жа справе гэта колер сонца, а значыць, цяпла і радасці, - усміхаецца Павел Міхайлоўскі і ўдакладняе, што з гадамі навучыўся адрозніваць запыты не толькі па сартах, але і афарбоўцы бутонаў.
- Самыя хадавыя сярод беларусаў - чырвоныя, ружовыя, белыя і, вядома ж, жоўтыя. А вось півонепадобныя ідуць слабей за звычайныя, ды і догляд іх больш сур'ёзны. У гэтым годзе вырашыў іх не высаджваць.Ёсць у Паўла і свой фаварыт - гэта цюльпан "трыпл а", пад які адведзена значная частка цяпліцы. - Кветка незвычайнай аранжавай афарбоўкі з абрыкосавым падтонам і жоўтым беражком. Суквецце нечым нагадвае тлеючы вугольчык. Вышыня сцябла можа дасягаць 60 см, а бакал - 7-8 см. У зрэзаным выглядзе кветка вельмі доўга захоўвае сваю свежасць. Вызначаецца неверагодна стойкім водарам, які хутка напаўняе сабой усю кватэру, - рэкламуе любімы сорт Павел. - Ад агульнага аб'ёму гэты від займае ў цяпліцы недзе 10 працэнтаў.
Паводле слоў нашага героя, яшчэ адзін не менш папулярны ў беларусаў сорт цюльпанаў - "стронг лаў". У вышыню ён дасягае 60-65 см. Гэта кветка выгадна вылучаецца на фоне іншых за кошт глыбокага насычанага адцення спелага граната.
- У гэтым сезоне ўпершыню закупіў цыбуліны сорту "полар беар". Узяў 10 тыс. штук. Вынікам застаўся вельмі задаволены: паглядзіце, якая прыгожая і элегантная вырасла кветка, выцягнулася да 50 см, - паказвае Павел на беласнежную цяплічную клумбу. - Дарэчы, белыя кветкі ў топе самых папулярных. Іх заказваюць да свята не менш, чым чырвоныя і жоўтыя.На развітанне Павел дорыць нам велізарны букет свежазрэзаных цюльпанаў і дае некалькі важных парад для таго, каб ён прастаяў у вазе як мага даўжэй. Першае, што неабходна зрабіць перад тым, як паставіць кветкі ў вазу, - падрэзаць сцябліны, у адваротным выпадку сасуды закупорваюцца, пазбаўляючы сцябліны магчымасці "піць". Вада павінна быць максімальна халоднай.Дарэчы, не многія ведаюць, што ў вазе цюльпаны прадаўжаюць расці. Аказваецца, у добрых умовах зрэзаныя сцябліны могуць стаць даўжэй на 3 см!
- Кветкі любяць прахалоду, таму пакідаць іх на стале ля батарэі не самае лепшае рашэнне. Любавацца букетам будзеце нядоўга, бутоны хутка раскрыюцца і асыплюцца, - адзначае Павел Міхайлоўскі. - Ваду мяняем праз дзень. На ноч іх лепш выносіць на балкон або ў халаднаваты калідор. Пры тэмпературы плюс 3-5 градусаў яны могуць і месяц прастаяць, радуючы вас сваёй прыгажосцю і водарам вясны.
- Цюльпаны ў нас у доме стаяць у вазах амаль заўсёды. У любым выпадку абавязкова віншую жонку з 8 Сакавіка і дару ёй велізарны букет. Іншых жонка не прызнае! Па колеры ў яе пераваг няма, заўсёды збіраю сам, на свой выбар. Свежыя, толькі што зрэзаныя, яны адразу ж напаўняюць дом водарам і веснавым настроем.Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Марына ВАЛАХ,
фота Таццяны МАТУСЕВІЧ.
Крыніца: minsk-region.gov.by


